«Пачакайце, нешта нада мной бабахнула…» Беларусы распавялі, якая атмасфера пануе ў ізраільскіх гарадах


Беларусы, якія знаходзяцца зараз у Ізраілі, распавялі «Белсату» пра яднанне і салідарнасць жыхароў гэтай краіны на трэці дзень пасля тэрарыстычнай атакі баевікоў «Хамас». Сірэны, выбухі, бяссонныя ночы – і чэргі на станцыях пералівання крыві.

Будынкі, пашкоджаныя ў час ракетнага абстрэлу
Будынкі, пашкоджаныя ў час ракетнага абстрэлу. Кір’ят Гат, Ізраіль. 8 кастрычніка 2023 года.
Фота: Алег Барадзін

Музыка і спявак Пінхас Ц. знаходзіцца зараз у горадзе Рэхавот за 20 км ад Тэль-Авіву. На некаторы час ён перарывае размову з карэспандэнтам «Белсату», каб спраўдзіць, ці не загучала сірэна. Праз хвіліну зноў выходзіць на сувязь і кажа, што было траплянне ў жылы дом, але – у суседнім горадзе.

Рэхавот: паўтары хвіліны, каб дабегчы да сховішча

«А раніцай 7 кастрычніка, калі ўсё пачалося, патрапілі ў машыну побач з нашым домам. Але, на шчасце, у нашым горадзе ахвяраў не было. А зараз – пастаянныя сірэны. На жаль, не ўсе ракеты збіваюцца. Таму пастаянна людзі бегаюць у бамбасховішчы з дзецьмі. І напружаная сітуацыя наагул, бо ўсё зачынена, апроч прадуктовых крамаў», – кажа Пінхас.

Пінхас распавядае, што ў выпадку паветранай трывогі людзі маюць паўтары хвіліны, каб схавацца ў бамбасховішчы – роўна столькі ляціць ракета з Газы да Рэхавоту.

«Таму проста гатовыя ўсе. Калі сірэна – усе бягуць у сховішчы ці на лесвічную клетку ніжэй, бо ракеты б’юць па вышэйшых паверхах», – гаворыць наш суразмоўца.

Прызнаецца, што мінулая ноч – з суботы на нядзелю – была зусім бяссонная. Наступная – крыху лягчэй. Сірэна разбудзіла пасля поўначы. А пакласці дзяцей у ложак пасля трывогі вельмі цяжка.

«Пачынаеш прывыкаць да гэтай рэальнасці»

Па словах Пінхаса, сітуацыя ў панядзелак застаецца напружаная. Людзі выходзяць на вуліцу толькі па самых важных справах і не выпускаюць дзяцей – з засцярогі, што ў горадзе могуць быць тэрарысты «Хамас». Кажа, што ў суботу баевікі праязджалі зусім недалёка ад іх гораду.

Hавiны
Ізраіль абвесціў пра ўзнаўленне кантролю над усімі паселішчамі каля Газы
2023.10.09 14:15

Гэта пачатак ужо другой вайны, які перажывае сямʼя Пінхаса. Напрыканцы лютага 2022 года яна вымушаная была эвакуявацца ў Ізраіль з Украіны, якую атакавала Расея.

«Таму страху няма. Пасля тых украінскіх перажыванняў ты ўжо пачынаеш прывыкаць да гэтай рэальнасці. Страх толькі ў дзяцей, і тое ўначы. І – за дзяцей», – кажа мужчына.

Параўноўваючы першыя дні вайны ва Украіне і Ізраілі, заўважае, што не бачыць цяпер у сваім горадзе столькі вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі, колькі было ў Кіеве напрыканцы лютага 2022 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільцяне аглядаюць завалы будынку праз дзень пасля таго, як у яго патрапіла ракета, выпушчаная з сектару Газа. Тэль-Авів, Ізраіль. 8 кастрычніка 2023 года.
Фота: Oded Balilty / AP Photo / East Nws

«Яны дзесьці патрулююць, але я не бачу іх пастаянна. Выходзіш і не бачыш вайсковай тэхнікі. Я мяркую, яны больш дарогі патрулююць, чым канкрэтныя гарады. Але паліцыі шмат. Ёсць машыны, якія не выглядаюць як паліцэйскія, але разумееш, што гэта паліцыя. Не ведаю, як гэта працуе. Адчуваю толькі напружанне. І – няма людзей на вуліцах», – дзеліцца Пінхас Ц.

Згуртаванасць і салідарнасць

Наш суразмоўца кажа таксама, што людзі ў горадзе зараз не абмяркоўваюць пытанне, чаму так увогуле магло стацца, што атака «Хамасу» апынулася такой неспадзяванай і ізраільскія службы былі да яе непадрыхтаваныя.

«Ніхто зараз гэта не абмяркоўвае. Людзі пераключыліся на тое, чым могуць дапамагчы і што зрабіць тут і цяпер для войска і для абароны краіны. Пытанне, хто вінаваты, будзе, думаю, уздымацца пазней», – гаворыць Пінхас.

Ён кажа, што многія ягоныя знаёмыя, у тым ліку з рэлігійнага асяродку, атрымалі позву ў войску і ўжо ўзялі ў рукі зброю. Астатнія ладзяць шматлікія зборы – адзення і харчавання для вайскоўцаў. Згуртаванасць і салідарнасць – такая зараз атмасфера.

«Пачакайце, нешта нада мной бабахнула… Але ў нас няма трывогі. Гэта дакладна недзе недалёка.

Можа, кіламетраў 5 ад нас. Збілі ракету, і тут усё чуваць. Хутчэй за ўсё, у суседнім горадзе. Але тут гарады не на такой адлегласці, як у Беларусі – зусім побач адзін з адным. Пераязджаеш з адной вуліцы на другую – і ўжо іншы горад…» – тлумачыць Пінхас.

Хадэра: «Усе на нервах, усе зачыняюць дзверы»

Пра атмасферу салідарнасці і адсутнасць панікі распавядае і журналіст «Белсату» Барыс Сухадрэў, які знаходзіцца ў горадзе Хадэра на поўначы Ізраілю. Горад ляжыць па-за межамі баявых дзеянняў, і раніцай 7 кастрычніка тут не гучалі сірэны паветранай трывогі.

Журналіст «Белсату» Барыс Сухадрэў. Фота прадставіў суразмоўца

Сітуацыя ў горадзе ў панядзелак, як кажа Барыс, вонкава больш спакойная, чым у звычайныя мірныя дні, бо – менш людзей і аўтамабіляў на вуліцах. Тое, што ў краіне абвешчаная вайна, чытаецца па тварах і эмоцыях людзей.

«Усе на нервах, усе стараюцца зачыняць дзверы, таму што невядома, адкуль могуць прыйсці. Хадэра знаходзіцца побач з вялікай колькасцю арабскіх пасяленняў. Таму магчымасць таго, што можа ўспыхнуць канфлікт, заўжды існуе. Так адбывалася падчас папярэдніх канфліктаў, калі ў арабскім сектары ўспыхвалі свайго кшталту паўстанні. Але пакуль што ўсё вельмі ціха», – апавядае Барыс Сухадрэў.

Журналіст кажа, што ніякай панікі не назіраецца. Мясцовыя СМІ стараюцца не накручваць эмоцыяў і падаваць інфармацыю вельмі карэктна і акуратна. Асабліва тую, якая тычыцца магчымага ўдару з поўначы баевікоў ліванскай групоўкі «Хізбула».

Па словах Барыса Сухадрэва, ужо зʼявілася інфармацыя аб пераабсталяванні ў Хайфе падземнай паркоўкі больніцы Рамбам, якая падчас ваенных дзеянняў ператвараецца ў ваенны шпіталь. На думку нашага суразмоўцы, гэта не вельмі добры знак. Але Ізраіль рыхтуецца да розных сцэнарыяў.

«Велізарныя чэргі на станцыях пералівання крыві»

Што тычыцца інфармацыі аб ахвярах, то, па словах Сухадрэва, іх колькасць працягвае павялічвацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільцяне здаюць кроў у больніцы ў Тэль-Авіве, Ізраіль. 8 кастрычніка 2023 года.
Фота: Gideon Markowicz / JINI / Xinhua / East News

«На сёння, было 300 чалавек, якія лічацца зніклымі без звестак. Напэўна, маюцца на ўвазе і тыя, хто быў узяты ў закладнікі і знаходзіцца зараз на тэрыторыі сектара Газа. Калі тэрарысты заехалі на сваіх пікапах, яны забівалі ўсіх запар. Застаюцца неапазнаныя целы. Таму колькасць ахвяраў, на жаль, будзе расці», – мяркуе Барыс Сухадрэў.

Ён заўважае, што ў адказ на гэта людзі абʼядноўваюцца на ўзроўні муніцыпалітэту і прыватных ініцыятываў, каб дапамагаць і падтрымаць семʼі пацярпелых і вайскоўцаў. Збіраюць прадукты, адзенне, сродкі гігіены. Рыхтуюцца да прыёму семʼяў з поўдня краіны.

«І людзі пачалі вельмі актыўна здаваць кроў. Велізарныя чэргі на станцыях пералівання крыві. Усе ідуць аддаць кроў», – апавядае журналіст «Белсату».

Барыс Сухадрэў адзначае, што ваеннае становішча ў Хадэры адчуваецца таксама па тым, што на вуліцах стала больш паліцэйскіх. Але не нашмат больш, чым у мірныя часы.

«Прысутнасць службаў бяспекі адчуваецца па ўсёй краіне. Учора ездзіў да сябра ў суседні горад. Праехаў праз 2-3 блокпасты і назад, калі ехаў, столькі ж. Але дастаткова «лайтова». Заглядаюць у машыну, і едзеш далей», – апавядае журналіст.

Барыс распавядае таксама, што ў прадуктовых крамах Хадэры ў апошнімі днямі адчуваўся недахоп некаторых асноўных прадуктаў харчавання, але цяжка гэта назваць дэфіцытам.

«Дзесьці там не было малака, дзесьці – яек. Але не ўсюды – кропкамі так. Проста трэба звыкнуцца з думкай, што гэта ўжо вайна, і наладзіць лагістыку», – мяркуе Барыс Сухадрэў.

Ранкам 7 кастрычніка тэрарысты ХАМАС пачалі ракетныя абстрэлы Ізраілю і наземнае ўварванне ў бліжэйшыя да Газы гарады, пазней іх падтрымалі тэрарысты ліванскай групоўкі «Хізбула». Ізраіль афіцыйна перайшоў у стан вайны. Паводле афіцыйных звестак, забітыя звыш 700 ізраільцянаў, яшчэ звыш 2100 параненыя і звыш 100 выкрадзеныя. Сярод пацярпелых ад нападу на Ізраіль ёсць грамадзяне Беларусі. Армія абароны Ізраілю заявіла, што вайскоўцы вярнулі кантроль над усімі гарадамі каля мяжы з сектарам Газа. Але не выключана, што баевікі «Хамасу» яшчэ застаюцца на ізраільскай тэрыторыі.

Каментар
Антысемітызм – погляды часткі рэжыму. Лукашэнка маўчыць пра Ізраіль, але не яго прапаганда
2023.10.09 14:49

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў