У Тбілісі прадстаўнікі правых сілаў сарвалі Tbilisi Pride Fest


8 ліпеня ў Тбілісі мусіў адбыцца Tbilisi Pride Fest, арганізаваны ў падтрымку ЛГБТ-супольнасці. Але на тэрыторыю мерапрыемтства прарваліся некалькі тысячаў прадстаўнікоў правых сілаў, якія ўчынілі пагром. Паліцыя не дала рады затрымаць парушальнікаў.

Так, паводле выдання «Paper Kartuli», прыхільнікі кансерватыўнага руху Alt-Info і іншых правых партыяў Грузіі сабраліся разам і рушылі да месца правядзення Tbilisi Pride Fest. Удзельнікі неслі ў руках іконы, сярод мітынгоўцаў былі святары.

Удзельнікам удалося прарвацца скрозь ачапленне паліцыі, якое было зроблена на шляху маршу, і пасля патрапіць на тэрыторыю фэсту.

Ужо непасрэдна на самой тэрыторыі ўдзельнікі шэсця грамілі сцэну, бар, зрывалі плакаты і партрэты, кралі піва і ваду з крамак, а з парваных ЛГБТ-сцягоў, усталяваных перад сцэнай, а таксама з упрыгожанняў і пабудоў фэста зрабілі касцёр. Пры гэтым, як адзначаюць відавочцы, паліцыя не перашкаджала яго развядзенню.

Удзельнікі марша паляць ЛГБТ-сцяг на тэрыторыі фэста.
Фота: Paper Kartuli

Пазней частка ўдзельнікаў пагромаў адправілася да будынка парламента Грузіі, а другая засталася на тэрыторыі мерапрыемства, дзе святкавала «перамогу над ЛГБТ-фэстам», танцуючы пад народную грузінскую музыку.

Арганізатары Tbilisi Pride Fest зрабілі заяву на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», аб тым, што падзеі, якія адбыліся 8 ліпеня, указваюць на тое, што «напад быў папярэдне ўзгоднены МУС і радыкальнай групоўкай Alt-Info», бо паліцыя не блакавала дарогу, што вяла да месца правядзення фэсту, і не прымяняла прапарцыйнай сілы супраць тых, хто чыніў напад.

Удзельнікі маршу разбураюць скульптуры на тэрыторыі фэсту.
Фота: Paper Kartuli

Афіцыйныя асобы краіны таксама адрэагавалі на сітуацыю. Намеснік міністра МУС Аляксандр Дарахвелідзэ адзначыў, што была мабілізавана максімальная колькасць паліцыі, але пратэстоўцаў прыйшло вельмі шмат. Тым не менш паліцыя, паводле ягоных словаў, зрабіла ўсё для «захавання жыцця і здароўя кожнага чалавека», а арганізатараў і ўдзельнікаў мерапрыемства ўдалося вывезці з тэрыторыі фэсту.

Тэрыторыя фэсту пасля пагрому.
Фота: Paper Kartuli

Выказалася з гэтай нагоды і прэзідэнтка Грузіі Саламе Зурабішвілі, якая раскрытыкавала МУС і кіроўную партыю, яна заявіла пра тое, што «гарантаваная канстытуцыяй краіны абарона правоў сходаў абазначае правядзенне мерапрыемства, а не эвакуацыю яго ўдзельнікаў».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў