Дзмітрый Ціт пра сітуацыю на прадпрыемствах: «Улады баяцца любога чалавека»


Гомельскі Завод ліцця і нармалей прапанаваў каля 300 вакансіяў з заробкам ад 280 да 400 долараў. Прадстаўнік «Рабочага Руху» Дзмітрый Ціт у праграме «Студыя Белсат» распавёў пра магчымыя прычыны недахопу працоўных на прадпрыемстве, а таксама пра агульную сітуацыю ў вытворчасці па ўсёй па краіне.

Паводле Дзмітрыя Ціта, недахоп працоўных на гомельскім прадпрыемстве ў першую чаргу звязаны з нізкімі заробкамі, у выніку якіх людзі вымушаныя выязджаць у пошуках працы за мяжу.

«Напэўна, людзі скончыліся, якія гатовыя працаваць за такія капейкі. Як мы ведаем, з Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай вобласцяў у асноўным працоўная сіла з’язджала ў Расею, і, напэўна, людзі заканчваюцца, яны не жадаюць працаваць на рэжым і такую зарплату, калі іх не паважаюць, калі вакол рэпрэсіі, і людзі пакідаюць Беларусь».

Прадстаўнік «Рабочага руху» адзначае, што падобная сітуацыя цяпер назіраецца фактычна па ўсёй краіне, хоць гэта і стараюцца хаваць ад насельніцтва.

«Насамрэч вельмі складана на ўсіх прадпрыемствах з кадрамі. Паўсюль гэтая інфармацыя хаваецца, кіраўніцтва заўсёды ўпэўнівае, што працаўнікоў хапае, што калі ёсць нейкія вакансіі, то на вытворчасці гэта не адгукаецца, але насамрэч усё выглядае намнога горш. Недарэмна схавалі статыстыку, а вакансіі на сайтах многіх прадпрыемстваў ужо не публікуюцца ў такой колькасці, як было раней, бо гэта нясе рэпутацыйныя страты для іх».

Hавiны
Што будзе з Беларуссю ў 2022 годзе? Спыталі палітолага, эканаміста і псіхолага
2021.12.29 07:30

Дзмітрый Ціт заўважае, што ў гэты ж час назіраецца скарачэнне вытворчасці на прадпрыемствах Беларусі, бо прадукцыю становіцца ўсё складаней збываць за мяжой. Але замест развіцця гэтага напрамку, улады працягваюць палітычныя зачысткі на прадпрыемствах.

«Улады баяцца любога чалавека, які можа сказаць хоць нейкае слова супраць, і не глядзяць у будучыню, ім не важна, што будзе з гэтай вытворчасцю, што будзе з гэтым прадпрыемствам, ім галоўнае, каб людзі былі пакорлівымі».

Але і ва ўмовах няспынных зачыстак і ціску працоўныя Беларусі ў сваёй большасці працягваюць цярпець і трымацца за працу з нізкімі заробкамі. Дзмітрый Ціт тлумачыць гэта асаблівасцямі ментальнасці беларусаў, але цярпенне беларусаў таксама не бясконцае.

«Я думаю, што рабочыя разумеюць, але ў нас такія спакойныя людзі, і пакуль ёсць магчымасць атрымоўваць хаця б гэтыя 400 рублёў, яны выбіраюць сініцу ў руках, каб можна было купіць хаця б ежы паесці. Ім здаецца, што калі яны страцяць працу, жыццё скончыцца, што яны не змогуць сябе рэалізаваць. Насамрэч рэжым доўгі час убіваў у галовы працаўнікоў такую ідэалогію, і з гэтым складана змагацца, але людзі разумеюць гэта. Усведамленне ідзе павольна, але калектыўныя дзеянні здольныя на вялікія змены. Калі ўсведамленне гэтага будзе ў большасці працаўнікоў, тады магчымая рэвалюцыя, і яна будзе мірная, я хачу гэта падкрэсліць».

Інтэрв’ю
Юрый Рававы, кіраўнік стачкаму ААТ «Горадня Азот»: Тэлефануюць выпівохам і запрашаюць іх на працу
2021.11.21 07:30

Пракаментаваў прадстаўнік Рабочага Руху і заяву нарвежскай кампаніі Yara, у якой гаворыцца пра спыненне супрацы з «Беларуськаліем» да красавіка гэтага года. Дзмітрый Ціт бачыць у гэтым як плюсы, так і мінусы для працаўнікоў «Беларуськалію».

Рабочы рух накіраваны не на тое, каб забіць эканоміку краіны, нашая мэта ў абароне правоў нашых працаўнікоў. З аднаго боку гэта добра, што чарговая даволі сур’ёзная кампанія перастала працаваць з рэжымам, але ў той жа час мы не хочам, каб гэта эканамічна адгукнулася на працаўніках «Беларуськалію». Але гэта добры знак таго, што з рэжымам ніхто не будзе працаваць.

Поўную размову з прадстаўніком «Рабочага руху» Дзмітрыем Цітам можна паглядзець тут.

Аб’ектыў
Дзяржпрадпрыемствы апускаюцца на дно
2022.01.10 21:46

ВК belsat.eu

Стужка навінаў