У выніку засухі ў траўні і пачатку чэрвеня Беларусь недаатрымае ўраджай


У траўні сёлета, паводле звестак Белгідрамету, у сярэднім па Беларусі выпала 11,9 мм ападкаў. Гэта толькі 19 % ад кліматычнай нормы, мінулы месяц стаў самым засушлівым з 1945 году. Пачатак чэрвеня таксама не прынёс дажджу. У выніку эксперты прагназуюць, што калі далей будзе засуха, Беларусь недаатрымае значную колькасць ураджаю. Мікалай Лысенкоў, эксперт па сельскай гаспадарцы, у размове з «Белсатам» распавёў пра наступствы засухі для Беларусі.

Трактар арэ поле пасля збору ураджаю. Менская вобласць, Беларусь. 18 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Травень бягучага году стаў самым засушлівым з 1945 году. За месяц выпала ў сярэднім па краіне 11,9 мм ападкаў, што складае 19 % ад кліматычнай нормы. Першая дэкада чэрвеня таксама была амаль без дажджу. У выніку зямля недаатрымала ападкаў і гэта негатыўна адлюструецца на нашым ураджаі, кажа Мікалай Лысенкоў, эксперт па сельскай гаспадарцы.

«У першую чаргу недахоп вады закране яравыя культуры, якія пасеялі ў красавіку і якія ў траўні і чэрвені павінныя развівацца. Іншыя культуры пазней развіваюцца, у ліпені, у пачатку жніўня. Пацярпяць прапашныя культуры, у прыватнасці тая ж кукуруза, цукровыя буракі. Гэтыя культуры мы згубім і страты ўраджаю могуць быць вельмі значнымі. Калі ж цяпер пройдуць дажджы, то сітуацыя выправіцца, але страты ўсё роўна будуць, паколькі ўжо амаль паўтары месяцы без дажджу многія расліны месцамі высахлі і беззваротна страчаныя», – кажа эксперт.

Прычым, як кажа эксперт, засуха адлюструецца не толькі на раслінаводстве, але таксама і на жывёлагадоўлі. Трава на полі практычна выпаленая. Гаспадаркі амаль завяршылі першы ўкос травы, а вось другога ўкосу можа і не быць. Адпаведна, кажа Мікалай Лысенкоў, на зіму будзе меней нарыхтавана кармоў.

Hавiны
Беларускія аграрыі правалілі заданне віцэ-прэм’ера адносна пасяўной
2023.05.20 14:44

Як выратаваць сітуацыю ў сельскай гаспадарцы

Паводле суразмоўцы «Белсату», страты ў сельскай гаспадарцы праз засуху можна мінімізаваць, але дзеля гэтага трэба даволі шмат сродкаў. Эксперт кажа, што некаторыя ўгнаенні дазваляюць вільгаць з паветра прыцягнуць да глебы, але ў нашай краіне субсідаванне сельскай гаспадаркі, у параўнанні з суседнімі краінамі, мінімальнае.

«Большасць сельгаспрадпрыемстваў у нашай краіне – жабрацкія прадпрыемствы. У суседніх краінах фермеры маюць сродкі, нават калі дзяржава ім не дапаможа, яны могуць дастаць свае зберажэнні і выратаваць ураджай. У Беларусі складана з гэтым, стабілізацыйных фондаў няма. Прыватнікі, якія ж маюць грошы, наўрад ці будуць даставаць свае сродкі, каб выратаваць ураджай. Справа ў тым, што восенню чыноўнікі запатрабуюць, каб кошты на сельгаспрадукцыю не раслі, будуць кантраляваць гэта. Таму выгады для прыватнікаў няма», – адзначае Мікалай Лысенкаў.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АЗ / Белсат

Увогуле каб выратаваць ураджай, то, паводле эксперта, яшчэ два месяцы таму трэба было ўносіць угнаенні і падтрымліваць вільгаць. Цяпер ужо стала позна. Некаторыя палі проста высахлі. Медыі паведамляюць, што ў некаторых рэгіёнах гаспадаркі пачалі проста перапахваць палеткі, на якіх высахлі зерневыя культуры. Эксперт кажа, што гэта нармальная практыка, паколькі на гэтым месяцы пасядзяць нейкую аднагадовую расліну, якую выкарыстаюць на корм жывёлам і каб зямля не пуставала. Зямля без раслінаў таксама кепска, бо можа прыводзіць да эрозіі глебы.

Мікалай Лысенкаў прагназуе, што ўжо сёлета нават пры ўмове таго, што пойдуць дажджы і будзе цёплае надвор’е, мы не атрымае ўраджаю ў такім памеры, як у мінулым годзе.

Наступствы засухі для жывёлагадоўлі

Эксперт у сельскай гаспадарцы падкрэслівае, што больш за палову сабранага ўраджаю ў Беларусі выкарыстоўваецца на корм жывёлам. Калі ж будзе недахоп кармоў, то прыйдзецца або набываць збожжа, або скарачаць пагалоўе. Каб набыць – трэба грошы. Беларускія прадпрыемствы, кажа суразмоўца, за свой кошт наўрад ці змогуць пацягнуць імпарт зерня. Тым больш, што зерне цяпер ва ўсім свеце каштуе даволі дорага, кошты растуць.

«Я думаю, што наўрад ці з бюджэту выдзеляць на гэтыя мэты грошы. Чыноўнікі хутчэй яшчэ адзін комплекс С-400 набудуць, чым выдзеляць грошы, скажам умоўна, для фермера, каб кампенсаваць выдаткі для жывёлагадоўлі», – кажа Мікалай Лысенкаў.

Увогуле ў Беларусі штогод ствараюцца стабілізацыйныя фонды і ствараюцца запасы, але яны нязначныя, падлічвае эксперт. Таму насельніцтва галодным не будзе, хлеб у крамах будзе. Але асноўная зерневая група з сабранага ўраджаю паступае на жывёлагадоўлю.

Каровы. Скрыншот з праграмы «Маю права». Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Таму варта чакаць, што не будзе вырашчана ў той жа колькасці мяса, напрыклад. Таксама варта ўлічыць, што асноўная частка прадукцыі жывёлагадоўлі ідзе на экспарт. Калі ўрад не будзе намагацца выціснуць з сельскай гаспадаркі валютную выручку і калі дазволяць пакінуць прадукцыю на ўнутраны рынак, то спажыўцы ў крамах амаль не заўважаць, што ўзніклі складанасці. Так, мы павінныя разумець, што засуха была, кошты вырастуць. Пры тых жа выдатках мы вырасцілі ў два разы меней зерня. Адпаведна, кошт мае быць у два разы большы. Але для ўраду такія кошты палітычна невыгодныя. Таму будуць стрымліваць рост коштаў, прагназуе эксперт.

Паводле суразмоўцы «Белсату», у такой сітуацыі беларускія чыноўнікі будуць спрабаваць імпартаваць зерне з Расеі. Гэтая краіна заўсёды прадае частку свайго ўраджаю, але сёлета многія прадукты з РФ за мяжой не будуць набываць праз санкцыі. Таму Беларусь можа пазычыць зерне ў Расеі, бо набыць за грошы нашая краіны наўрад ці зможа.

Агляд
Сусветныя цэны на харчы зноў пайшлі ўгору. Горш было толькі ў 2022 годзе
2023.05.18 07:00

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў