Украінскія беспілотнікі атакавалі нафтабазу і казарму ў Крыме. Знішчаныя дэсантныя катары


Уначы на 10 лістапада ўкраінскія беспілотнікі зладзілі атакі на аб’екты на тэрыторыі Расеі і акупаванага ёю Крыму. Паведамляецца пра атакі на нафтабазу ў Феадосіі і казарму ў Чарнаморскім.

Украінскі дрон.
Фота: Белсат

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што дзяжурнымі сіламі СПА два ўкраінскія дроны былі перахопленыя над тэрыторыяй Крыму. Яшчэ адзін украінскі беспілотнік быў знішчаны над тэрыторыяй Тульскай вобласці.

Тым часам украінскі тэлеграм-канал «Крымский ветер» піша пра траплянне ў нафтабазу ў Феадосіі і пра «4–5 прылётаў» у Чарнаморскім. Як заяўляецца, у выніку атакі была пашкоджаная казарма памежнай заставы і, магчымы, два катары.

Атаку на нафтабазу ў Феадосіі пацвярджае і расейскі тэлеграм-канал «Baza». Як адзначаецца, два беспілотнікі былі збітыя са стралковай зброі. У выніку адзін з іх узарваўся ў паветры, а другі – пры падзенні на тэрыторыі нафтавага тэрмінала, пашкодзіўшы канструкцыю адной з мясцовых электрападстанцыяў.

ГУР Украіны пацвердзіла знішчэнне катараў

У Галоўным упраўленні выведкі Міністэрства абароны Украіны распавялі некаторыя дэталі начной спецаперацыі. Там заявілі, што былі атакаваныя малыя дэсантныя катары Чарнаморскага флоту РФ праекту 11770 (класу «Сарна»).

«На суднах быў экіпаж і была загружаная браняваная тэхніка, у прыватнасці, БТР-82», – заявілі ў ГУР Украіны.

Малы дэсантны карабель класу «Сарна» мае высокую хуткасць, можа мясціць да 45 тонаў грузу і 92 чалавекі збройнага дэсанту. РФ выкарыстоўвае іх для высадкі перадавых групаў марской пяхоты або эвакуацыі. Таксама яны выкарыстоўваліся для прыкрыцця расейскіх караблёў.

Агляд
Расейцы ціснуць пад Бахмутам і Аўдзееўкай, ЗСУ – пад Херсонам. Што вядома?
2023.11.09 17:44

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў