Як пазбавіцца агентаў уплыву Крамля ва Украіне? РПЦ як апірышча «русского мира»


У цэнтры Кіева каля Пячэрскай лаўры стаяць пікеты вернікаў: прычым як прыхільнікаў Маскоўскага патрыярхату, гэтак і яго супраціўнікаў. Паміж імі час ад часу ўзнікаюць гарачыя канфлікты. Украінская царква яшчэ ў 2018 годзе атрымала ў Канстанцінопалі доўгачаканы Томас, які даў ёй магчымасць быць незалежнай. Але РПЦ не спяшаецца пакідаць тэрыторыю Украіны, і выглядае, што спрабуе падладзіцца пад новыя выклікі.

Прафесар Аляксандр Саган.
Фота: religionpravda.com.ua

Аляксандр Саган – адзін з айцоў Украінскай аўтакефаліі. Узначальваў Дзяржаўны камітэт у справах нацыянальнасцяў і рэлігіяў у час прэзідэнцтва Віктара Юшчанкі. Цяпер займаецца пытаннямі дзяржаўна-канфесійных стасункаў ва Украіне. Прафесар Саган пагадзіўся адказаць на пытанні «Белсату».

– Мы назіраем абвастрэнне канфлікту вакол РПЦ ва Украіне. Стаяць пікеты каля Кіева-Пячэрскай лаўры. Разумеем, што карані праблемы сягаюць у далёкую мінуўшчыну. Наколькі ўпэўнена Маскоўскі патрыярхат пачуваецца сёння ва Украіне ва ўмовах вайны?

– Карані праблемы сягаюць ажно ў 1448 год, калі быў заснаваны Маскоўскі патрыярхат, прычым з адною мэтаю – падпарадкаваць царкву дзяржаве. Часткі паўночных земляў уваходзілі ў Кіеўскую мітраполію, а ў 1448 годзе яны аддзяліліся. Таму сёння Кірыл заяўляе: «Мы ніколі не адмовімся ад кіеўскай купелі». Яны запэўніваюць, што гістарычныя карані іхнай царквы застаюцца ў Кіеве. Тады ў 1448-м іхны вялікі князь Васіль Цёмны пастанавіў цалкам падпарадкаваць сабе царкву. Новы мітрапаліт маскоўскі Іона, хоць ён да самой смерці меў тытул Кіеўскага і ўсяе Русі, быў абраны на загад цара з трох кандыдатаў. То бок з самога пачатку мелася на ўвазе, што гэта будзе бюракратычны дэпартамент духоўных справаў. Пётр I не хітраваў, калі казаў, што ёсць сенат духоўны (Сінод) – і сенат свецкі. Таму гэтая царква з самога пачатку абслугоўвала дзяржаўную машыну. Усе спробы патрыярхаў неяк паўплываць на ўладу і стаць самастойнымі заканчваліся або смярцямі, або высылкам, пазбаўленнем сану або расколам. Так што і пры царах, і пры бальшавіках РПЦ – гэта ўсяго толькі ідэалагічны абслуговы персанал. Усе здаровыя сілы царквы, што спрабавалі гэтаму супрацьстаяць, імгненна знішчаліся.

– Ці можна сёння з кімсьці ў Маскоўскім патрыярхаце дамовіцца на мірнае залагоджванне, каб яны пакінулі тэрыторыю Украіны?

– Там практычна няма з кім дамаўляцца. За гады савецкай улады праводзілася селекцыя кадраў. Памятаеце, як Глеб Якунін і ягоныя паплечнікі ў пачатку 1970-х падумалі, што сітуацыя паляпшаецца, і напісалі ліст мітрапалітам ды патрыярху ў спадзеве, што зменшыцца ціск на царкву? Яны хацелі, каб пасвячэнне ў сан было не з дазволу спецслужбаў. Але ў выніку ўсе падпісанты гэтага звароту былі рэпрэсаваныя. Сітуацыя не змянілася да гэтага часу. Усё кантралююць і ўсім кіруюць спецслужбы. Таму не толькі ў Расеі любыя спробы дабіцца самастойнасці царквы натыкаюцца на гэты свецкі фактар. Такая ж сітуацыя і ў Беларусі, і ў Малдове. Расейскія сілавыя структуры будуць да апошняй магчымасці трымацца за сваю царкву на тэрыторыях чужых дзяржаваў. Гэта ж і канал уплыву ды перадачы інфармацыі, і агенты ўплыву або проста агенты.

– Гэта значыць, што ў жарце «Якое ў вас, бацюшка, званне?» ёсць доля праўды?

– Некалькі гадоў таму ў прэсу трапіў зварот аднаго афіцэра ФСБ, які абураўся тым, што яго перавялі ў аддзел вонкавых царкоўных стасункаў РПЦ і не падвышаюць у званні. Гэта значыць, яны нават не пераходзяць туды самыя, а трапляюць на загад кіраўніцтва.

Мітынг ля ўваходу ў Кіева-Пячэрскую лаўру ў Кіеве. Дэманстранты пратэстуюць супраць адмовы святароў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату адслужыць паніхіду па загінулых на Данбасе ўкраінскім вайскоўцам і грамадзянам, якія не былі ахрышчаныя ў святынях УПЦ МП. Кіеў, Украіна. 8 студзеня 2018 года. Крыніца: c14news / Facebook

– Перайшоў з аднаго аддзелу ў іншы.

– Так. Перайшоў у той аддзел, які займаецца РПЦ, а ёсць яшчэ аддзел, які займаецца ісламам, і іншыя такія аддзелы. На сёння высокія чыны ў царкве – гэта або людзі, якія цесна супрацоўнічаюць з ФСБ, або агенты ўплыву. Ёсць такія, якія займаюцца самацэнзураю. Гэта як у савецкі час казалі: «Звяраем свой гадзіннік з партыяй». Яны заўсёды вагаюцца разам з курсам партыі і ўраду.

– Як можна залагодзіць тое супрацьстаянне каля Кіева-Пячэрскай лаўры?

– Што да сітуацыі ў Кіева-Пячэрскай лаўры, то там пытанне хутчэй не рэлігіі, а арэнды, маёмасці і нерухомасці. Калі лаўра перадавалася царкве, то былі пастаўленыя ўмовы наконт захавання маёмасці і ўсяго комплексу, якія трэба было выконваць. Пагатоў яны абʼяўленыя UNESCO сусветнаю каштоўнасцю. Тое, што зрабілі там за апошнія 30 гадоў, – гэта грубае ўмяшанне. Там пабудаваныя 48 абʼектаў.

– Значыць, быў атрыманы дазвол. Толькі бізнес?

– Яны разглядаюць лаўру як сваю ўласнасць. Яны там пабудавалі элітныя гатэлі, лазні, тое, што ніякага дачынення да рэлігіі не мае. Выключна меркантыльныя інтарэсы. Не пабудавалі ніводнага начлегу для пілігрымаў, каб тыя маглі прыехаць і спыніцца там на ноч. Замест гэтага – элітныя нумары для VIP-наведнікаў і забаўляльныя ўстановы. Чаго там толькі няма. Але ж яны яшчэ пачалі займацца і сельскагаспадарчымі працамі. Разбілі агароды і палівалі іх. Пачала ў пячэры паступаць вільгаць. Шмат якія каналы, спецыяльна зробленыя для адцёку вады, яны мадэрнізавалі, некаторыя пашкодзілі. Дзяржава потым мусіла даваць грошы на ліквідацыю гэтых наступстваў.

– А як на гэта рэагавала грамадскасць?

– Доўгі час Маскоўскі патрыярхат успрымаўся не як рэлігійны, а як палітычны субʼект ва Украіне. Нават вось такія грубыя парушэнні законаў ніяк не ўплывалі на іх статус і прысутнасць на тэрыторыі краіны. Ім нават штрафы не давалі за ўсё гэтае. А ў 2014 годзе была нават такая ідэя на Майдане – сфармаваць калону і захапіць лаўру. Але тады шмат святароў, біскупаў Кіеўскага патрыярхату выступілі супраць. Аргумент – «не трэба іх чапаць, а то Пуцін нападзе». Так што рэлігійны складнік прывязваўся да палітычнага, эканамічнага і вайсковага. Кіеўская, Пачаіўская і Святагорская лаўры – гэта апірышча «русского мира». Усе антымайданы ішлі з гэтых пунктаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Успенскі сабор Кіева-Пячорскай лаўры ў Кіеве, Украіна. 7 студзеня 2022 года.
Фота: Каміла Вайцэхоўская / Вот Так / Белсат

– РПЦ – адзін з элементаў гібрыднай вайны ва Украіне. Вайна цягнецца з 2014 года. Але летась мяне ўразілі багатыя святыні і манастыры на захадзе краіны. Відаць, што гэта пабудавана зусім нядаўна і на русіфікацыю грошай не шкадавалі. І гэта новыя будынкі. Як такое стала магчымым?

– У царскі час была такая ж палітыка, як, напэўна, і ў Беларусі. На захадзе святары атрымлівалі падвойны заробак за русіфікацыю краю. А русіфікацыя – гэта ж не толькі расейская мова, гэта яшчэ і расейская ментальнасць. «Русский мир». Успрыманне сябе часткаю Расеі, а не Украіны. Тое, што РПЦ збудавала новыя будынкі, ёсць следствам прарасейскай палітыкі Кучмы. Ён лічыў, што трэба Украінскую Памесную царкву будаваць на базе Маскоўскага патрыярхату ва Украіне. Перавагаю для будаўніцтва святыняў карысталіся прадстаўнікі РПЦ. Зусім крыху давалася Кіеўскаму патрыярхату. Бліжэй да вас месціцца Чарнігаўская вобласць. Дык вось я скажу, што ў сярэдзіне 1990-х палова насельніцтва там падтрымлівала Кіеўскі патрыярхат. За час кіравання Кучмы да 2004 года Маскоўскаму патрыярхату перадалі больш за 240 цэркваў і манастыроў, а Кіеўскаму патрыярхату – толькі 12. З іх 4 царквы і 8 памяшканняў, прыстасаваных для набажэнства. Былі нават выпадкі, калі мясцовая грамада будавала святыню ці рэстаўравала былую закінутую царкву, а потым прыязджалі сілавікі і сілай адбіралі ды перадавалі будынак ва ўласнасць Маскоўскага патрыярхату. Такая палітыка спрыяла таму, што РПЦ хутка будавалася і заняла дамінантную пазіцыю.

– Вайна мусіла ўсё змяніць у стаўленні да «русского мира». Свет убачыў столькі выкрывальных матэрыялаў і пра таго ж патрыярха Кірыла, і пра тое, як святары РПЦ асвячаюць ракеты, што ляцяць бамбіць мірныя гарады. І як цяпер быць з гэтымі святынямі і бацюшкамі?

– На жаль, цяпер мы назіраем маніпуляцыю. 27 траўня 2022 года на Саборы УПЦ МП яны заявілі, што выйшлі з-пад уплыву Масквы і цяпер усё інакш. Нават перасталі ў малітвах славіць Кірыла. Але гэта хлусня. Сувязі з Масквой яны не разрывалі. Згодна з законам 2018 года, у назве арганізацыі мусіць быць указаная юрысдыкцыя. Дванаццаць з паловаю тысячаў парафіяў павінны былі адлюстраваць у сваіх назвах найвышэйшы кіроўны орган – Маскоўскую патрыярхію. Але на сёння толькі 105 з іх выканалі патрабаванні закону.

– Што ж застаецца ў гэтай сітуацыі? Можа, ёсць сэнс ва ўмовах цяперашняй гібрыднай вайны больш увагі надаваць гэтай тэме ў друку, тэлебачанні? Бо шмат хто дасюль не можа паверыць, што святар, да якога яны звяртаюцца са сваймі праблемамі, можа быць агентам уплыву Крамля.

– Гэта трэба рабіць, але, на жаль, шмат якія медыі сёння манапалізаваныя Офісам прэзідэнта і такіх ініцыятываў мы пакуль не бачым. Пакуль, нягледзячы на ​​тое, што ў снежні 2022 года было рашэнне РНБА і ўказ прэзідэнта аб УПЦ МП ды неабходнасці ўрэгуляваць пытанне пра яе статус, праца прабуксоўвае. І найперш прабуксоўвае праца інфармацыйная. Працэс ідзе на найвышэйшым узроўні, і гэта працэс дамаўлення.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына трымае плакат з выяваю мітрапаліта Паўла, які стаіць побач з Уладзімірам Пуціным, ля Кіева-Пячэрскай Лаўры ў Кіеве, Украіна. 4 ліпеня 2023 года.
Фота: Sergei Chuzavkov / AFP / East News

– А з кім там можна дамаўляцца, калі там людзі, так бы мовіць, «пры пагонах»?

– Так. Я думаю, што гэта тупіковая сітуацыя. Амаль 9 месяцаў не ўдавалася ўнесці на разгляд Вярхоўнай Рады новы ўрадавы закон, які павінен урэгуляваць пытанне падпарадкавання УПЦ Маскоўскаму патрыярхату. Цяпер, нарэшце, закон прынялі ў першым чытанні. Калі будзе другое чытанне і канчатковае прыняцце – таксама пытанне. Але ў нас ёсць Закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыяў, які абавязвае даваць прыхаджанам праўдзівую інфармацыю пра кананічную прыналежнасць. Гэта таксама патрабаванне Еўрапейскага суда правоў чалавека. Трэба проста яго выконваць і не чакаць новага закону. Там таксама дакладна прапісана: тыя арганізацыі, якія не выконваюць патрабаванняў закону, страчваюць легітымнасць сваёй назвы. Фактычна губляюць свой юрыдычны статус.

Ёсць яшчэ шэраг парушэнняў з іх боку. Напрыклад, у нас ваеннае становішча, якое забараняе масавыя імпрэзы. А цэрквы праводзяць хросныя хады на некалькі тысячаў чалавек. Усе гэтыя фактары сведчаць, што няма адзінай палітыкі ў гэтым пытанні.

– Увесь свет убачыў, наколькі сурʼёзная сёння праблема ўплыву на масавую свядомасць. Мы бачылі, што рабілася на Данбасе яшчэ ў 2004 годзе. Падрыхтоўвалася глеба – і ў 2014-м гэта спрацавала. Але ці могуць у сённяшняй сітуацыі вашыя высілкі ў справе збавення ад уплыву РПЦ як правадніка «русского мира» ва Украіне стаць больш паспяховымі?

– Пра важнасць Маскоўскай царквы як каркасу Расейскай імперыі, якую спрабуе аднавіць Пуцін, сведчыць адзін факт. 11 кастрычніка 2018 года Сінод Канстанцінопаля пастанавіў аднавіць сваю Кіеўскую мітраполію і выдаць Томас. Ужо на наступны дзень Пуцін склікаў Савет бяспекі Расеі наконт гэтага, а 15 кастрычніка патрыярх Кірыл упершыню сабраў пасяджэнне Сіноду ў Менску. Пуцін і Кірыл спалохаліся, што і Беларусь можа ў перспектыве атрымаць аўтакефалію. А гэта толькі пытанне часу – страціць кантроль ды ўплыў і ў іншых краінах. Таму гэтай тэме трэба надаваць больш увагі, трэба найперш палітычная воля. Як РПЦ будзе паводзіць сябе ў той жа Беларусі ў перспектыве, залежыць ад вынікаў заканчэння вайны.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў