Крымінальна-выканаўчы кодэкс перакладзены на беларускую мову


Крымінальна-выканаўчы кодэкс перакладзены на беларускую мову. Аб гэтым паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Паведамляецца, што пераклад кодэксу на беларускую мову адобраны экспертнай радай, якая складаецца з прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, міністэрстваў юстыцыі і культуры, Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі, Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў, ВНУ краіны і іншых арганізацый.

«Задачамі Крымінальна-выканаўчага кодэксу зʼяўляюцца рэгуляванне выканання і адбывання асуджанымі пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, вызначэнне сродкаў дасягнення мэт крымінальнай адказнасці і сацыяльнай адаптацыі асуджаных у працэсе яе рэалізацыі, абарона правоў і законных інтарэсаў асуджаных», – адзначаецца ў паведамленні.

Пераклад кодэксу «рэкамендаваны да размяшчэння на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале для інфармавання шырокага кола асоб».

Паводле Нацыянальнага прававога інтэрнэт-парталу, з пачатку працы экспертнай рады на беларускую мову перакладзены 16 заканадаўчых актаў: Кодэкс аб шлюбе і сямʼі, Выбарчы, Грамадзянскі, Жыллёвы, Працоўны, Водны, Лясны кодэксы, Кодэкс аб зямлі, Кодэкс аб нетрах, Кодэкс гандлёвага мараплаўства, Кодэкс аб судовым ладзе і статусе суддзяў, Грамадзянскі працэсуальны кодэкс, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Крымінальны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў