У Шры-Ланцы пратэстоўцы ўзялі штурмам рэзідэнцыю прэзідэнта


У неафіцыйнай сталіцы Шры-Ланкі Колёмба пратэстоўцы прарвалі паліцэйскае ачапленне і ўварваліся ў афіцыйную рэзідэнцыю прэзідэнта. Пра гэта паведамляе «Reuters».

Тысячы пратэстоўцаў патрабуюць, каб прэзідэнт краіны Готабая Раджапакша пайшоў з пасады. Сам Раджапакша пакінуў сваю рэзідэнцыю напярэдадні, бо баяўся прызначанага на сёння пратэставага маршу.

Падчас пратэстаў прынамсі 21 асоба, у тым ліку двое паліцыянтаў, былі параненыя, паведамляе «Reuters».

Цяпер Шры-Ланка перажывае найбуйнейшы з 1948 года эканамічны крызіс. У краіне няма бензіну і дызельнага паліва, некаторых харчоў і лекаў. Краіна сутыкнулася з рэкордна высокай інфляцыяй і працяглымі адлучэннямі электрычнасці.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў