news
Разбор
ГУБАЗіК прызнаў, што карае нават за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы. Што рабіць?
Раз «часам не да законаў», то як не трапіць за краты, калі прадаеш гараж у суполцы сваёй вёскі?
09.09.202314:30

Хоць гэта незаконна, сілавікі ў Беларусі лічаць «распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў» нават падпіску на «няправільны» Telegram-канал. Што рабіць, калі вы нават не думалі, што парушаеце «паняцці» ГУБАЗіКу, а вас абвінавачваюць у «экстрэмізме»?

Невядомы ў форме байца АМАП змененым голасам зачытвае зварот «Нас не запужаць» у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ. 13 кастрычніка 2020 года. Скрыншот: CTVBY / Youtube

Чаму мы пра гэта пішам

Ананімны, але відавочна звязаны з сілавікамі Telegram-канал «Книга ГУ„БАЗА“» 28 жніўня прызнаў: «Фармальна адказнасць прадугледжаная толькі за распаўсюд, то бок перасылку матэрыялаў іншым асобам. Але мы цудоўна разумеем, што калі чалавек такім цікавіцца, значыць, у яго знойдуцца і іншыя парушэнні. Фармальная адсутнасць складу [злачынства. Заўв. belsat.eu] – гэта не нагода ігнараваць парушальніка».

Паводле беларускіх законаў, адказнасць ёсць хіба за распаўсюд і захаванне таго, што ўлады палічаць «экстрэмізмам», але не за чытанне «экстрэмізму» і не за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы. Ды за сам факт падпіскі ўжо даўно каралі – і цяпер гэта прызналі амаль афіцыйна.

Артыкул Адміністратыўнага кодэксу за «экстрэмісцкія матэрыялы» сапраўды «народны» ў кепскім сэнсе. Актывісты падлічылі: за адзін месяц паводле яго 130 чалавек кінулі за краты, а штрафамі набралі звыш 100 тысяч рублёў. І гэты артыкул непрадказальны: вы можаце прадаваць гараж праз суполку сваёй вёскі і аказацца «экстрэмістам».

Агляд
Што ў Беларусі «экстрэмізм»: глядзім на дзівосы спісаў «матэрыялаў» і «фармаванняў»
2023.08.26 14:16

Што рабіць, калі злавілі на такім «экстрэмізме», мы спыталі праваабаронцаў «DissidentBy» і «Human Constanta».

«Часам не да законаў»

Каардынатарка ініцыятывы «Dissidentby» Марына Касінерава кажа, што «чароўнымі словамі» маглі б быць спасылкі на законы і Канстытуцыю, але «ў месцы, дзе „не да законаў“, гэта можа і не спрацаваць». Яна спасылаецца на словы самога Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі праз месяц па выбарах 2020 года: ён казаў, што адносна Беларусі ідзе вонкавая інтэрвенцыя, таму «часам не да законаў».

«Калі ў руках у сілавікоў апынуўся тэлефон і яны бачаць усе падпіскі, то тут ужо варта ўключаць акторскае майстэрства і казаць, што нічога не ведаю пра спісы, навінаў не чытаю, выпадкова здарылася, не ўмею карыстацца», – раіць Касінерава.

Яна працягвае: хутчэй за ўсё, сілавікі проста выконваюць планы на арышты і штрафы, таму не трэба ім ні ў якім разе паказваць, што вы ідэйны праціўнік улады, каб не пачалі шукаць яшчэ нешта акрамя знойдзенага. Ды нават тады ёсць імавернасць, што пакараюць арыштам ці штрафам.

Тэст
Калі Лукашэнкі не стане, што далей? Правер, ці ведаеш палітычную сістэму Беларусі
2023.05.14 10:00

Юрыст «Human Constanta», які пажадаў застацца ананімным, лічыць, што цяпер няма эфектыўнай стратэгіі абароны, каб пазбегчы адказнасці за «падпіскі і рэпосты». Для сілавікоў, лічыць юрыст, не будуць мець ніякага значэння аргументы пра нейкае там права на свабоду волевыяўлення ці пра нейкую адсутнасць зваротнай сілы законаў, а таксама пра цяжкасць разумення, што ёсць законным ці незаконным у краіне са спісам з тысячаў «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Гэта да 2020-га чалавека маглі апраўдаць за рэпост матэрыялу, зроблены да прызнання яго «экстрэмісцкім», а да 2022-га палічыць, што «падпіска – не распаўсюд».

«Варта разумець, што мэта першапачатковага стварэння антыэкстрэмісцкага заканадаўства не прафілактыка радыкалізму і барацьба з перадумовамі ўзнікнення нецярпімасці ў грамадстве, а менавіта пакаранне – пакаранне нязгодных», – кажа юрыст.

Мэты сілавікоў, лічыць ён, не ў прафілактыцы «экстрэмізму», а ў паляпшэнні ўласнай статыстыкі раскрыцця «злачынстваў» ды атрыманні ганарараў і павышэнняў на службе. Таму прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі штучна ствараюць умовы, у якіх «ніякая прававая аргументацыя не можа паўплываць на пакаранне» і каб «людзі не разумелі межаў дазволенага і не ведалі, як можна сябе абараніць».

Вынік залежыць толькі ад настрою канкрэтнага сілавіка. Хіба, заўважае юрыст, да 2023 года жанчын часцей каралі штрафамі, а мужчынаў – арыштамі, але цяпер амаль усіх кідаюць за краты.

Дык што ж рабіць?

«Адзінай дзейнай стратэгіяй у гэтым выпадку можа быць адно прыняцце прэвентыўных захадаў, у прыватнасці, выкананне асноўных правілаў лічбавай бяспекі», – рэзюмуе юрыст «Human Constanta».

Касінерава расказвае падрабязней. Раіць:

• узгадаць пра ўсе свае лічбавыя профілі: «УКантакце», «Аднакласнікі», Facebook… У іх пачысціць усе рэпосты, фота, адзначэнні іншых людзей – і зрабіць профіль прыватным;

• у мэсэнджарах кшталту Telegram і Signal рэгістраваць акаўнты на замежныя нумары праз знаёмых ці онлайн-сэрвісы, каб сілавікі не змаглі ўзламаць іх праз доступ да беларускіх мабільных аператараў. І ў гэтых мэсэнджарах заняцца наладамі прыватнасці;

• не падпісвацца на «апазіцыйныя» каналы – іх можна чытаць і без падпіскі. Напрыклад, пры жаданні пачытаць навіны «Белсату» ў Telegram дастаткова проста набіраць у пошуку «Белсат», а потым чысціць гісторыю пошуку. А ў прыватных перапісках ставіць аўтавыдаленне паведамленняў, у Telegram таксама выкарыстоўваць сакрэтныя чаты.

«Чым меншае вашае блізкае кола камунікацыі ў межах актывізму, чым менш інфармацыі вы захоўваеце, тым больш шанцаў застацца на волі ў Беларусі», – дадае Касінерава.

Яна рэкамендуе людзям у Беларусі рабіць бяспеку прыярытэтам і чытаць інструкцыі праектаў «Кіберпартызаны» і «CyberBeaver», звяртацца па кансультацыі да іх ботаў і да праекту «Страна для жизни». Таксама раіць захоўваць фота і відэа з пратэстаў у бяспечных месцах або шыфраванымі праз праграмы кшталту «Veracrypt». Галоўнае – не даваць сілавікам «фактуры» для справы.

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 13:00

Алесь Наваборскі belsat.eu