«Запраўляй поўны бак, машына на забой». Як «БелАЗ» уратаваў Крыўбас


У пачатку поўнамаштабнага ўварвання, 1 сакавіка 2022 года, беларускія вялікагрузныя самазвалы заступілі шлях расtйскай арміі на шляху ў Крывы Рог. Самазваламі перакрылі ўезд у горад на Мікалаеўскай трасе. Як гэта было і колькі «БелАЗаў» спатрэбілася, каб спыніць расейскія войскі – распавядае наш калега з «Вот Так» Андрэй Якавін.

Вадзім Школьны.
Фота: «Вот Так»

«Мне патэлефанаваў начальнік мой, кажа: “Вадзік, так. Запраўляй поўны бак, машына на забой”. Я так знерваваўся, я табе кажу, кашмар», – успамінае Вадзім Школьны.

Ён – карэнны крыварожац, усё жыццё працуе на беларускіх прамысловых самазвалах. Пачынаў на 100-тонных, з пераходам на пенсію перасеў на 30-тонны. Кажа, 1 сакавіка 2022 года запомніць на ўсё жыццё. У той дзень ён ехаў ратаваць свой родны горад ад калоны расейскай арміі, якая прарывалася з боку Мікалаеўскай вобласці.

«У мяне тады аж мурашкі па скуры ішлі. Трошкі баяўся, вядома, але кіраўніцтва з намі было пастаянна, яны ззаду ішлі, а мы спераду. Колькі змаглі, мы працягнулі, колькі нам дазволілі ЗСУ. У ярку сталі. Усе хлопцы. З бакаў салярку зліць, колы спусціць, усё, хлопцы, вы вольныя, дзякуй вам. 100-тонны туды б не дайшоў. Там толькі адно выйсце, “саракачы” (40-тонныя грузавікі — рэд.) і мая малая. Да кучы сабралі ўсё. Добра, што не падпалілі», – кажа кіроўца «БелАЗу» Вадзім Школьны.

Адзін з шасці гігантаў, якія выехалі з кар’еру насустрач расейскай арміі і спынілі ўзброеную калону. Беларускі прамысловы самазвал «БелАЗ» пад нумарам 248 з украінскім сцягам.
Фота: «Вот Так»

Сем метраў у даўжыню, тры з паловай у шырыню, каля чатырох у вышыню. Важыць амаль 30 тонаў. Гэтая машына – самая малая з сямейства «БелАЗ». У наступным годзе ёй споўніцца 30 гадоў. Вадзім распавядае, што ў канцы працоўнай змены ў яго ёсць традыцыя. У той дзень, кажа, думаў, што цалуе яе ў апошні раз. Але самы маленькі «БелАЗ» выратаваў вялікі Крыўбас. Злучаныя паміж сабой самазвалы спынілі калону. Машыны заблакавалі праезд па трасе да чэрвеня 2022 года.

На гэтым фота крайні справа – «БелАЗ» Вадзіма.
Крыніца: «Вот Так»

Месца перакрыцця дарогі было абрана не выпадкова. Гэта раён вёскі Макараўка на мяжы Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай абласцей. Тут вузкі ўчастак дарогі, а вакол багністая мясцовасць. Атрымліваецца, што беларускія самазвалы і ўкраінскае балота спынілі калону расейскай тэхнікі.

З палкоўнікам Нацыянальнай гвардыі Украіны мы выехалі на месца, дзе стаялі «БелАЗы». Аляксандр Піскун – ветэран абароны Лісічанска ў 2015-м, атрымаў там раненне. У сакавіку 2022-га быў у складзе Рады абароны Крывога Рогу. Распавядае, што абаронцы горада былі дасведчаныя аб планах расейцаў. Таму захопнікі даехалі да мяжы Днепрапятроўскай вобласці, маючы значныя страты. Частка расейскай калоны ЗСУ разбілі з верталётаў у раёне Баштанкі і Новага Бугу Мікалаеўскай вобласці.

«Нашы героі-лётчыкі большую частку калоны разбамбавалі, другая частка калоны ўсё ж пайшла далей. Скажам так, галоўны дазор кацапскі дайшоў сюды. Але ўбачыўшы, што праходу няма… За нас тады было і надвор’е. Маразоў не было, было мокра, дажджы былі. Па зямлі нельга было ехаць», − кажа палкоўнік Піскун.

Палкоўнік НГУ Аляксандр Піскун.
Фота: «Вот Так»

Атакамі з паветра па калоне расейскай арміі Савет абароны Крывога Рогу выйграў час. Пакуль украінскія лётчыкі бамбавалі тэхніку, было прынята рашэнне, што заступаць шлях рэштках калоны будуць тым, з чым асацыюецца Крыўбас − гіганцкай прамысловай тэхнікай.

«БелАЗы» прастаялі на Мікалаеўскай трасе чатыры месяцы. Пяць з шасці машын былі эвакуяваныя спецтранспартам. «БелАЗ» Вадзіма выстаяў у сутычцы з расейскім войскам. Пасля ўсіх падзей ён завёўся і даехаў да роднага кар’еру.

«З шасці машын мая толькі дзяўчынка сваім ходам дайшла. Мы з начальнікам падзавіхаліся. Тры ці чатыры гадзіны мы з ёй завіхаліся. То там пабегла, то там пабегла. Зрабілі, і сваім ходам», – кажа Вадзім Школьны.

Вадзім Школьны.
Фота: «Вот Так»

Крыварожскія горна-ўзбагачальныя камбінаты – ГУКі – выкарыстоўваюць беларускія самазвалы ў якасці асноўнай вялікагрузнай тэхнікі для перавозкі руды. З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Крывы Рог разарваў больш чым паўвекавыя адносіны з беларускім горадам-пабрацімам Жодзіна, дзе выпускаюць «БелАЗы».

«На працягу больш чым 50 гадоў адным з самых ключавых партнёраў для Крывога Рога быў горад Жодзіна ў Беларусі. Але ў выніку палітыкі Лукашэнкі мы цалкам перапынілі стасункі з гэтым горадам. Сесія гарсавета разарвала партнёрскія адносіны з Жодзінам, нашы прадпрыемствы спынілі кантракты на пастаўку абсталявання з Беларусі. У выніку Беларусь страціла дзясяткі мільёнаў долараў, якія мы давалі гэтаму гораду», – каментуе наступствы вайны для беларуска-ўкраінскіх стасункаў віцэ-мэр Крывога Рогу Сяргей Мілюцін.

Фота: «Вот Так»

Старыя машыны, якія цяпер працуюць у кар’ерах, стануць «донарамі» для «БелАЗаў» больш новых. Новыя самазвалы крыварожскія ГУКі плануюць закупляць у японскіх і амерыканскіх вытворцаў вялікагрузнай тэхнікі.

Андрэй Якавін, Віктар Ляўчук / АБ, «Вот Так»

Стужка навінаў