Тэлеканал «Дождь» атрымаў ліцэнзію на трансляванне ў Нідэрландах


Расейскі тэлеканал «Дождь» атрымаў у Нідэрландах ліцэнзію на вяшчанне тэрмінам на пяць гадоў, у выніку чаго зможа аднавіць трансляцыю на тэрыторыі ЕЗ. Такая інфармацыя з’явілася на сайце мясцовага рэгулятара 22 снежня 2022 года, таксама пра гэта паведаміў галоўны рэдактар Ціхан Дзядко.

Крыніца: Тэлеканал «Дождь»

У рашэнні зазначаецца, што заяўку на ліцэнзію «Дождь» падаў 6 снежня. Нідэрландскі Камісарыят у пытаннях медыяў разгледзеў усю атрыманую і даступную інфармацыю і не знайшоў ніводнай падставы ў адпаведнасці з законам для адмовы ў выдачы ліцэнзіі.

Ліцэнзія на вяшчанне ў Нідэрландах дазволіць тэлеканалу аднавіць трансляцыю ў кабельных сетках краінаў Еўрапейскага Звязу пад назвай «TV Rain».

Нагадаем, 6 чэрвеня тэлеканал атрымаў ліцэнзію на трансляванне ў Латвіі, пасля ўварвання Расеі ва Украіну. Яна давала права распаўсюджваць створаны кантэнт у Еўразвязе, Расеі, ЗША і іншых краінах. Аднак 6 снежня Нацыянальная рада электронных медыяў Латвіі (NEPLP) прыняла рашэнне аб ануляванні ліцэнзіі на трансляванне тэлеканалу «Дождь» праз пагрозу нацыянальнай бяспецы і грамадскаму парадку.

Спачатку тэлеканал быў аштрафаваны за выяву мапы з Крымам у складзе Расеі і словы «наша армія» ў адносінах да расейскай арміі. Апошнім крокам да закрыцця тэлеканалу быў эфір, падчас якога вядоўца Аляксей Карасцялёў заявіў, што тэлеканал нібыта дапамагае мабілізаваным расейскім вайскоўцам з «абсталяваннем і з проста элементарнымі выгодамі на фронце». Пасля гэтага яго звольнілі з каналу, а латвійскія ўлады забаранілі яму ўезд у краіну.

Эстонія і Літва ўслед за Латвіяй з 8 снежня спынілі трансляванне расейскага тэлеканалу «Дождь». Тады гендырэктарка каналу Наталля Сіндзеева заявіла, што паспрабуе атрымаць ліцэнзію ў іншай краіне.

Тэлеканал «Дождь» працаваў у Расеі з 2010 года. Праз тыдзень пасля пачатку расейскага ваеннага ўварвання ва Украіну Генпракуратура запатрабавала заблакаваць сайт «Дождя» нібыта за «фэйкі аб дзеяннях расейскай арміі і заклікі да экстрэмісцкіх дзеянняў». 3 сакавіка канал прыпыніў працу ў Расеі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў