Тры гады пасля выбараў. Як змянілася Беларусь


Мінула тры гады з пачатку паслявыбарчых пратэстаў. За гэты час у краіне і навокал яе адбылося столькі падзеяў, што наступствы ад іх будуць адгукацца яшчэ праз дзесяцігоддзі. Беларусь сталася іншаю краінай, амаль адначасова страціўшы шмат з таго, што выбудоўвалася цягам гадоў. Што змянілася за гэтыя тры гады і па якой траекторыі рухаецца Беларусь цяпер? Мы сабралі асноўныя падзеі, якія за гэты час найбольш паўплывалі на яе цяперашні стан і будуць уплываць на далейшае развіццё.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя пратэсту ў Менску, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Разграмілі незалежную прэсу

Яшчэ падчас актыўнай фазы пратэстаў рэжым абвесціў вайну незалежным медыям і працаўнікам іхных рэдакцыяў. Сінія камізэлькі з надпісам «Прэса» былі не абярэгам ад затрымання, а, наадварот, своеасабліваю мішэнню. Прычым часта ў прамым сэнсе гэтага слова. Гэтак, падчас асвятлення акцыі 10 жніўня 2020 года журналістка «Нашай нівы» Наталля Лубнеўская атрымала кулявое раненне ў сцягно, калі адзін з сілавікоў стрэліў у бок журналістаў, пазначаных бэйджамі і сінімі камізэлькамі. 11 жніўня фотакарэспандэнтка «Белсату» Ірына Арахоўская таксама была параненая стрэлам, зробленым наўмысна ў яе.

Такім чынам рэжым падкрэсліваў: незалежная прэса – гэта вораг, і курс быў узяты на знішчэнне ворага. Цягам толькі 2020 года былі затрыманыя 297 журналістаў і прадстаўнікоў медыяў, 68 з іх зведалі жорсткае абыходжанне, 9 чалавек былі змешчаныя ў СІЗА паводле крымінальных справаў, частка рэпарцёраў была вымушаная з’ехаць з краіны праз рэпрэсіі. Усяго за тры гады, пачынаючы з 9 жніўня 2020 года, журналістаў затрымлівалі 589 разоў.

Ажыццяўленне ўзятага курсу на вынішчэнне незалежных медыяў пачалося яшчэ ў жніўні 2020-га, калі рашэннем Міністэрства інфармацыі былі заблакаваныя каля 70 сайтаў розных выданняў і арганізацыяў: «Белсату», «Еўрарадыё», радыё «Свабода», праваабарончага цэнтру «Вясна», «Трыбуны» і шматлікіх іншых. Былі пазбаўленыя акрэдытацыі журналісты замежных выданняў: Бі-Бі-Сі, радыё «Свабода», «Настоящего времени», ARD, «France Press», «Reuters» і «Associated Press», «Deutsche Welle», RFI.

Сапраўдную вайну незалежным медыям улады абвесцілі ўжо ў 2021 годзе. Першыя пад удар трапілі рэгіянальныя СМІ і друкаваныя выданні, пасля рэжым пераключыўся на медыі рэспубліканскага маштабу. 18 траўня рэжым дабраўся да самага папулярнага рэсурсу, які чытала каля траціны насельніцтва Беларусі, – парталу TUT.by. У рэдакцыю прыйшлі сілавікі, сайт заблакавалі, а 15 работнікаў рэдакцыі апынуліся за кратамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журналісты падчас працы на пратэстнай акцыі ў Менску, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Толькі за 2021–2022 гады 32 выданні былі прызнаныя экстрэмісцкімі, цягам 2022-га дзяржава цалкам ці часткова абмежавала доступ больш як да 3000 інтэрнэт-рэсурсаў (сюды ўваходзяць сайты незалежных медыяў, Telegram-каналы і чаты). Усяго ж колькасць недзяржаўных выданняў з пачатку пратэстаў 2020-га да чэрвеня 2023-га скарацілася з 1285 да 646, а з 45 грамадскаа-палітычных выданняў засталіся не болей за 5.

Улады крыміналізавалі не толькі незалежныя медыі, называючы іх экстрэмісцкімі, але і факт іх чытання. Сёння за знойдзеныя ў тэлефоне падпіскі на аб’яўленыя экстрэмісцкімі выданні можна з лёгкасцю адправіцца на содні, а то і на гады за краты.

Проста цяпер у турмах застаюцца 35 журналістаў, засуджаных паводле розных артыкулаў: ад прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы РБ да распальвання варожасці і разладу.

Тым часам на дзяржаўным тэлебачанні ідзе натуральнае расчалавечванне журналістыкі, якая ператварылася ў адыёзную прапаганду з заклікамі караць, вешаць і знішчаць усіх нязгодных з палітыкаю рэжыму. Гэтак, прапагандыст Грыгорый Азаронак з’яўляўся ў эфірах з выяваю вісельнай пятлі побач з фотаздымкамі апанентаў рэжыму, прапагандыст Андрэй Мукавозчык адкрыта заклікаў паказальна расстрэльваць за злівы відэа з вайсковаю расейскаю тэхнікай, а вядоўца праграмы «Наша правда» Аляксей Голікаў станоўча выказваўся пра парадкі нацысцкай акупацыі ды расстрэлы жанчын і дзяцей, а таксама параўноўваў удзельнікаў пратэстаў з жывёлінамі, апраўдваючы бесчалавечныя ўмовы, у якіх утрымліваліся палітзняволеныя за кратамі.

Краіна пад санкцыямі 

Беспрэцэдэнтны гвалт падчас здушэння пратэстаў, які ўжываў рэжым Аляксандра Лукашэнкі, вымусіў рэагаваць міжнародную супольнасць.

Усяго з 2020 года супраць рэжыму Еўразвяз прыняў 8 пакетаў санкцыяў. Адметна, што першыя тры пакеты датычылі ў першую чаргу фізічных асобаў – прадстаўнікоў рэжыму, адказных за гвалт, і толькі 7 прадпрыемстваў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя пратэсту на польска-беларускай мяжы. 8 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Найбольш балючымі для рэжыму сталіся санкцыі, звязаныя не з беларускімі праблемамі, а з пасадкаю самалёта «Ryanair» (прынятыя ў чэрвені 2021-га), мігранцкім крызісам (прынятыя ў снежні 2021-га) і суўдзелам у агрэсіі супраць Украіны (прынятыя пасля лютага 2022-га). У выніку пад санкцыямі апынуліся цэлыя сектары беларускай эканомікі, буйныя банкі і прадпрыемствы.

Нэтак, абмежаванні былі накладзеныя на гандаль нафтапрадуктамі, калійнымі ўгнаеннямі і таварамі, неабходнымі для вытворчасці тытунёвых вырабаў, пад забарону трапіў экспарт у Беларусь абсталявання, тэхналогіяў і праграмаў для маніторынгу ды перахопу тэлефонных і інтэрнэт-камунікацыяў, тавараў падвойнага прызначэння для вайсковага выкарыстання ды іншае. Беларусь таксама больш не можа экспартаваць у краіны Еўразвязу драўніну, гуму і шмат з таго, што раней прыносіла вялікія даходы ў бюджэт краіны. Увялі забарону на экспарт агнястрэльнай зброі і боезапасаў, тавараў і тэхналогіяў для авіяцыі ды касмічнай галіны.

Аналітыка
У Беларусі рэзка вырасла адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі
2023.07.01 12:32

У санкцыйных спісах апынуліся такія прадпрыемствы, як «Горадня Азот», «Беларуснафта», «Белавія», МАЗ, БелАЗ, Новая нафтавая кампанія, «Белаэранавігацыя», «Беларуськалій», Беларуская калійная кампанія, «Інтэр-табака», «Нафтан», «Белмытсэрвіс», Белтэлерадыёкампанія ды іншыя. Ад сістэмы SWIFT былі адлучаныя 4 беларускія банкі: Банк развіцця Рэспублікі Беларусь, «Банк Дабрабыт», «Белаграпрамбанк» і «Белінвестбанк».

Такім чынам, пасля ўвядзення апошняга, 8-га пакету санкцыяў (3 жніўня 2023 года) пад іх дзеяннем аказалася 233 фізічныя і 38 юрыдычных асобаў з Беларусі. Акрамя таго, свае санкцыі накладалі асобныя краіны: ЗША, Канада, Украіна, Аўстралія ды шмат якія іншыя.

Паводле міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова, абмежавальныя захады, звязаныя з санкцыямі, закранулі 25 % усёй эканомікі краіны. На думку эканаміста Дзмітрыя Крука, прыкладны чысты эфект ад накладзеных за гэтыя гады санкцыяў складае 12–13 %, ён называе гэта вельмі значнымі стратамі.

Згодна з звесткамі «Tradingeconomics», які спасылаецца на Еўрастат, імпарт з Беларусі ў краіны Еўразвязу ў 2022 годзе скараціўся больш як на 52 %, экспарт – амаль на 15 %. І ў той жа час відаць, што Беларусь сямімільнымі крокамі кіруецца ў абдымкі Расеі: за першы квартал 2023 года беларуска-расейскі таваразварот вырас больш як на 22 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а экспарт у Расею павялічыўся на 56,6 %.

Агляд
Краіны ЕЗ увялі шэсць пакетаў санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, неўзабаве будуць яшчэ два
2023.07.19 18:14

Няма авіязлучэння з Еўропай 

Раніцаю 23 траўня 2021 года самалёт кампаніі «Ryanair», які ляцеў з Афінаў у Вільню, развярнуўся ў паветры над Лідай і быў прымусова пасаджаны ў Нацыянальным аэрапорце «Менск».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Экстраная пасадка самалёта «Ryanair», якім ляцеў журналіст Раман Пратасевіч і ягоная дзяўчына Соф’я Сапега. Менск, Беларусь. 23 траўня 2021 года.
Фота: onliner.by / AFP / East News

Ужо 5 чэрвеня 2021 года Еўразвяз забараніў усім беларускім дзяржаўным авіяперавознікам палёты над яго тэрыторыяй, а 21 чэрвеня быў зацверджаны чацвёрты пакет санкцыяў,  яшчэ праз тры дні, 24 чэрвеня, Еўразвяз увёў першыя сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Беларусі.

У выніку накладзеных цягам 2021 года санкцыйных абмежаванняў нацыянальны авіяперавознік «Белавія» цалкам страціў магчымасць здзяйсняць палёты ў заходнім кірунку. Санкцыі ЗША ў дачыненні «Белавіі» прывялі да таго, што кампаніям па ўсім свеце было забаронена абслугоўваць, рамантаваць і выкарыстоўваць амерыканскія запчасткі для флоту беларускага авіяперавозніка. У звязку з гэтым з 2021 года авіяпарк кампаніі скараціўся ўдвая (з 29 самалётаў у 2021 годзе да 15 у 2022-м), а колькасць кірункаў для палётаў зменшылася з 38 да 20 (засталіся ў Расею, некалькі краінаў СНД, ААЭ, Ізраіль і Турцыю).

Аналітыка
Ці здымуць з Беларусі санкцыі пасля памілавання Пратасевіча і Сапегі?
2023.06.09 15:13

Ліквідавана большасць грамадскіх аб’яднанняў 

З ліпеня да лістапада 2021 года ў краіне былі зліквідаваныя каля 400 арганізацыяў, дзейнасць якіх назвалі дэструктыўнаю. «Пад нож» траплялі нават тыя, хто меў ужо даўнюю гісторыю працы ў краіне: Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы, Беларускі Хельсінкскі камітэт, праваабарончы цэнтр «Вясна», Інстытут Гётэ, Беларуская асацыяцыя журналістаў і шмат якія іншыя.

Згодна з інфармацыяй праваабарончай арганізацыі «Lawtrend», на канец ліпеня 2023 года страты ў грамадскім сектары Беларусі, пачынаючы з паслявыбарчага перыяду 2020 года, складаюць ужо не менш за 1372 арганізацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Магілёўскі офіс «Вясны» пасля ператрусу. Забралі налепкі, флэшкі, дыктафоны, некаторыя дакументы. 17 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Аляксандр Лукашэнка, выказваючыся наконт працы НДА, заяўляў, што ў Беларусі працуюць «каля дзвюх тысячаў НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў». Таму, калі судзіць па ліку зліквідаваных арганізацыяў на сёння, гэты працэс яшчэ далёка не скончаны. «Выражам усіх мярзотнікаў, якіх вы фінансавалі», – заявіў Лукашэнка ў лістападзе 2021 года ў інтэрв’ю журналісту Бі-Бі-Сі Стыву Роўзэнбэргу.

Ліквідаваны ўсе палітычныя партыі, якія не падтрымліваюць дзейсную ўладу

14 лютага 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон аб змене законаў у пытаннях дзейнасці палітычных партыяў ды іншых грамадскіх аб’яднанняў. Паводле якога для партыяў павялічваецца мінімальны парог сябраў – з 1000 да 5000, яны абавязаныя мець структуры ўва ўсіх вобласцях і ў сталіцы, пры гэтым дазволена фінансаваць партыі з рэспубліканскага або мясцовага бюджэтаў, але забаронена з замежных крыніцаў.

Пасля ўступлення закону ў моц партыі былі абавязаныя на працягу трох месяцаў падаць у Міністэрства юстыцыі дакументы на перарэгістрацыю. Мінюст цягам паловы года мусіць або зарэгістраваць партыю, або зліквідаваць яе.

На пачатак 2023 года ў Беларусі налічваліся 15 партыяў. Але, як прызнаўся кіраўнік беларускага Міністэрства юстыцыі Сяргей Хаменка, у выніку працэсу перарэгістрацыі «колькасць партыяў паменшыцца да трох-чатырох».

20 ліпеня Вярхоўны Суд зліквідаваў Кансерватыўна-Хрысціянскую партыю – БНФ, 27 ліпеня – партыю «Зялёныя», 31 ліпеня знікла з пераліку актуальных партыяў, размешчаных на сайце Міністэрства юстыцыі, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, пазней – Рэспубліканская партыя. У хуткім часе будуць разгледжаныя справы аб ліквідацыі Партыі БНФ (14 жніўня) і Аб’яднанай грамадзянскай партыі (15 жніўня).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Устаноўчы з’езд партыі «Белая Русь». 18 сакавіка 2023 года.
Фота: oshmiany.gov.by

Затое з’явілася новая партыя, якая з моманту ўстаноўчага з’езду 18 сакавіка 2023 года з лёгкасцю прайшла ўсе рэгістрацыйныя працэдуры і ўжо 2 траўня атрымала пасведчанне. Гэта «Белая Русь», створаная на базе аднайменнай праўладнай грамадскай арганізацыі.

На гэты момант выглядае, што ў Беларусі застаюцца Ліберальна-дэмакратычная партыя, Камуністычная партыя Беларусі, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, якія прайшлі працэдуру перарэгістрацыі, і партыя «Белая Русь», зарэгістраваная яшчэ ў траўні.

Змены ў Канстытуцыі

З вясны 2022 года Беларусь жыве паводле новай Канстытуцыі. Згодна з ёй Усебеларускі народны сход надзяляецца паўнамоцтвамі зацвярджаць асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, вайсковую дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, правам прапаноўваць змены і дадаткі ў Канстытуцыю, разглядаць пытанне легітымнасці выбараў, прымаць рашэнне аб зняцці прэзідэнта з пасады ў выпадку грубага парушэння ім Канстытуцыі.

Акрамя таго ў новай рэдакцыі зняты артыкул аб бестэрміновым прэзідэнцтве (цяпер ягоныя паўнамоцтвы абмяжоўваюцца двума тэрмінамі), для былога прэзідэнта ўводзіцца імунітэт, а для асобаў, якія нейкі час жылі за мяжою, скасавалі права балатавацца на прэзідэнцкую пасаду. Акрамя таго, з Канстытуцыі прыбралі пункты пра імкненне нашай краіны зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядраваю зонай, а таксама пра імкненне Беларусі да нейтральнага статусу.

Референдум, Конституция Республики Беларусь, голосование, изменение Конституции
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Агітацыя перад «рэферэндумам» 27 лютага 2022 года. Менск, Беларусь. 19 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Тысячы палітычных вязняў

На дзень 8 жніўня 2023 года афіцыйна прызнаныя палітычнымі вязнямі ў Беларусі 1494 асобы (паводле праваабарончага цэнтру «Вясна»). Але шмат якія праваабаронцы мяркуюць, што лік 1494 умоўны, бо вельмі часта сваякі вязняў, якія сядзяць фактычна паводле палітычных справаў, просяць не прысвойваць іхным родным такога статусу, баючыся яшчэ большага ціску ў месцах зняволення на іхных сваякоў.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, агулам з 2020 года з крымінальным пераследам за палітыку ў Беларусі сутыкнуліся не менш за 4300 чалавек.

Некаторым палітзняволеным у беларускіх турмах вынеслі прысуды большыя, чымся даюць за забойствы (Мікалаю Аўтуховічу – 25 гадоў, Дзянісу Дзікуну – 23 гады). Сярод палітычных вязняў – выбітныя беларускія палітычныя і культурніцкія дзеячы: Мікалай Статкевіч, Павел Белавус, Павел Севярынец, Уладзімір Мацкевіч, Аляксандр Фядута, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Максім Знак ды іншыя. Але, на вялікі жаль, ёсць і тыя, чыё жыццё абарвалася ў турэмных засценках (Вітольд Ашурак загінуў за кратамі 21 траўня 2021 года, Мікалай Клімовіч –7 траўня 2023 года, Алесь Пушкін, памёр у турме 11 ліпеня 2023 года).

Пры гэтым нядаўна намеснік начальніка ГУБАЗіКу Міхаіл Бедункевіч заявіў, што не збіраецца спыняць рэпрэсіяў, тлумачачы гэта тым, што «ўзмоцняцца тыя ж схаваныя ячэйкі, будзе ісці праца ў падрыве дзяржавы ссярэдзіны».

Аналітыка
Пра палітычных вязняў моваю лічбаў. Шокавыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі
2023.05.28 07:00

Беларусь падтрымала вайну супраць Украіны

24 лютага Расея выкарыстала тэрыторыю Беларусі для поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. На тэрыторыю суседняй дзяржавы паляцелі ракеты, з беларускага боку адбылося ўварванне сухаземных войскаў, скіраваных на Кіеў, а праз беларускую чыгунку перакідвалі вайсковую расейскую тэхніку. Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў назваў напад з беларускай тэрыторыі «ўдарам у спіну», бо ён быў для ўкраінскага камандавання вельмі нечаканым.

Міжнароднае заканадаўства адназначна трактуе дзеянні рэжыму Лукашэнкі як акт агрэсіі. Згодна з рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН, краіна, якая надае сваю тэрыторыю іншай дзеля здзяйснення ўзброенага нападу на трэцюю краіну, ёсць краінай-агрэсарам.

На тэрыторыі краіны з’явілася ядравая зброя

25 сакавіка 2023 года, нібыта ў адказ на рашэнне Вялікай Брытаніі паставіць снарады са збедненым уранам Украіне, Уладзімір Пуцін абвесціў, што дамовіўся з Аляксандрам Лукашэнкам пра размяшчэнне і захоўванне на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядравай зброі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міністэрства абароны РФ

6 ліпеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка пры размове з замежнымі журналістамі адзначыў, што ядравыя боегалоўкі ўжо перамешчаныя ў Беларусь.

