Сілавікі ідуць паводле алфавіту. Навошта ўладам спатрэбіліся беларускія медыяперсоны?


Апошнім часам улады асабліва актыўна ўзяліся за беларускіх медыяперсонаў і блогераў – у першую чаргу за тых, што выказалі сваю пазіцыю ў 2020-м. Так, былі затрыманыя блогерка і тэлевядоўца Ганна Бонд, спявачка Ларыса Грыбалёва, з «пакаянным відэа» выступіў тэнісіст Максім Мірны, быў зроблены наезд на вядомага фуд-блогера Паўла Крамара («Кокобай»). З якой прычыны ўзнікла такая «цікавасць», якія мэты пераследуюць улады? Спрабуем разабрацца.

Ганна Бонд, Ларыса Грыбалёва, Максім Мірны, Дзяніс Кур’ян. Калаж з фота: annabondarchuk / Instagram; gribaleva / Facebook; belarustennis / Instagram; denis_kurjan / Instagram

Інфармацыя пра затрыманне Дзяніса Кур’яна з’явілася ўвечары 8 кастрычніка, пра гэта паведаміла «Наша Ніва» са спасылкаю на свае крыніцы інфармацыі. Пры гэтым выданне адзначыла, што невядома, адбыў Дзяніс адміністратыўны арышт – або затрыманне было кароткатэрміновым. На наступны дзень сам Дзяніс зняпраўдзіў гэтую інфармацыю. «Са мной усё ў парадку. Я ўдома ў Беларусі. Працуем, як і раней», – сказаў ён выданню Tochka.by. У цяперашніх умовах складана праверыць, дзе насамрэч праўда, але нагадаем, што медыйныя асобы, пра затрыманне якіх паведамлялася раней, таксама не пацвярджалі гэтага факту. Хаця і не аспрэчвалі.

Содні для Ганны Бонд

Пра затрыманне вядоўцы і лайфстайл-блогеркі Ганны Бонд стала вядома 14 кастрычніка. Спачатку з’явіліся паведамленні, што яе затрымалі ў адным з менскіх рэстаранаў, а ўдома правялі ператрус. Праз два дні інфармацыя пацвердзілася: 16 кастрычніка праваабаронцы паведамілі, што Ганну судзілі паводле артыкулу 24.3 КаАП за нібыта «непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі», але пасля адпусцілі на волю.

Фота Ганны Бонд з чырвона-зялёным сцягам у 2017 годзе. Скрыншот: annabondarchuk / Instagram

Аднак пазней усё ж выявілася, што Ганна Бонд правяла 15 содняў на Акрэсціна і вызвалілася 28 кастрычніка. Першае відэа яна запісала праз 4 дні пасля вызвалення, у якім паведаміла наступнае: «Сябры, усім прывітанне. Паўза зацягнулася, таму выходжу ў эфір. Я жывая-здаровая, са мной усё добра».

Як вядома, блогерка ў 2020 годзе падтрымала пратэст, яна таксама каментавала зварот футбалістаў, якія выступілі супраць гвалту ў краіне:

«Малайцы! Успомнілі пра годнасць. Я думала, што на «Крумкачах» спынімся. Дынамаўцы па-ранейшаму мнуць цыцкі. І дзе там дзёрзкі Міля, у якое месца язык засунуў?» – каментавала заяву футбалістаў Ганна ў сваім акаўнце ў «Інстаграме».

Тым не менш, задоўга да пачатку пратэстаў, у 2017 годзе, Ганна Бонд фатаграфавалася то на фоне нацыянальнага, то на фоне чырвона-зялёнага сцяга. Пазней яна так пракаментавала гэтыя ўчынкі:

«Памятаю, як, калі прабегла марафон з бел-чырвона-белым сцягам, мяне «захэйцілі» – якое права я мела бегчы з ім. Потым пераплыла Басфор, узняла чырвона-зялёны сцяг – мяне таксама «захэйцілі», чаму не з бел-чырвона-белым сцягам. Увесь час такое будзе», – адзначала блогерка ў інтэрв’ю ex-press.live.

Выказванні блогеркі 2020 года маглі стаць фармальнай нагодай для ейнага затрымання.

Затрыманне Ларысы Грыбалёвай

1 лістапада з’явілася інфармацыя пра затрыманне спявачкі Ларысы Грыбалёвай. Як паведамлялі праваабаронцы «Вясны», удома ў Ларысы адбыўся ператрус. Прычыны затрымання так і засталіся без тлумачэнняў.

Пазней у гэты ж дзень спявачка напісала ў сваім акаўнце ў «Фэйсбуку», што з ёй усё ў парадку:

«Дарагія мае, я ўдома, усё добра. Мы з Аленкай шлём усім восеньскае прывітанне!»

У 2020 годзе Ларыса Грыбалёва выступіла супраць гвалту, а пазней яе дадалі ў закрыты спіс з 80 выканаўцаў, якім было забаронена выступаць у Беларусі.

«Пакаяннае» відэа Максіма Мірнага

31 кастрычніка спартовец Максім Мірны па прыездзе ў Беларусь са Злучаных Штатаў запісаў  відэа (іх у народзе называюць пакаяннымі), у якім прызнаваўся ў тым, што ў 2020 годзе зрабіў памылку:

«Здарыліся нашыя выбары 2020 года, і я не справіўся. Я жывы чалавек, мы ўсе схільныя здзяйсняць памылкі… Я шкадаваў аб сваім эмацыйным выступе і сёння, па вяртанні ў маю звыклую Беларусь, я пачуваюся больш спакойна, больш упэўнена», – гаворыць Мірны ў «пакаянным» відэа.

Нагодай для «пакаянняў», відавочна, сталі словы, напісаныя спартоўцам падчас пратэстаў 2020-га ў сваім акаўнце ў «Інстаграме» (праз паўгода запіс быў выдалены).

«Мы беларусы – мірныя людзі! Стоп гвалт!!! Я заклікаю міжнародную супольнасць дапамагчы спыніць гвалт у Беларусі! Народ Беларусі – мірныя грамадзяне, якія проста не хочуць судовых пераследаў і хочуць права галасаваць на справядлівых выбарах», – казаў Максім Мірны тады.

Адной з прычынаў, чаму вядомы спартовец пасля трох гадоў пастанавіў вярнуцца ў краіну з ЗША і зрабіць такі ўчынак, як мяркуе выданне Tribuna.com, сталі «пытанні», якія ўзніклі з боку беларускай падатковай да ягонага бацькі – Мікалая Мірнага, які курыруе працу некалькіх кампаніяў сямейнага бізнесу: ПУП «Мірны тэніс», ТАА «Мірны фітнес-цэнтр», ПУП «Мірны цэнтр».

Чаму Koko.by усё яшчэ існуе?

З такім пытаннем у сваім тэлеграм-канале выступіў малады праўладны актывіст Мікіта Рачылоўскі. Маладзёну не спадабалася калабарацыя вядомага фуд-блогера Паўла Крамара, вядомага як Какабай, з фабрыкай «Камунарка».

Вынікам калабарацыі фабрыкі «Камунарка» і Koko.by стаў выпуск шакаладу пад назваю «Какалад».
Фота: Koko.by

У сувязі з гэтым ён абвінаваціў Крамара, што ў 2020 годзе той падтрымаў пратэсты, крытыкаваў Лукашэнку і дапамагаў грашыма пацярпелым ад рэпрэсіяў.

«Чаму Koko.by усё яшчэ існуе? Каму гэта выгадна? Хто яму даў карт-бланш? Няўжо не відавочна, што ў будучыні ён ізноў здрадзіць і павядзе за сабою сваю аўдыторыю?» – казаў прапагандыст.

Пасля такіх даносаў Какабай выдаліў свой  Twitter-акаўнт. Не дапамаглі ні супраца з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, ні фуд-агляды на «Бела-Колу».

Чаму яшчэ пяюць «Дразды»

Другое, чым адзначыўся згаданы вышэй Мікіта Рачылоўскі, гэта наезд на гурт «Дразды».  Тут, ізноў жа, салісту гурта Віталю Карпанаву не дапамаглі ані выступы пад чырвона-зялёным сцягам, ані ўслаўленні Лукашэнкі, дзякуючы якому, са словаў Карпанава, «мы маем краіну, дзе кожны мае магчымасць шчасліва працаваць, зарабляць, выхоўваць дзяцей і ўнукаў».

У эфіры праграмы Грыгорыя Азаронка Рачылоўскі адзначыў, што «гурт «Дразды» – гэта не наш прыклад, іх увогуле трэба забараніць».

Выступ гурта «Дразды».
Фота: Группа Дрозды / Facebook

Ідэю падтрымаў і Азаронак, бо ўдзельнікі гурту «незразумела паводзяцца з пункту гледжання ідэалогіі».

Яшчэ раней Віталя Карпанава абвінавачвала вядомая «даносчыца» Вольга Бондарава, якая сцвярджала, што той у 2020-м «выступаў з падтрыманнем дзяржпераваротчыкаў, пародыямі на Лукашэнку і да гэтага часу не раскаяўся публічна».

Забараніць медыйную актыўнасць

Паводле «Нашай Нівы», што спасылаецца на свае крыніцы інфармацыі, ад усіх затрыманых запатрабавалі спыніць медыйную актыўнасць і бізнес.

Як сцвярджае крыніца выдання ў адным з дзяржаўных СМІ, атака на медыяперсонаў і блогераў звязаная з жаданнем прэвентыўна абмежаваць іхную папулярнасць. Улады, як сцвярджаецца, хочуць перастрахавацца і зрабіць так, каб у краіне не было папулярных публічных асобаў, адносна незалежных ад рэжыму. Рэжым хоча пакінуць толькі лаяльных блогераў, гатовых на супрацу з міліцыяй і тэлеканаламі.

«Незалежныя СМІ забароненыя. А ў блогераў унутры краіны падпіскі растуць. Ну і што з таго, што ў іх няма палітычнага кантэнту. Цяпер яны адмаўляюцца супрацоўнічаць з тэлебачаннем. А як яны павядуць сябе ў будучыні? Нейкая такая думка круцілася ў нашага кіраўніцтва», – прыводзіць «Наша Ніва» словы крыніцы ў дзяржаўным СМІ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мікрафоны незалежных медыяў.
Фота: Белсат

На наступны дзень гэтая інфармацыя фактычна пацвердзілася. Усё тая ж «Наша Ніва» працытавала праўладны ананімны тэлеграм-канал «Графач», які растлумачыў прычыны цікавасці да медыйных персонаў: «Саджаць нікога не збіраюцца, проста абразаюць фінансаванне». Са словаў інфармаванага ананіма, «твары з намёкам на экстрэмісцкую пазіцыю» і «неадназначныя персанажы» больш не змогуць зарабляць «за кошт дзяржпрадпрыемстваў». «Усе выходзяць на волю. Вось толькі, калі ўважліва прыгледзецца да зместу інсты дадзеных дзіў, адтуль відавочна зніклі пасты з рэкламнай інтэграцыяй ад усялякіх «А1», «Еўраоптаў» і г. д»., – тлумачыць ананім логіку затрыманняў.

Дарэчы, ён сцвярджае, што сілавікі ідуць паводле алфавіту: Бонд, Грыбалёва… «Цікава, ці ўратуе гэнага какабая дзяржсцяг, які нядаўна з’явіўся на ягоным акаўнце? На што там у яго пачынаецца прозвішча =)», – папярэджвае «Графач».

Аўтар каналу пакідае вядомым персонам магчымасць вярнуцца да ранейшай сітуацыі, але раіць «вызначыцца з прыярытэтамі, выказаць пазіцыю ў сваёй частцы без усялякіх эківокаў».

«Такіх выпадкаў нашмат больш»

Пра тое, чаму ва ўладаў так рэзка ўзнікла цікавасць да медыйных персонаў, мы запыталіся ў тэлевядоўцы і рэпарцёра Дзяніса Дудзінскага і ў прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў справе нацыянальнага адраджэння Аліны Коўшык.

На думку Дзяніса Дудзінскага, усёй праўды, акрамя тых людзей, да якіх прыходзілі сілавікі, не ведае ніхто. Таму мы можам толькі здагадвацца і выбудоўваць нейкія дапушчэнні пра тое, што ж насамрэч  адбылося і чаму з’явіліся пытанні да гэтых канкрэтных асобаў.

«Больш за тое, там жа было нашмат больш людзей медыйных, івэнтараў, вядоўцаў, былых тэлевядоўцаў, да якіх прыходзілі і якіх або адпусцілі, або не адпусцілі, якія пасядзелі содні. Проста яны прасілі пра гэта не расказваць і іхныя сваякі трымалі гэта ўсё ў вялікай таямніцы, у вялікім сакрэце. Але нашая ўнутраная тусоўка ведае… Я, зразумела ж, не буду называць прозвішчаў. Такіх выпадкаў нашмат больш», – адзначыў Дзяніс Дудзінскі.

Пры гэтым тэлевядоўца выказаў сваю версію таго, што адбываецца. Паводле яго, сістэма працягвае паглыбляцца ў крызіс, і калі, напрыклад, у гэтым месяцы ГУБАЗіК арыштаваў 80 асобаў, а ў папярэднім 100, то гэтая розніца ва ўмовах сучаснай Беларусі выглядае так, нібыта ГУБАЗіК недапрацоўвае, а значыць, не заслугоўвае званняў, дадатковага фінансавання, заахвочванняў і іншага. Таму, на думку Дзяніса, яны ўжо мусяць працаваць не з тымі, хто выходзіў з бела-чырвона-белымі сцягамі, а з тымі, хто некалі напісаў «мы за ўсё добрае супраць усяго дрэннага», адрэагаваўшы на падзеі 2020 года. А пасля гэтых прыйдзе чарга наступнаму пласту, і яшчэ аднаму.

«Я ўпэўнены на сто адсоткаў, што далей сістэма пойдзе кусаць за хвост тых, хто проста адмоўчваўся ў 2020 годзе, хто не сказаў «за», хто не падтрымаў улады, хто не выйшаў з чырвона-зялёным сцягам. Вось будуць пытанні ўжо далей да гэтых. Наступны этап – будуць пытанні нават да тых, хто выходзіў з чырвона-зялёнымі сцягамі ў 2020 годзе, але не вельмі эфектна выказваў падтрыманне. Другім колам, трэцім будуць прыходзіць да тых, хто ўжо адседзеў, хто пазбавіўся ўсяго, але чамусьці дасюль застаецца ў Беларусі», – кажа Дзяніс.

Акрамя таго, тэлевядоўца лічыць, што цяпер надышоў час «шасцёрак», якія ўзняліся з дна пасля 2020 года. Яны паспелі нарабіць скрыноў падчас таго, як у разгар пратэстаў звальняліся вядомыя вядоўцы, і цяпер з дапамогаю гэтага кампрамату спрабуюць апускаць на дно тых, каго яны ненавідзелі – разумных, адукаваных людзей, якія тады перашкаджалі ім узняцца вышэй.

Чаму пытанні ўзніклі цяпер?

«Я не думаю, што гэта нейкая спланаваная кампанія, але гэта вынік планамерных рэпрэсіяў, што працягваюцца ў нашай краіне. Гэта рэпрэсіі, якія не мінаюць нікога, нават людзей, якія, падаецца, былі досыць лаяльныя да цяперашняга рэжыму ў Беларусі. Але галоўная задача гэтых затрыманняў, пакаянняў – паказаць, што няма святых кароваў, паказаць, што кожны мусіць баяцца і што ёсць толькі адная слушная думка. Так што баяцца ў Беларусі мусіць кожны, і дзеля гэтага ідуць такія публічныя пакаранні вядомых асобаў і нагнятанне палітыкі страху», – кажа Аліна Коўшык.

Крыху іншую думку мае Дзяніс Дудзінскі: ён звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі надыходзяць парламенцкія і прэзідэнцкія выбары ў 2024 і 2025 гадах. Тэлевядоўца адзначыў, што са сваіх крыніцаў унутры лукашэнкаўскай сістэмы ён ведае, што ў краіне плануюць арганізаваць маштабную піяр-кампанію, у якой трэба будзе паказаць усяму грамадству, як у краіне добра.

Плакаты ўдзельнікаў страйку на БТ у 2020 годзе.
Фота: радыё «Свабода»

«Улады цудоўна разумеюць, што вуснамі Азаронка або Мукавозчыка гэта ўжо зрабіць немагчыма, гэта зусім адыёзныя фігуры, думка якіх не цікавіць нават саміх «ябацькаў». Таму трэба браць тых людзей, да якіх, магчыма, грамадства яшчэ мае давер, у каго ёсць Instagram-падпісальнікі, хто некалі працаваў на тэлебачанні, стаяў на сцэне.  Вось з гэтымі людзьмі цяпер трэба весці размову. Цяпер ідзе хваля, што ўсіх медыйных персонаў будуць прыцягваць да прасоўвання гэтай суперідэі пра тое, што ўлада пра нас клапоціцца, і вось, давайце, з усмешачкай – усе на выбары», – гаворыць Дзяніс Дудзінскі.

«Уладам патрэбныя вядомыя твары, каб прасоўваць сваю палітыку, – кажа Аліна Коўшык, – і таму яны спрабуюць ціснуць на тых асобаў, якія маюць гэты сацыяльны капітал. Напэўна, яны хочуць падтрымання сваіх ідэяў, дзейнага ганебнага курсу і імкнуцца паказаць, што людзі таксама мяняюць сваю пазіцыю: маўляў, было шмат беларусаў, якія падтрымалі ў 2020 годзе [пратэст], але вось, глядзіце, Макс Мірны змяніў сваю думку – так што нічога страшнага, вы таксама можаце змяніць. Яны стараюцца ўсімі метадамі ўтрымаць увагу і кантроль над беларускім грамадствам. Гэта звычайныя сацыяльныя тэхналогія – і найпрасцей такія рэчы рабіць менавіта праз вядомых асобаў».

Дзяніс Дудзінскі звяртае ўвагу на тое, што неаднаразова даводзіў сваю пазіцыю сваім знаёмым – медыйным персонам, якія з той ці іншай прычыны яшчэ засталіся ў Беларусі:

«Да вас прыйдуць – гэта зразумела, з пэўным пытаннем, пэўнай прапановай, гэта будзе стоадсоткава. А чаго ад вас запатрабуюць? Дык таго, што ў 2024–2025 гадах вы будзеце вымушаныя хадзіць з чырвона-зялёнымі сцягамі, махаць імі, усё гэта выкладваць і казаць, як у нас будзе добра».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў