У Менску пастанавілі ўключыць ацяпленне ў жылых дамах


У Менску сёння пачнуць уключаць ацяпленне ў жылых дамах, перадае БелТА. Працэс зойме да пяці дзён. Пры гэтым у Менскай вобласці цёплых батарэяў яшчэ давядзецца пачакаць.

Батарея, отопление, коммунальные услуги, коммуналка
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Менскі гарадскі выканаўчы камітэт пастанавіў ад сёння ўключыць ацяпленне ў жылых дамах, інтэрнатах, лазнях, установах адукацыі, тэатрах. Праўда, у адзін момант цяпло не прыйдзе паўсюль – працэс зойме ад трох да пяці дзён.

У сацыяльныя аб’екты Менску цяпло далі 6 кастрычніка. Найперш у школы і дзіцячыя садкі, установы аховы здароўя.

Пры гэтым жыхарам Менскай вобласці давядзецца яшчэ пачакаць. Сёння пастанавілі ўключыць ацяпленне толькі ў сацыяльных установах, да таго ж не ўва ўсіх раёнах (у 15 з 22). Камунальнікі рэгіёну дадуць цяпло ў жылыя дамы, калі цягам пяці дзён сярэдняя тэмпература не перавысіць 8 градусаў.

Сёння ж ацяпленне ўлучаць у Гомлі – і таксама ва ўстановах першай чаргі (школах, дзіцячых садках, паліклініках). Жыхароў абяцаюць сагрэць «найбліжэйшым часам», калі – не ўдакладняюць.

У Берасцейскай вобласці ацяпляльны сезон пачнецца заўтра, 10 кастрычніка, і таксама спачатку ў сацыяльных аб’ектах. Прагнозы для жыхароў несуцяшальныя: трэба чакаць ніжэй за 8 градусаў цягам пяці дзён, а «паводле прагнозаў сіноптыкаў, ідзе невялікае пацяпленне», канстатавалі ва ўпраўленні ЖКГ абласнога выканкаму. Там параілі жыхарам «выканаць работы, што дазволяць захаваць цяпло ў памяшканнях»: праверыць вентыляцыю і заклеіць драўляныя вокны.

Акрамя таго, сёння ўключаць ацяпленне ў сацыяльных установах у Гарадзенскай вобласці, а на Віцебшчыне цяпло дадуць ужо ў жылыя дамы. Магілёўскі аблвыканкам пра пачатак ацяпляльнага сезону яшчэ нічога не паведамляў.

Раней у Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі падлічылі, што гэтаю зімою за паслугі ЖКГ для двухпакаёвай кватэры плошчаю 48 квадратных метраў з двума жыльцамі давядзецца плаціць прыкладна 153 рублі. Летась было 140 рублёў.

Hавiны
У Беларусі выпаў снег, вецер валіць дрэвы. Пачалі ўключаць ацяпленне
2023.10.08 19:18

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў