Расейцам прыгразілі канфіскацыяй аўтамабіляў, смартфонаў і ноўтбукаў пры ўездзе ў ЕЗ


Еўракамісія на сваім сайце апублікавала тлумачэнні, што тычацца санкцыйнага рэжыму супраць Расеі. З гэтай інструкцыі вынікае, што асабістыя рэчы расейскіх грамадзянаў могуць прызнаць незаконным імпартам і сканфіскаваць: ад шампуняў да аўтамабіляў.

Аўтамабіль з расейскімі нумарамі на мяжы з Эстоніяй.
Фота: Ints Kalnins / Reuters / Forum

Санкцыі ЕЗ супраць Расеі прадугледжваюць забарону на імпарт і экспарт пэўнай прадукцыі. Еўракамісія растлумачыла, што гэта тычыцца таксама рэчаў, якія расейцы вязуць з сабою нават падчас турыстычных паездак. То бок перасячэнне мяжы на зарэгістраваным у Расеі легкавіку з асабістым смартфонам лічыцца імпартам у ЕЗ.

«Не мае значэння, ці з’яўляецца выкарыстанне транспартавых сродкаў прыватным або камерцыйным, калі яны падпадаюць пад мытны код CN 8703 і вывозяцца з Расеі. Гэта тычыцца транспартавых сродкаў з расейскімі нумарамі і зарэгістраваныя ў Расеі. Працягласць іхнага перабывання ў ЕЗ значэння таксама не мае», – гаворыцца ў тлумачэнні.

Мытным кодам 8703 абазначаюцца аўтамабілі, разлічаныя максімум на 10 пасажыраў.

Раней медыі пісалі пра выпадкі арышту ў Нямеччыне прыватных аўтамабіляў з расейскімі нумарамі. Улады спасылаліся на выкананне санкцыяў.

Юрысты звяртаюць увагу, што незаконным імпартам у ЕЗ могуць палічыць увоз любых рэчаў з санкцыйных пералікаў. А ў спісах – багата ўсяго, у тым ліку касметыка, валізы, ноўтбукі, мабільныя тэлефоны, вырабы са скуры і футра, напаўкаштоўныя і каштоўныя камяні, туалетная папера, шампуні, зубныя пасты, прычэпы і паўпрычэпы, фотакамеры. Усё гэта ў расейскіх грамадзянаў могуць сканфіскаваць.

Агляд
Эксперты BEROC: санкцыі ЕЗ непрадукцыйныя. Абмежаванні мусяць мець эфект неспадзяванкі
2023.08.28 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў