«Распаўсюд інфармацыі абмежаваны». Улады не кажуць, колькі беларусаў звярнулася ў камісію для вяртання


Расейскі рэсурс РБК звярнуўся ў Генеральную пракуратуру Беларусі з запытам пра колькасць беларусаў, якія захацелі вярнуцца на радзіму праз адмысловую камісію, створаную ўладамі для тых, хто з’ехаў пасля ўдзелу ў пратэстах. Ведамства адмовілася даць такую інфармацыю.

Генпракуратура Беларусі.
Фота: Sputnik Беларусь

Генеральная пракуратура адказала, што распаўсюд звестак пра звароты ў камісію для вяртання абмежаваны.

«Інфармацыя, якую вы запытваеце, адносіцца да катэгорыі, распаўсюд якой у сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-рэсурсах абмежаваны. Улічваючы вышэй сказанае, скіраваць у ваш адрас звесткі, якія вы запытваеце, не ўяўляецца магчымым», – гаворыцца ў адказе кіраўніцы ўпраўлення Генпракуратуры Беларусі ў справе працы са СМІ Анжалікі Курчак.

Прэс-сакратарка дадала, што «агульнадаступную інфармацыю пра дзейнасць камісіі рэгулярна публікуюць на афіцыйных інтэрнэт-рэсурсах».

У красавіку 2023 года Генеральная пракуратура заявіла, што ў камісію паступіла больш за 60 зваротаў, аднак у ліпені, дзякуючы кіберпартызанам, стала вядома, што насамрэч зваротаў усяго 16, з іх 6 – паводле крымінальных справаў, не звязаных з палітыкаю.

«Гісторыя з камісіяй – больш PR-гісторыя. Яе стварылі пад канкрэтныя кейсы: напрыклад, пад бізнесоўцаў, якія з’ехалі за мяжу, а іхныя бізнесы засталіся ў Беларусі, – каментуе РБК адвакат Антон Гашынскі. – Пры гэтым трэба разумець, што паведамленне ад камісіі – гэта не нейкая ахоўная грамата для заяўніка. Гэта яе меркаванне, якое можа не супадаць з ацэнкамі КДБ ці Следчага камітэту».

У праўладных беларускіх медыях паведамлялі, што камісія ўхваліла заяўкі на вяртанне Наталлі Пратасевіч, маці Рамана Пратасевіча, а таксама ўдзельніка пратэстаў Філіпа Давыдава.

Агляд
Хто такі Філіп Давыдаў, які звярнуўся ў камісію для вяртання, і колькі зваротаў яна ўжо разгледзела?
2023.07.15 17:29

Камісію для разгляду зваротаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія застаюцца за мяжою, у пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў стварылі ў лютым 2023 года. Узначаліў яе генпракурор Беларусі Андрэй Швед. У складзе камісіі – 28 чалавек: чальцы ўраду, работнікі СМІ, універсітэтаў і грамадскіх арганізацыяў, у тым ліку кіраўнікі МЗС, МУС, Следчага камітэту.

Каментар
Вадзім Мажэйка пра «камісіі вяртання»: людзям неабходныя юрыдычныя гарантыі
2023.07.17 23:12

У камісію могуць звярнуцца грамадзяне, якія пасля 1 студзеня 2020 года здзейснілі адміністратыўныя правапарушэнні ці злачынствы пратэснай скіраванасці, пакінулі Беларусь і баяцца вяртацца. Зварот можна падаць да 31 снежня 2023 года ў пісьмовай ці электроннай формах. Заяўнік павінен раскаяцца ў тым, што зрабіў, і праінфармаваць камісію пра гатовасць пасля вяртання публічна перапрасіць і скампенсаваць прынесеную шкоду, а таксама «выконваць Канстытуцыю і заканадаўства Беларусі, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі, свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі доўг».

Заяўнік павінен вярнуцца ў Беларусь цягам трох месяцаў пасля таго, як атрымае адказ на зварот, інакш рашэнне камісіі страціць моц.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў