Санслужба Беларусі знайшла парушэнні на 95 % правераных рынкаў


Санітарна-эпідэміялагічная служба Беларусі за першыя тры месяцы гэтага года выявіла парушэнні амаль на 95 % рынкаў, дзе прайшлі праверкі, паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паведамляюць, што 67 % парушэнняў выяўленыя беспасярэдне на гандлёвых аб’ектах, размешчаных на тэрыторыі рынкаў. Сярод парушэнняў ёсць наступныя:

  • рэалізацыя сыравіны і прадуктаў без маркавання або з няпоўным маркаваннем;
  • парушэнне ўмоваў захоўвання;
  • продаж прадуктаў са скончаным тэрмінам прыдатнасці; прадукты без дакументаў, якія сведчаць пра якасць і бяспеку;
  • адсутнасць ці недастатковае правядзенне вытворчага кантролю;
  • продаж прадуктаў з прыкметамі недабраякаснасці, сапсаванай садавіны, прарослай гародніны.

Таксама знойдзеныя парушэнні ў частцы няспраўнага санітарна-тэхнічнага стану абсталявання, інвентару, тары, памяшканняў. Часам адсутнічаюць умовы для захавання асабістай гігіены працаўнікамі і наведнікамі. Адсутнічаюць медычныя даведкі пра стан здароўя.

У выніку прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці 5 кіраўнікоў рынкаў, дзве юрыдычныя і 31 адказная асоба. У 11 выпадках прыпынялася ці забаранялася наданне паслуг. Забароненая рэалізацыя больш за 1,7 тоны харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў