«Людзі гарэлі жывымі». Як цяпер выглядае Чарнігаў?


Больш за 700 загінулых і 40 зніклых без вестак – гэта наступствы працяглых абстрэлаў і бамбаванняў Чарнігава расейскай арміяй. Пра гэта распавёў у інтэрвʼю DW мэр Чарнігава Уладзіслаў Атрошэнка. Фотакарэспандэнт «Белсату» наведаў памежны з Беларуссю горад.

Наступствы вайны для Чарнігава ў фотарэпартажы «Белсату».

Жылы дом, пашкоджаны ў выніку авіяўдару. 9 красавіка 2022, Чарнігаў, Украіна.
Фота: Белсат

Мэр Чарнігава ў інтэрвʼю DW распавёў, як горад перажыў актыўную фазу вайны. «Дакладную колькасць ахвяраў, мабыць, мы не высветлім ніколі, бо ёсць вялікая колькасць зніклых без вестак, і мы падазраем, што гэтыя людзі жывымі згарэлі ў месцах прымянення цяжкіх авіябомбаў. У нас ёсць выпадкі, калі муж чакаў жонку, якая павінна была выйсці з лякарні, ён патэлефанаваў ёй і сказаў, што чакае каля дзвярэй. Праз хвіліну на гэтае месца ўпала авіябомба, і гэтага чалавека нідзе не знайшлі, нават парэштак. Мужчына згарэў… Гэта значыць, вельмі высокая тэмпература гэтых авіябомбаў, у радыусе якіх за лічаныя секунды згарае ўсё, што можа згарэць. Мы бачылі гэта і на пашкоджаных аўтамабілях, дзе цалкам выгараюць усе неметалічныя часткі, а застаецца метал рудага колеру з прыкметамі вельмі высокай тэмпературы гарэння. Такіх выпадкаў у нас шмат. Акрамя таго, не ўсіх людзей выцягнулі з-пад завалаў. Таму канчатковыя звесткі будуць пазней з улікам таго, што юрыдычна смерці некаторых людзей мы не зможам даказаць ніколі. Але агульная лічба загінулых у Чарнігаве перавышае 700 чалавек», – сказаў Уладзіслаў Атрошэнка.

Паводле мясцовых уладаў, на аднаўленне гораду спатрэбіцца не менш за тры-чатыры гады.

Гатэль «Украіна», пашкоджаны ў выніку абстрэлу. 9 красавіка 2022, Чарнігаў, Украіна.
Фота: Белсат
Пашкоджаны ў выніку абстрэлаў дом. 9 красавіка 2022, Чарнігаў, Украіна.
Фота: Белсат
Жанчына паказвае сваю вопратку с плямамі крыві, у якой яна была падчас авіяналёту. 9 красавіка 2022, Чарнігаў, Украіна.
Фота: Белсат
Жанчына ў бамбасховішы. Некаторыя жыхары Чарнігава пакуль што баяцца вяртацца дадому. 9 красавіка 2022, Чарнігаў, Украіна.
Фота: Белсат
Жанчына выходзіць з падвалу, які выкарыстоўваецца як бамбасховішча. 9 красавіка 2022, Чарнігаў, Украіна.
Фота: Белсат
Жыхар дому, пашкоджанага ў выніку абстрэлу, вярнуўся агледзець сваю кватэру. 9 красавіка 2022, Чарнігаў, Украіна.
Фота: Белсат
Жыхары вёскі Навасёлкава, па якой быў нанесены авіяўдар, ідуць паміж бомбавымі варонкамі. 9 красавіка 2022, Чарнігаў, Украіна.
Фота: Белсат
Жыхар вёскі Навасёлкава, па якой быў нанесены авіяўдар, адносіць знойдзенага ката да ягонага гаспадара. 9 красавіка 2022, Чарнігаў, Украіна.
Фота: Белсат
Магілы загінулых за незалежнасць Украіны салдатаў на могілках Яцава, пашкоджаных абстрэламі. 9 красавіка 2022, Чарнігаў, Украіна.
Фота: Белсат
Дрэвы, зламаныя ад выбуху на трасе Кіеў – Чарнігаў. 8 красавіка 2022, раён вёскі Ягаднае, Чарнігаўская вобласць, Украіна.
Фота: Белсат

У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвесціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй») з мэтай «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны. 27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне паняцця «генацыд» дзеля апраўдання агрэсіі супраць Украіны. З пачатку вайны Украіну пакінулі больш за 4,5 млн асобаў.

Масавыя забойствы мірных жыхароў у прадмесцях Кіева заходнія медыі і палітыкі ўжо назвалі генацыдам. Расейскі бок афіцыйна абвяргае сваю датычнасць да забойстваў цывільнага насельніцтва.

Глядзіце таксама:

«Усё вельмі сур’ёзна». Як праходзяць падрыхтоўчыя курсы ў тэрытарыяльную абарону, на якія чарга – два тыдні

«Еду да ўнучак, якіх ніколі не бачыў». Рэпартаж з цэнтру для ўцекачоў у польскім Жэшуве

Барадзянка: яшчэ адно зруйнаванае прадмесце Кіева. Паглядзіце, як яно выглядае пасля расейскіх войскаў

Саша Альтэр belsat.eu

Стужка навінаў