У Менску пачала працу беларуска-іранская камісія ў вайсковай супрацы


У Менску 9 лістапада праходзіць паседжанне беларуска-іранскай камісіі, абмяркоўваецца супраца ў вайсковай галіне. Пра гэта паведаміў у сацсетцы Х начальнік дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы Міністэрства абароны Беларусі Валер Равенка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: БелТА

«У Менску пачала працу супольная беларуска-іранская міжведамасная камісія ў вайсковай супрацы», – гаворыцца ў паведамленні Равенкі.

Што менавіта абмяркоўваецца на паседжанні, у чым будзе заключацца супраца паміж Беларуссю і Іранам у вайсковай галіне, не ўдакладняецца.

Цягам 2023 года Беларусь і Іран перыядычна абмяркоўваюць вайсковую супрацу. Так, 18 верасня міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з амбасадарам Ірану Алірэза Санэі. Тэмай сустрэчы сталі перспектывы развіцця супрацы Беларусі і Ірану ў вайсковай галіне.

31 ліпеня 2023 года Хрэнін наведаў Іран з афіцыйным візітам. Тады ж ён сустрэўся з міністрам абароны і падтрымання ўзброеных сілаў Ірану, брыгадным генералам Магамадам-Рэза Аштыяні, з якім абмеркаваў перспектывы развіцця супрацы ў вайсковай галіне.

«Па выніках сустрэчы бакі падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам абароны і падтрымання ўзброеных сілаў Ісламскай Рэспублікі Іран наконт вайсковай супрацы, а таксама план двухбаковай вайсковай супрацы на гэты год», – паведамляла тады Міністэрства абароны Беларусі.

Аб’ектыў
Лукашэнка зноў збліжаецца з Іранам
2023.10.17 22:41

Беларусь і Іран наладжваюць супрацу не толькі ў вайсковых справах. 5 лістапада была заключаная дамова на пастаўку калійных угнаенняў. Пра гэта ў эфіры АНТ расказаў амбасадар Ірану ў Беларусі Алірэза Санэі. Прадстаўнік Ірану таксама адзначыў добрыя вынікі ўзаемадзеяння Беларусі і Ірану  ў нафтавай і нафтахімічнай сферах, а таксама падкрэсліў, што былі праведзеныя перамовы паміж беларускімі і іранскімі кампаніямі адносна паставак медычных прэпаратаў і лекавых сродкаў.

На думку амбасадара, абедзве краіны могуць дапаўняць і ўзаемадзейнічаць адна з адной, тым самым супрацьдзеяць «усім гэтым эканамічным, несправядлівым, жорсткім санкцыям, якія дзеюць супраць нашых краінаў», сказаў Алірэза Санэі.

Аб’ектыў
Беларускія чыноўнікі ляцяць у Тэгеран
2023.10.10 22:32

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў