Перамовы 9 верасня ў Маскве сталі для Аляксандра Лукашэнкі адначасова піраваю перамогай і пасткаю. Пра гэта ў інтэрв’ю «Белсату» распавёў беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук.
Эканаміст нагадаў, што Лукашэнка пагадзіўся на цану за расейскі газ на ўзроўні 2021 года.
«І ў сітуацыі, калі цана газу для Еўропы – $ 700 за тысячу кубаметраў, нават са зніжкай 30 % Беларусі за год трэба было б заплаціць недзе $ 10 мільярдаў. А так яна заплоціць толькі $ 2,3 мільярда. Гэта, безумоўна, той бонус, які атрымаў Лукашэнка за падпісанне дарожных мапаў. За тое, што ён, па сутнасці, аддае вайсковую палітыку і ВПК для Расеі, бо тут уніфікацыя будзе звязаная хутчэй за ўсё з тым, што расейскія войскі будуць пачувацца ў Беларусі, як у сябе», – заявіў Яраслаў Раманчук.
Таксама, паводле Раманчука, пытанні, аднесеныя на 2022 год, макраэканоміка, падаткі, мытня ды іншыя, дэ-факта ёсць часткаю здачы эканамічнага суверэнітэту.
«Лукашэнка, мабыць, моцна рызыкуе. Ён спадзяецца, што на працягу гэтага года нешта здарыцца і можна будзе забалбатаць праблему. Безумоўна, цяпер важна было атрымаць крэдыты і добрую цану за газ. Бо без гэтага быў бы калапс беларускай эканомікі з велізарнымі сацыяльна-эканамічнымі наступствамі. Ён дасягнуў тактычных задачаў, але за кошт таго, што яшчэ больш уцягнуў сябе ў прававую пастку, з якой ні для яго, ні для Беларусі добрага выйсця няма», – мяркуе эканаміст.
Што датычыць абяцанага Расеяй крэдыту прыблізна $ 630 мільёнаў, то яны перадусім пойдуць для абслугоўвання расейскіх крэдытаў, каб Лукашэнку «яшчэ лепш адчуваць сябе», заявіў Яраслаў Раманчук:
«Гэта як яшчэ дзве – тры дозы для наркамана, які без іх не можа жыць».
Разам з тым, на думку адмыслоўца, з дапамогаю гэтых пагадненняў Пуцін перадусім плануе павялічыць расейскі ўплыў у Беларусі:
«Пры дапамозе гэтых пагадненняў ён зробіць уплыў расейскай эліты на беларускіх чыноўнікаў яшчэ большым. І праз год дзякуючы гэтаму Лукашэнка сярод свайго атачэння не знойдзе людзей, якія б былі лаяльнымі яму, а не Пуціну».
Нагадаем, што 9 верасня ў Маскве прайшлі перамовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным. Асноўныя вынікі сустрэчы:
Рашэнне ўвесці адзіную валюту пакуль адклалі, заявіў Лукашэнка.
Праграмы Саюзнай дзяржавы, якія паглыбяць інтэграцыю Беларусі і Расеі, плануюць зацвердзіць на Найвышэйшым дзяржаўным савеце Саюзнай дзяржавы, што мае сабрацца 4 лістапада 2021 года.
МГ belsat.eu