Новая вайна паміж Палестынай і Ізраілем працягвае заставацца ў топе міжнародных навінаў, забіраючы ўсё новыя ахвяры. Беларускія дэмакратычныя сілы ўжо выказалі сваё падтрыманне ізраільскаму народу, а вось верхавіна рэжыму спрабуе не заўважаць канфлікту, тады як беларуская прапаганда на сваіх старонках заяўляе, што перамога Палестыны – «гэта перамога Масквы і Менску».
Як паведаміла Міністэрства замежных справаў Беларусі, пасля нападу баевікоў на Ізраіль пацярпелі прынамсі двое грамадзянаў нашай краіны – жанчына і ейны сын. Адзін з параненых (міністэрства не ўдакладніла, хто) – у надзвычай цяжкім стане.
У МЗС Беларусі заявілі аб недапушчальнасці атак на цывільных і адзначылі, што «шакаваныя інфармацыяй аб колькасці загінулых і параненых у першыя содні канфлікту». А вось іншыя ўлады Беларусі маўчаць. Маўчыць і Аляксандр Лукашэнка, які 5 кастрычніка выказваў спачуванні прэзідэнту варожай Ізраілю Сірыі Башару аль-Асаду, асуджаючы «злачынную атаку ў сірыйскім горадзе Гомсе 5 кастрычніка 2023 года, якая прывяла да шматлікіх чалавечых ахвяраў». 9 жніўня Лукашэнка ж віншаваў прэзідэнта Уганды з Днём Незалежнасці. А вось Ізраілю, дзе колькасць ахвяраў тэрарыстычнага нападу ўжо дасягнула 700 асобаў, у графіку Лукашэнкі месца не знайшлося.
Пры гэтым у дзяржаўнай «Мінскай праўдзе» ўвечары 8 кастрычніка быў надрукаваны артыкул рэдактара «Russia Today» Ігара Молатава, напісаны адмыслова для беларускага выдання. У ім расейскі аўтар прапаноўвае ўзарваць тэрмаядравую зброю над Ізраілем, які ён называе фашысцкім і параўноўвае з Трэцім Райхам.
Не зважаючы на масавыя забойствы цывільных грамадзянаў, дзяржаўная газета Беларусі публікуе наступныя словы:
«Перамога Палестыны на акупаваных тэрыторыях – гэта перамога Масквы і Менску. Нават калі цяпер палестынскі супраціў не атрымае перамогі ў смяротнай сутычцы з Тэль-Авівам, сцягі Палестыны зашумяць над мячэццю Аль-Акса ў Іерусаліме».
Антыізраільскую прапаганду і жарты на тэму вайны можна знайсці і на іншых звязаных з рэжым Лукашэнкі рэсурсах. У прыватнасці, услед за расейскімі калегамі, яны здзекуюцца з расейскіх зорак (Андрэя Макарэвіча, Алы Пугачовай, Барыса Грабеншчыкова, Максіма Галкіна) і іншых грамадзянаў РФ, якія пераехалі ў Ізраіль, або высмейваюць салідарнасць з ізраільцянамі.
Эксперт «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі ў каментары «Белсату» адзначыў, што сур’ёзная заклапочанасць МЗС Беларусі – «гэта цалкам лагічная пазіцыя, тым больш, што ў Беларусі з Ізраілем даволі моцныя сувязі і шмат грамадзянаў і выхадцаў з Беларусі знаходзяцца там».
«Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка апошні час займаў пазіцыю барацьбы з калектыўным Захадам, і Ізраіль фактычна – гэта частка гэтага самага Захаду. Наўпроставых выпадаў супраць Ізраілю ён не рабіў, але перыядычна бывалі выказванні, за якія потым беларускія чыноўнікі прасілі прабачэння. Гэта паказвае на тое, што ў яго даволі неадназначнае стаўленне да ізраільскага народу», – заявіў эксперт, нагадаўшы, што разам з тым гэта не перашкаджала прызначаць на пэўныя пасады людзей габрэйскага паходжання.
На думку Быкоўскага, Лукашэнка адмоўчваецца не проста так, а, хутчэй за ўсё, чакае завяршэння сітуацыі. У прыватнасці таму, што «ёсць дзве інфармацыйныя бурбалкі». У адной людзі спачуваюць народу Ізраілю, а ў другой – падаюць інфармацыю «зусім з іншага боку», ставяць знак роўнасці паміж сіянізмам і фашызмам ды «паказваюць сітуацыю такім чынам, што Ізраіль мусіць быць пераможаны».
«Там шмат эмоцыяў, шмат смеху і выказванняў, якія абгрунтоўваюць, чаму гэтая вайна з боку Палестыны мела рацыю», – падкрэсліў эксперт.
Паколькі да гэтага далучыліся тэлеграм-каналы, звязаныя з беларускімі сілавікамі, і дзяржаўная «Мінская праўда», Быкоўскі робіць выснову, што «гэта не афішаваная пазіцыя, але пазіцыя часткі кіроўнага рэжыму». На ягоную думку, гэтыя рэчы «адбываюцца пры патуранні і дазволе кіроўнага рэжыму, а значыць, ён таксама нясе за гэта адказнасць».
Быкоўскі нагадаў, што антысемітызм быў і ў СССР, нягледзячы на афіцыйную дактрыну інтэрнацыяналізму, вялася антысіянісцкая прапаганда і антысеміцкія міфы застаюцца дагэтуль актуальнымі для часткі людзей у Беларусі.
«У значнай ступені людзі, якія цяпер знаходзяцца на кіроўных пасадах, былі выхаваныя ў час той прапаганды», – адзначыў эксперт.
На ягоную думку, працаваць над змяненнем гэтых поглядаў давядзецца нават пасля змены рэжыму.
Тым часам з наўпроставаю крытыкай агрэсіі выступілі дэмакратычныя сілы Беларусі. Гэтак, абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская рашуча асудзіла «атакі “Хамасу” на Ізраіль, якія прывялі да шырокамаштабных разбурэнняў і трагічнай гібелі невінаватых людзей». Яна таксама заклікала беларусаў, якія жывуць у Ізраілі, уважліва слухаць паведамленні Службы тылу і выконваць яе ўказанні.
«Тэрарыстаў, як і дыктатараў, нельга супакоіць. Глабальнае зло, такое як “Хамас” або рэжымы Пуціна і Лукашэнкі, зробіць усё магчымае, каб атрымаць тое, што яны хочуць. Калі мы не адважымся іх спыніць», – адзначыў у сацсетцы «X» дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.
Быкоўскі падкрэсліў важнасць такіх заяваў для людзей, якія «прэтэндуюць на лідарства думак».
«Яны гэта зрабілі, і гэта добра», – падкрэсліў ён.
На ягоную думку, маўчанне дэмакратычных сілаў было б успрынятае як адсутнасць падтрымання, але і агучаная пазіцыя проста «трапіць у хор падтрымання» і наўрад ці паўплывае на стаўленне Ізраілю да беларускай апазіцыі, «аднак сапраўдную ацэнку зрабіць да завяршэння гэтай сітуацыі не атрымаецца».
Макар Мыш belsat.eu