Эксперты адзначаюць, што у выпадку выкарыстання ядравай зброі законнаю цэллю робіцца менавіта Менск:

«Калі, не дай бог, з боку Беларусі будзе выкарыстаная ядравая зброя – усё, тады краіна паўнавартасна ўступае ў вайну, і любая цэль (на тэрыторыі Беларусі), уключаючы рэзідэнцыю прэзідэнта, становіцца легітымнаю цэллю», – адзначае кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

У Беларусі размясцілі ваенныя найміты чужой краіны 

З 18 ліпеня 2023-га ў Беларусь з дазволу ўлад прыбылі 14 калонаў з байцамі ПВК Вагнэра, якія размясціліся на былой вайсковай базе каля вёскі Цэль пад Асіповічамі. Байцы прыбывалі без цяжкога ўзбраення, і, як сцвярджалася ў адным з тэлеграм-каналаў, блізкіх да ПВК Вагнэра, усяго плануюць перакінуць у Беларусь да 10 000 наймітаў. На сёння прыгожынскія тэлеграм-каналы паведамляюць пра 7000 байцоў на тэрыторыі нашай краіны (паводле іншых звестак, каля пяці тысячаў).

Нагадаем, што у ноч на 29 ліпеня 2020 года, за некалькі дзён да выбараў, у краіну таксама прыбылі  байцы ПВК Вагнэра –33 чалавекі. Усе яны былі затрыманыя, бо, як лічыла кіраўніцтва, мелі заданне дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне напярэдадні выбараў. «Спроба зарганізаваць бойню ў цэнтры Менску ўжо відавочная», – заяўляў тады Аляксандр Лукашэнка. Зараз ён пужае імі суседнія краіны расказваючы, што «вагнэраўцы хочуць схадзіць на экскурсію ў Варшаву ці ў Жэшаў». Усё гэта выклікае занепакоенасць суседзяў на захадзе, якія гавораць пра павелічэнне пагрозы з беларускай тэрыторыі ды нарошчваюць у адказ колькасць вайскоўцаў на памежжы.

Апускаецца жалезная заслона, амаль страчана палітычная суб’ектнасць

З’яўленне ядравай зброі, прыход вагнэраўцаў у Беларусь і правядзенне вучэнняў разам з імі блізу заходніх беларускіх межаў, сталыя правакацыі на мяжы з удзелам мігрантаў, залёт беларускіх верталётаў на тэрыторыю Польшчы – усе гэтыя фактары паступова падводзяць да таго, што на заходніх межах Беларусі ў хуткім часе можа апусціцца жалезная заслона.

Цягам апошняга часу адным з пытанняў, што найчасцей абмяркоўваюцца ў звязку з Беларуссю, сталася пытанне закрыцця межаў.

Беларускі верталёт, што парушыў паветраную прастору Польшчы. 1 жніўня 2023 года.
Фота: SluzbyiObywatel / Twitter

Ясныя сігналы пра гатовасць супрацьстаяць правакацыям на мяжы дасылаюць прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, якія сустрэліся ў Сувалках, каб абмеркаваць сітуацыю з бяспекаю на межах з Беларуссю ў звязку з прыбыццём вагнэраўцаў. А намеснік начальніка Генеральнага штабу ўзброеных сілаў Польшчы Марэк Сакалоўскі ідзе яшчэ далей, заяўляючы пра гатовасць пілотаў польскіх баявых верталётаў выкарыстоўваць зброю на мяжы з Беларуссю. 8 жніўня стала вядома, што Латвія на паўгода ўводзіць узмоцнены рэжым аховы на мяжы з нашаю краінаю.

Такім чынам, Беларусь паступова ператвараецца ў краіну, ад якой спрабуюць адмежавацца ўсе яе суседзі – з захаду і поўдня. Адкрытым застаецца толькі адзін кірунак – усходні, і ён жа ёсць нератам, з якога цяжка будзе выбрацца ў перспектыве не тое што некалькіх гадоў, а дзесяцігоддзяў. Усё часцей гучаць галасы замежных палітыкаў, што Беларусь страціла сваю палітычную суб’ектнасць. Гэтак, Уладзімір Зяленскі, каментуючы ўвод у нашую краіну ядравай зброі, адзначыў: «Я думаю, што гэта цалкам страта якой-кольвек суб’ектнасці прэзідэнта Беларусі. Ён, я думаю, ужо не рашае, якая зброя размешчаная на ягонай тэрыторыі».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў