Грамадзянін Пакістана, з-за якога на выходных 8-9 ліпеня быў перакрыты рух на літоўска-беларускай мяжы праз памежны пераход «Мядзінінкай – Каменны Лог», звярнуўся ў Беларусі па статус уцекача. Пра гэта заявіў начальнік дэпартаменту па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун.
Па словах Аляксея Бягуна, 38-гадовы пакістанец прайшоў кантроль на выездзе з Беларусі, маючы шэнгенскую візу, але не быў прапушчаны ў Літву. У Літве ён хацеў папрасіць прытулку, але «яму было адмоўлена ў доступе на тэрыторыю краіны за атрыманнем статуса бежанца».
Таксама Бягун заявіў, што ў мігранта «не было падстаў» на ўезд у Беларусь.
«Што заставалася беларускаму боку? З улікам таго, што ўезд і выезд павінны быць у рамках заканадаўства, а падстаў для ўезду ўжо не было, грамадзянін Пакістана вымушаны быў папрасіць у нас працэдуру доступу да статусу бежанца ці дадатковую абарону. Што і было выканана. Яго прынялі назад на тэрыторыю Беларусі, і цяпер хадайніцтва знаходзіцца ў органах унутраных спраў для разгляду ва ўстаноўленым парадку, – сказаў Аляксей Бягун.
Таксама беларускі памежны камітэт распавёў сваю версію падзеяў з пакістанцам і закрыццём пункта пропуску:
«Каля 17:30 7 ліпеня ў беларускі пункт пропуску «Каменны Лог» на рэйсавым аўтобусе «Менск-Вільня» прыбыў грамадзянін Пакістана. Для перасячэння беларускай мяжы замежнік прад’явіў сапраўдныя пашпарт і беларускую візу. Пасля афармлення мужчына накіраваўся ў Літву. Як паведаміла літоўская пагранслужба, пры афармленні ў пункце пропуску «Мядзінінкай» грамадзянін Пакістана прадʼявіў падроблены від на жыхарства ў адной з краін ЕЗ. Пасля гэтага трое супрацоўнікаў прывялі замежніка да дзяржаўнай мяжы і паспрабавалі выцесніць яго на беларускую тэрыторыю.
Мужчына адмовіўся вяртацца ў Беларусь і застаўся каля памежнага слупа на тэрыторыі Літвы. З гэтай прычыны літоўскія памежнікі спынілі рух у пункце пропуску, спасылаючыся на тое, што беларускія памежнікі нібыта адмаўляюцца прымаць замежніка. Больш за содні мужчына правёў на тэрыторыі Літвы, не жадаючы ісці ў Беларусь. Дзякуючы намаганням беларускіх пагранічнікаў грамадзянін Пакістана добраахвотна вярнуўся ў Беларусь».
Нагадаем, Літва 8 ліпеня закрыла пункт пропуску «Мядзінінкай» на мяжы з Беларуссю з увагі на мігранта, які спрабаваў трапіць у краіну з падробленымі дакументамі. Назад у Беларусь яго не пусцілі, і ён лёг на дарогу, паведамлялі «Белсату» ў літоўскай Службе аховы мяжы.
Алена Рувіна belsat.eu