80 % украінцаў негатыўна ставяцца да Беларусі, 92 % – негатыўна да Лукашэнкі


Украінскі «Разумков-центр» правёў у канцы лютага апытанне пра стаўленне ўкраінцаў да Беларусі. Аляксандр Лукашэнка перастаў быць любімым замежным лідарам украінцаў, а больш за палову апытаных падтрымлівае поўны разрыў стасункаў з Беларуссю і забарону беларусам на ўезд ва Украіну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінска-беларуская мяжа на заходзе Украіны. Кантрольна-прапускны пункт «Дольск», Украіна. 28 студзеня 2022 года.
Фота: АД / Белсат

Сацыёлагі асабіста апыталі 2020 рэспандэнтаў у розных вобласцях Украіны, тэарэтычная хібнасць вынікаў складае 2,3 %. Вынікі такія.

80,6 % лічаць Беларусь бокам, які ваюе супраць Украіны. Так не лічаць толькі 7,5 %.

56,3 % цалкам негатыўна ставяцца да Беларусі, яшчэ 24,4 % – пераважна негатыўна. Цалкам пазітыўна – 3,1 %, пераважна пазітыўна – 24,4 %.

76,3 % цалкам негатыўна ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі, яшчэ 15,9 % – пераважна негатыўна. Цалкам пазітыўна – 0,5 %, пераважна пазітыўна – 2,8 %.

Яшчэ адно пытанне прапаноўвала комплекс захадаў. Сфармулявалі так: «Пасля перамогі Украіны і дэакупацыі яе тэрыторыі, ці падтрымліваеце вы поўны разрыў усялякіх стасункаў паміж Украінай і Беларуссю, аж да поўнай забароны на ўезд грамадзянам Беларусі ва Украіну (акрамя тых, хто просіць палітычнага прытулку)?». Станоўча адказалі 46,7 % апытаных, «хутчэй так» – 22,5 %, «хутчэй не» – 11,2 %, цалкам адмоўна – 5,4 % апытаных.

Адметна, што да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Лукашэнка працяглы час быў самым папулярным замежным палітыкам сярод украінцаў. Нават пасля выбараў 2020 года Лукашэнку ва Украіне давяралі, паводле «Разумков-центру», 30,5 % украінцаў.

Беларусь і Украіна захоўваюць дыпламатычныя стасункі, хоць Лукашэнка адкрыта прызнае сябе суагрэсарам у расейскім нападзе на Украіну і нядобрымі словамі абзываў прэзідэнта Украіны. У Беларусі застаецца амбасадар Украіны Ігар Кізім.

Hавiны
«Беларуская апазіцыя і партызаны існуюць». Амбасадар Украіны пра дыверсію ў Мачулішчах
2023.03.10 14:17

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў