У Беларусі 9 жніўня перасталі адкрывацца літоўскі і латышскі парталы навінаў Delfi.lt і Delfi.lv. Цяпер пры спробе зайсці на сайты з’яўляецца акно з надпісам аб абмежаванні доступу па рашэнні Міністэрства інфармацыі.
Чытачы літоўскага парталу з Беларусі звярнулі ўвагу на тое, што зайсці на сайт немагчыма, паведамляе БАЖ. Міністэрства інфармацыі афіцыйна не паведамляла аб блакаванні сайтаў. Таксама парталы не лічацца ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, які рэгулярна папаўняецца.
Літоўскі і латвійскі парталы маюць у тым ліку расейскамоўную версію, дзякуючы чаму іх чытаюць карыстальнікі не толькі з Літвы і Латвіі, але і з Беларусі, Украіны ды Расеі. У тым ліку Delfi рэгулярна асвятляе беларускую тэматыку, публікуе аналітычныя матэрыялы, інтэрв’ю і каментары.
У мінулым месяцы на YouTube-канале RU Delfi Літва выйшаў дакументальны фільм журналіста Мікалая Мамінава «Хроніка сучаснасці» пра беларускія пратэсты, які выклікаў вялікі рэзананс. На шматлікіх кадрах былі твары сотняў пратэстоўцаў, якія не скрылі. Праз гэта пасля публікацыі фільму, як сцвярджаюць сілавікі, былі затрыманыя некалькі чалавек.
Алена Рувіна belsat.eu