Хабар, наркотыкі і распальванне варожасці. У Гомлі пачалі судзіць топ-менеджара «Белінвестбанку»


У Гомельскім абласным судзе пачаўся разгляд справы былога кіраўніка дырэкцыі рэгіянальнай філіі «Белінвестбанку» Алега Гарэлава. Яго абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў, піша «Наша ніва».

Былы кіраўнік дырэкцыі «Белінвестбанку» у Гомельскай вобласці Алег Гарэлаў. Скрыншот: CTVBYvideo / YouTube

Колішняму кіраўніку дырэкцыі «Белінвестбанку» у Гомельскай вобласці пагражае да 15 гадоў калоніі. Алега Гарэлава абвінавачваюць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры, распальванні варожасці і паводле артыкулу аб вырабе, набыцці, захоўванні або перавозе наркотыкаў без мэты распаўсюду.

Справу топ-менеджара разглядае Гомельскі абласны суд, працэс пачаўся 8 лютага.

Як мяркуе «Наша ніва», Гарэлаў уладкаваўся ў «Белінвестбанк» у 2015 годзе пасля банкруцтва «Дэльта-Банку», дзе ён займаў пасаду начальніка Цэнтральнага банкаўскага ўпраўлення. Яшчэ раней мужчына, імаверна, працаваў ва ўпраўленні барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС. Прынамсі асоба з такім жа прозвішчам і імем да 2009 года «актыўна давала каментары раёнкам у рознай нагоды».

Гэта не першы выпадак пераследу кіраўніцтва «Белінвестбанку». У красавіку 2022 года паведамлялася пра затрыманне кіраўніка арганізацыі Андрэя Брышцелева. У снежні летась у Менскім гарадскім судзе пачалі разглядаць ягоную справу. Банкіра абвінавачваюць у хабарніцтве.

Іншы фігурант справы – выканаўчы дырэктар «Белінвестбанку» Андрэй Раманенка. Паводле версіі следства, за хабар яны ўхвалілі крэдыт прадпрымальніку, які згодна з унутранымі пратаколамі не мог разлічваць на пазыку. Бізнесовец Ігар Піскуноў таксама за кратамі.

Аналітыка
«Справа банкіраў» у Беларусі працягваецца ўжо 25 гадоў». Галоўнае пра арышты топ-фінансістаў
2022.04.30 08:30

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў