Расейскі прэм’ер падпісаў пастанову, якая пазбаўляе Беларусь падатковага суверэнітэту


Прэм’ер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін 10 лістапада падпісаў пастанову аб зацвярджэнні наднацыянальнага падатковага камітэту Саюзнай дзяржавы Беларусі і РФ. Пра гэта паведаміў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў падчас пасяджэння калегіяў Мінэканамразвіцця Расеі і Мінэканомікі Беларусі ў Берасці, піша ТАСС.

Сцягі Беларусі і Расеі на калегіі ў Берасці 10 лістапада 2023 года.
Фота: Министерство экономики Республики Беларусь / Telegram

Стварэнне наднацыянальнага падатковага камітэту прадугледжана падпісанай 3 кастрычніка 2022 года дамовай аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках. Дакумент ліквідуе падатковыя барʼеры ва ўзаемным гандлі, забяспечвае цэласнасць фіскальнай базы бакоў і фармуе адзіную інфармацыйную прастору падатковых органаў. Таксама ён прадугледжвае стварэнне інтэграванай сістэмы адміністравання ўскосных падаткаў, куды будзе ўносіцца інфармацыя аб аперацыях плацельнікаў ПДВ дзвюх краін.

Аналітыка
Мільярд долараў за падатковы суверэнітэт. Лукашэнка загадаў прадаць Расеі чарговы кавалак незалежнасці
2022.09.21 08:40

У каментары «Белсату» старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук адзначыў у 2022 годзе, што ўспрымае гэтую дамову як «продаж па кавалках падатковага суверэнітэту».

«Фактычна ў дачыненні гэтых падаткаў [ПДВ і акцызаў. – Заўвага рэд. Belsat.eu] значная частка падатковай свабоды, магчымасці змяняць і стаўкі, і працэдуры падаткаабкладання так, як краіна палічыць патрэбным, а гэта адна з неадʼемных характарыстык суверэнітэту ў падатковай сферы, губляецца», – заявіў эканаміст.

Тыя элементы падатковага суверэнітэту, якія застануцца ў выніку дамовы ў Беларусі, больш нагадваюць дэкарацыі.

88 % і 880 праграмаў

Тым часам намесніца міністра эканомікі Беларусі Алеся Абраменка паведаміла, што саюзныя праграмы паглыблення інтэграцыі выкананыя на 88 %. Паводле яе, цалкам выкананыя 13 праграмаў. Яшчэ 11 маюць гатовасць высокай ступені. З 993 пунктаў выкананыя 880, паведамілі ў міністэрстве.

Абраменка адзначыла, што ў 2021–2023 гадах асноўны ўпор рабіўся на фармаванне прававога поля для стварэння роўных умоваў гаспадарання, а ў 2024–2026 гадах плануецца перайсці да рэалізацыі супольных праектаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, ахове здароўя.

Гэтак, у прамысловасці плануецца выпрацаваць агульныя падыходы абароны тэхналагічнага суверэнітэту, наладзіць уласную вытворчасць у прыярытэтных кірунках, развіваць прамысловую кааперацыю. Таксама плануецца спалучыць нацыянальныя інфармацыйныя сістэмы.

Аб’ектыў
Глыбей, яшчэ глыбей: інтэграцыя Беларусі і Расеі паскараецца
2023.06.17 22:55

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў