Цывілізаваны свет прызнае права Ізраілю на самаабарону, але не Беларусь


Вайна паміж Ізраілем і Палестынай набірае абароты: Ізраіль заявіў пра поўную блакаду Сектару Газа. 92 краіны выступілі ў падтрымку ізраільцянаў, але Беларусі сярод гэтых краінаў няма. Дэпутат Вярхоўнага савету ў 1990-1996-х гадах, палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Сяргей Навумчык тлумачыць такія паводзіны  антысемітызмам і нагадвае пра заявы Лукашэнкі, якія той рабіў яшчэ на пачатку сваёй кар’еры.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Як кіраўнік краіны, так сказаць, як афіцыйная асоба ён [Лукашэнка] павінен сябе стрымліваць, але калі мы паглядзім, якія сілы прывялі яго да ўлады – вось на той пачатак 1990-х гадоў, на першую палову, – якія яго падтрымлівалі, там “Славянскі сабор Белая Русь”, усе гэтыя фашысцкія, прарасейскія, шавіністычныя газеткі… Яны там былі абсалютна антысеміцкія адначасна: там карыкатуры антысеміцкія і гэтак далей», – нагадвае Сяргей Навумчык і дадае, што за беларускім рэжымам стаіць КДБ, а там антысемітызм і антыамерыканізм заўсёды былі «маркерам» і «радавой плямай».

Таму прапагандысцкія заявы ў падтрымку Палестыны ў лукашэнкаўскіх СМІ, паводле палітычнага аглядальніка, не навіна. І нават той артыкул Ігара Молатава ў газеце «Мінская праўда» з заклікам «падарваць над Ізраілем тэрмаядравую бомбу», які праз суткі выдалілі, наступстваў ніякіх мець не будзе.

«Ва ўсім цывілізаваным свеце разумеюць, што тое, што адбылося ў апошнія дні і гадзіны там, з Сектару Газа, – гэта тэракт, самы натуральны тэракт, – падкрэслівае эксперт і параўноўвае гэтыя падзеі з тэрактам у 2001 годзе, калі былі атакаваныя Нью-Йорк і Вашынгтон. – І цывілізаваны свет прызнае права Ізраілю на самаабарону. 92 краіны пра гэта заявілі. Беларусі сярод гэтых краінаў няма».

Сяргей Навумчык падкрэслівае, што застаецца 2 светы: свет дабра – заходняя цывілізацыя, якая пабудаваная на дэмакратычных пачатках, і з другога боку – вось гэты свет пекла, дзе ўсталяваныя дыктатуры.

«Абсалютна ясна, што за гэтымі баевікамі з Газы стаяць даволі прафесійныя, добра аздобленыя і з вопытам спецыяльныя службы. Ну, мы можам назваць краіны, дзе гэтыя спецслужбы ўжо дзесяцігоддзямі падтрымлівалі тэрарыстычныя групоўкі, у тым ліку і арабскія», – падсумоўвае палітычны аглядальнік, падкрэсліваючы, што прамых доказаў віны Масквы ў канфлікце няма, але дастаткова быць кемлівым чалавекам, каб разумець, каму гэты канфлікт выгодны.

Здымак вокладкі: Khalil Hamra / AP Photo

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў