ХАМАС пагражае пачаць забіваць закладнікаў, калі Ізраіль працягне ўдары «па цывільных жыхарах» Газы


Прадстаўнік ваеннага крыла ХАМАС Абу Убайда заявіў, што баевікі пачнуць забіваць закладнікаў, калі Ізраіль будзе весці новыя бамбаванні жылых дамоў без папярэджання, паведамляе Al Jazeera.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палестынец паказвае на мячэць Ахмэда Ясіна, зруйнаваную ізраільскімі авіяўдарамі ў горадзе Газа, Сектар Газа. 9 кастрычніка 2023 года.
Фота: Mohammed Abed / AFP / East News

Убайда заявіў, што цяпер палонныя знаходзяцца ў бяспецы і ў выпадку іхнага забойства віна будзе ляжаць на ізраільскай арміі, якая наносіць удары ў тым ліку па дамах мірных жыхароў.

«Любы напад на нявінных цывільных асобаў без папярэджання будзе сустрэты пакараннем аднаго з палонных, якія знаходзяцца ў нас пад вартай. І мы будзем вымушаныя трансляваць гэтае пакаранне», – заявіў прадстаўнік ХАМАС.

Ізраіль адмовіўся ад папярэджанняў жыхароў сектару Газа аб ударах, а таксама ад папераджальных удараў па дахах дамоў, каб жыхары паспелі сысці, піша The Times of Israel са спасылкай на ізраільскіх вайскоўцаў. Ізраіль не будзе наносіць удары па тых кропках, адносна якіх ёсць інфармацыя, што там знаходзяцца закладнікі.

Каментар
Ці будзе вялікая вайна на Блізкім Усходзе? Хто і навошта дапамагаў у нападзе на Ізраіль
2023.10.09 21:56

Раніцаю 7 кастрычніка а 6:30 паводле ізраільскага часу ўзброенае крыло «Хамас» абвясціла пра пачатак аперацыі «Паводка Аль-Акса» супраць Ізраілю і атакавала краіну ад поўдня да цэнтру больш як 5000 ракетаў і снарадаў.

Станам на вечар 9 кастрычніка ад моманту пачатку атакі «Хамасу» ў Ізраілі загінулі больш за чалавек, больш за 2500 атрымалі раненні. Вядома пра трох пацярпелых беларусаў.

Палестына заяўляе пра 687 загінулых і каля 3,7 тысячаў параненых.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў