NASA адсочвае астэроід, што можа сутыкнуцца з Зямлёй у Дзень закаханых у 2046 годзе


Навукоўцы выявілі новую пагрозу для Зямлі ў космасе, якая нясе даволі вялікую рызыку для нашай планеты. Пра гэта паведамляе CBS NEWS.

Астэроід, вядомы як 2023 DW, быў адкрыты 26 лютага. Яго дадалі ў спіс рызыкі Еўрапейскага касмічнага агенцтва – каталог касмічных аб’ектаў, якія патэнцыйна могуць аказаць нейкі ўплыў на Зямлю. На гэты момант астэроід займае першае месца ў спісе. Аднак гэта не азначае, што катастрафічная шкода непазбежная.

2023 DW пакуль не ўяўляе «незвычайнага ўзроўню небяспекі» і «не выклікае грамадскай увагі або грамадскай турботы». Даследнікі кажуць, што ён мае дыяметр каля 50 метраў, але «нявызначанасць памеру можа быць вялікай».

Пакуль Еўрапейскае касмічнае агенцтва ацэньвае імавернасць сутыкнення астэроіду з Зямлёй у 1 да 607. Прагназуецца, што 2023 DW можа паўплываць на планету ў Дзень святога Валянціна 2046 года або на іншыя 14 лютага з 2047 да 2051 года.

Каардынацыйная ўправа планетарнай абароны NASA паведамляе, што адсочвае астэроід і што рызыка яго сутыкнення з Зямлёй у 2046 годзе застаецца «вельмі невялікай». Аналітыкі плануюць працягваць сачыць за астэроідам 2023 DW і абнаўляць прагнозы пасля паступлення новых звестак.

Астраном Пʼера Сікалі мяркуе, што існуе «1 шанец з 400», што астэроід сапраўды зробіць уплыў на Зямлю. Але, паводле яго, і «такая магчымасць хутка будзе выключаная». Тым не менш навуковец спрагназаваў, што астэроід мог бы ўпасці дзе-небудзь паміж Індыйскім акіянам і ўсходнім узбярэжжам ЗША.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў