Землятрус у Марока: колькасць ахвяраў вырасла да 820 чалавек


Ноччу 9 верасня ў Марока адбыўся землятрус магнітудай 6,8. Загінула больш за 820 чалавек.

Разбурэнні ў Марока ў выніку землятруса, што адбыўся ўначы 9 верасня 2023 года.
Фота: скрыншот з відэа

Эпіцэнтр землятрусу знаходзіўся ў Атласкіх гарах. Згодна з паведамленнем Геалагічнай службы ЗША, гэта адбылося ў 70 кіламетрах на паўднёвы захад ад Маракеша, які з’яўляецца турыстычным цэнтрам.

Паведамляецца, што ў старой частцы горада, уключанага ў спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, былі разбураныя некалькі будынкаў, у прыватнасці, пацярпеў мінарэт мячэці.

Станам на 12 гадзін загінулымі лічацца 820 чалавек, сотні пацярпелых гаспіталізаваныя. Вядуцца працы па разбору завалаў.

У лякарні Маракеша пастаянна прыбываюць параненыя, мясцовых жыхароў заклікаюць здаваць кроў для пацярпелых.

Паводле словаў Геалагічнай службы ЗША, насельніцтва гэтага рэгіёна жыве ў будынках, якія з’яўляюцца вельмі ўразлівымі да падземных штуршкоў.

Згодна з ацэнкамі мясцовых СМІ, гэты землятрус лічыцца наймагутнейшым у Марока з 1960 года. Тады штуршкі магнітудай 5,8 забралі жыцці тысячаў людзей. У 2004 годзе ў выніку землятрусу магнітудай 6,3 загінула больш як 600 чалавек.

Абноўлена: паведамляецца, што пад заваламі знаходзіцца яшчэ шмат людзей, таму колькасць ахвяраў землятрусу можа вырасці. Шматлікія краіны, уключаючы Індыю, дзе зараз праходзіць саміт G 20, прапанавалі Марока дапамогу.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў