«Нежаданае, але зразумелае рашэнне». У ЕГУ другі раз за год зменіцца рэктар


Кшыштаф Рыбіньскі, які ўзначаліў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у леташнім красавіку, пакідае пасаду рэктара. Адпаведны ліст атрымалі супрацоўнікі і студэнты ВНУ, копію дакументу апублікавала выданне Reform.by. Пошукі новага кіраўніка «пачынаюцца неадкладна», адзначаецца ў паведамленні.

Рэктар ЕГУ Кшыштаф Рыбіньскі. 2 чэрвеня 2023 года.
Фота: ehu.lt

Кшыштаф Рыбіньскі падаў у адстаўку з увагі на здароўе – сваё і чальца ягонай сям’і, паведамляецца ў лісце, падпісаным старшынём Кіроўнай рады ЕГУ Андрусам Кубілюсам і старшынём агульнага сходу суўласнікаў Гортанам Бібі-Сэнтэрам. Апошнім днём працы прафесара будзе 29 лютага.

«З глыбокім шкадаваннем і разуменнем нязменных абставінаў, што прывялі да гэтага нежаданага, але зразумелага рашэння, мы прынялі адстаўку Кшыштафа і неадкладна пачнём працэс пошуку пераемніка».

У лісце таксама адзначаецца, што Рыбіньскі на пасадзе рэктара «забяспечыў універсітэту беспрэцэдэнтную сямігадовую акрэдытацыю», дапамог знайсці грошы на некалькі новых праграмаў.

«Унутраныя рэформы, праведзеныя за ягоны тэрмін, зробяць універсітэт больш моцнай і эфектыўнай установаю».

Асобны ліст студэнтам і калегам разаслаў сам рэктар, піша «Наша ніва». Рыбіньскі ўдакладніў, што апошнім часам удалося істотна павялічыць фінансаванне. Было сабрана €4 млн для мэтавага фонду, €2,5 млн на існыя і новыя праекты.

Hавiны
Працаваў у Нацбанку Польшчы і ўзначальваў два ўніверсітэты. ЕГУ абраў новага рэктара
2023.02.03 12:23

Рашэнне звольніцца прафесар назваў цяжкім:

«Гэтае рашэнне прынятае пасля доўгіх разважанняў і абумоўленае неабходнасцю засяродзіцца на надзённых праблемах са здароўем – як уласным, гэтак і ў маёй сям’і, – што патрабуюць маёй поўнай увагі».

Кшыштаф Рыбіньскі заняў пасаду рэктара ЕГУ 3 красавіка летась.

Цягам апошніх месяцаў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце адбылося некалькі скандалаў. Дацэнта Сяргея Сялецкага абвінавацілі ў сістэматычным гарасмэнце і булінгу ў дачыненні былых і цяперашніх студэнтак. Выкладчыка ўрэшце звольнілі, але таксама адлічылі студэнтку Таццяну Барысаву, на якую паскардзіўся Сялецкі.

Меркаванні
Фемсупольнасць Беларусі адправіла ліст рэктару ЕГУ – яго падпісалі больш за сто чалавек
2023.12.09 12:46

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў