Гомельскага актывіста Васіля Палякова судзілі другі раз запар


Праваабаронцы «Гомельскай Вясны» даведаліся пра чарговы суд над актывістам Васілём Паляковым, які адбыўся ў пятніцу 9 лютага. Які быў прысуд, пакуль невядома.

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў.
Фота: «Гомельская Вясна»

«Вырак, на жаль, пакуль што невядомы, але вядома, што пасля хвалі затрыманняў і ператрусаў сваякоў палітзняволеных Васіль быў пакараны 15-суткавым арыштам», – паведамляе «Гомельская Вясна».

Праваабаронцы даведаліся таксама, што Васіля Палякова судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19. 11 КаАП).

23-24 студзеня 2024 года па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя ператрусы і затрыманні сваякоў палітвязняў, а таксама палітычных зняволеных, якія ўжо вызваліліся. Большасць выстаўленых абвінавачванняў былі звязаныя з дзейнасцю праекту «INeedHelpBy», які дапамагаў рэпрэсаваным прадуктамі харчавання.

Паводле праваабаронцаў ахвярамі рэйду «сілавікоў» 23-24 студзеня сталі, як мінімум, 229 чалавек. З іх 43 пакаралі штрафамі і арыштамі, а як найменш 24 выставілі крымінальнае абвінавачванне.

Васіля Палякова затрымлівалі і ў лістападзе 2023 года. Пасля таго як яму прысудзілі другі адміністрацыйны арышт запар, ён абвяшчаў галадоўку.

На 10 лютага палітычнымі зняволенымі былі прызнаныя 1419 чалавек. Паводле праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby», у краіне 1614 палітзняволеных. Насамрэч іхная колькасць можа быць большая ў некалькі разоў.

Рэпартаж
Праваабаронцы: Студзеньскі хапун – «новае дно». Але падтрымку рэпрэсаваных не спыняць
2024.02.10 09:04

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў