На Данбасе ў выніку расейскага абстрэлу загінулі замежныя валанцёры


Аўтамабіль гуманітарнай арганізацыі Road to Relief 9 верасня трапіў пад абстрэл каля Часава Яру, калі рухаўся са Славянску ў бок Бахмуту.

Як паведамляецца на старонцы арганізацыі ў сацсетках, у машыну прыляцеў снарад, у выніку чаго яна перакулілася і загарэлася.

У машыне знаходзіліся нямецкі валанцёр Рубен Мавік, шведскі валанцёр Ёхан Маціяс Цір, канадскі валанцёр Энтані Ігнат, а таксама іспанская валанцёрка, дырэктарка Road to Relief Эма Ігуаль.

Рубен і Ёхан атрымалі сур’ёзныя аскепкавыя раненні і апёкі, але цяпер іх стан стабільны. Энтані Ігнат і Эма Ігуаль загінулі.

Эма Ігуаль дапамагае мірным жыхарам ва Украіне.
Фота: road2relief_ua / instagram

Смерць 32-гадовай Эмы Ігуаль у выніку расейскага абстрэлу пацвердзілі ў МЗС Іспаніі, паведамляе газета «El Mundo».

Энтані Ігнат.
Фота: road2relief_ua / instagram

Гібель 58-гадовага Энтані Ігната пацвердзіла ўкраінская валанцёрская ініцыятыва «Сміливі відновлювати». Паводле арганізацыі, замежныя валанцёры трапілі пад абстрэл, калі везлі ў паселішча Іванаўскае гуманітарную дапамогу цывільнаму насельніцтву.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў