У 36-гадовай бабруйчанкі Ірыны Сурыгінай – трое няпоўнагадовых дзяцей. Жанчына гадуе іх адная. З пачатку гэтага года Ірыну двойчы затрымлівалі, штрафавалі – апошні раз на 5220 рублёў. Дачцэ жанчыны міліцыянты пагражалі, што маму пасадзяць, а яна з братамі пойдзе ў прытулак, калі не назаве паролю ад тэлефона. Ірыне заблакавалі заробкавую картку, прымусілі звольніцца з працы. На пачатку траўня шматдзетная маці даведалася, што ейную сям’ю паставілі на ўлік як сацыяльна небяспечную (гэтак званы СОП).
Мы сустрэліся з Ірынаю наступным днём пасля паседжання савету ў раённай адміністрацыі, на якім ёй і паведамілі, што цяпер яна разам з дзецьмі «ў СОПе». Бабруйскія чыноўнікі вызначылі, што дзеці Ірыны ў родным доме застаюцца ў сацыяльна-небяспечным стане. На гутарку з нашымі карэспандэнтамі жанчына прыйшла са старэйшаю дачкою – 16-гадоваю Маргарытаю, якая ва ўсім падтрымлівае маму і больш за астатніх дзяцей ужо паспела зазнаць пераслед з боку міліцыі.
Ірына распавяла, што, калі яе затрымалі ў ноч з 24 на 25 сакавіка, ужо наступным днём невядомыя працаўнікі ў цывільным, якія назваліся міліцыяй, прыйшлі да ейнае дачкі на практыку ў краму, зачыніліся з ёю ў кабінеце і пачалі пагражаць.
– Яны патрабавалі ў мяне пароль ад мамінага тэлефона, казалі, што калі я буду адмаўляцца з імі размаўляць і нічога не скажу, то маму пасадзяць на некалькі гадоў, а нас з братамі забяруць у прытулак. Пыталіся пра мае стасункі з мамаю, – распавядае пра тыя падзеі самая Маргарыта.
Дзяўчына кажа, што калі тыя працаўнікі сышлі, у яе пачалася істэрыка. Рыта ніяк не магла супакоіцца, і майстарка адпусціла яе з практыкі.
– Я прыйшла дамоў, і праз пяць хвілін у дзверы пагрукалі міліцыянты. Мы былі з малодшым братам, яму 11 гадоў, удваіх. Я баялася ім адчыняць. Яны казалі, што калі я не ўпушчу іх у кватэру, яны пойдуць і проста са школы забяруць сярэдняга брата ў прытулак. Прыйшлося адчыніць. Але я на іх гэтак крычала, што адная працаўніца дала мне нейкую таблетку, каб я супакоілася. Я здолела неяк узяць сябе ў рукі, але потым моцна балела галава.
Дамоў да Ірыны міліцыянты ламіліся, як і пужалі ейных дзяцей, не ўпершыню. А 7-й гадзіны раніцы 22 студзеня сын бабруйчанкі Павел прачнуўся праз моцны грукат у дзверы і пайшоў будзіць Ірыну з пытаннем: «Мамачка, што гэта такое?» А гэта прыйшлі па Ірыну – затрымліваць за фотаздымкі з бел-чырвона-белым сцягам і нібыта абразу працаўнікоў міліцыі ў інтэрнэце. Учынілі ператрус, канфіскавалі тэхніку, самую Ірыну забралі ў ІЧУ. Адпусцілі праз трое содняў са штрафам 20 базавых.
Увечары 24 сакавіка нашая суразмоўца праводзіла сяброўку на тралейбус. Дарогаю папрасіла тую сфатаграфаваць яе, Ірыну, з бел-чырвона-белым сцягам – усё ж такі хутка Дзень Волі, ды і амаль ноч – жанчына была ўпэўненая, што дакладна ніхто не прычэпіцца.
– Мы спыніліся, я дастала сцяг з торбы, сяброўка мяне сфатаграфавала, я паклала сцяг назад у торбу, і мы пайшлі далей, – распавяла Ірына. – Вельмі хутка, ужо на прыпынку, нас абедзвюх затрымалі.
Ірыну тады завезлі ў бліжэйшы РАУС, дзе пратрымалі ў камеры да раніцы.
– Патрабавалі назваць ім пароль ад тэлефона, – прыгадвае жанчына. – Мне зрабілася блага, выклікалі хуткую, у мяне быў ціск за дзвесце. Зрабілі ўкол, павезлі ў лякарню, міліцыянт, які дапытваў мяне, паехаў са мною. Ён спачатку зайшоў да доктара, пра нешта з ім размаўляў, і толькі потым дазволілі мне ўвайсці. Мне далі таблеткі і з даведкаю, што ўсё добра, адпусцілі. Зноў павезлі ў РАУС, адтуль – у ІЧУ, і адтуль – у УУС, і толькі ўжо наступнай ноччу адпусцілі з умоваю, што я прыйду на суд.
Справу шматдзетнае маці разглядалі ў судзе Бабруйскага раёну і Бабруйску. Суддзя Вольга Серакова пастанавіла, што фотаздымак са сцягам – злачынства, якое цягне на штраф 180 базавых. Сяброўцы Ірыны, якая фатаграфавала, далі 60 базавых і таксама паставілі ў «СОП».
Праз некаторы час пасля суда Ірыну зноў выклікалі ў міліцыю.
– Са мною размаўляў чалавек у цывільным, прапаноўваў мне запісаць відэа – казаў, хочаш, мы здымем з цябе гэтыя 180 базавых штрафу, а ты распавядзеш на камеру, што «ByHelp» нікому не дапамагае, – згадвае Ірына пра той выклік. – Я яму ясна сказала – гэтага рабіць не буду.
Да жанчыны прыйшлі на працу (Ірына працавала касіркаю ў супермаркеце), распавялі загадчыцы, што яе затрымлівалі за распаўсюд улётак і налепак.
– Гэта была поўная хлусня, у мяне тады ў торбе быў толькі сцяг, – кажа бабруйчанка. – Працаваць пасля таго візіту зрабілася немагчымым. Начальства чаплялася праз кожную дробязь. Ставілі змены да 23-й гадзіны, што мне з маймі дзецьмі было вельмі нязручна. Насустрач ніхто не жадаў ісці. Мне стварылі такія ўмовы, што я была вымушаная звольніцца.
Жанчыне заблакавалі заробкавую картку, бо яна не аплаціла студзеньскага штрафу.
– 200 рублёў авансу я яшчэ змагла атрымаць, а 200 рублёў заробку, якія засталіся, я толькі ў смс-цы пабачыла – што іх перавялі, і адразу знялі з карткі ў залік штрафу, – распавядае Ірына.
Праз некаторы час пасля затрымання Ірыне патэлефанавалі са школы, дзе вучацца ейныя сыны, і сказалі, што прыйшоў загад зладзіць сацыяльнае даследаванне ўмоваў, у якіх жывуць дзеці. Да Сурыгіных прыйшлі глядзець кватэру – заўвагаў не ўзнікла, толькі па запазычанасці з камунальнымі плацяжамі. Таксама ніякіх пытанняў да Ірыны не было на савеце прафілактыкі ў школе. А вось на камісіі ў раённай адміністрацыі ёй прыгадалі і ўсе былыя інцыдэнты.
– Два гады таму на Дні гораду мне не давалі танцаваць каля сцэны. Я тады папрасіла паказаць, дзе напісана, што нельга. У выніку мяне павезлі ў міліцыю і аформілі, што я ў стане алкагольнага ап’янення, – распавядае бабруйчанка. – І адпусцілі. Тады гэта ўсё нікому не было патрэбна, а цяпер раптам усплыло як дадатковая падстава для СНС. І са мною так размаўлялі цяпер, нібы я алкашка, не гляджу дзяцей, гуляю па начах і п’ю.
Прыгадалі Ірыне і што тры гады таму яна ўжо была ў сацыяльна-небяспечным стане. Тады, распавядае жанчына, у гэты статус яе паставілі праз працу ў Маскве. З 2015 да 2018 года бабруйчанка ездзіла ў Расею працаваць вахтамі – два тыдні там, два тыдні ўдома. Калі з’язджала – дзяцей пакідала на маму-пенсіянерку.
– Але нашыя органы апекі палічылі, што я кідаю дзяцей у небяспецы, – кажа жанчына. – Мне далі месяц, каб уладкавацца на працу ў Бабруйску. Сказалі, што калі я пакіну тэрыторыю Беларусі, то дзеці адразу пойдуць у прытулак. Так яны «пасадзілі» мяне тут на заробак 400 рублёў.
Ірына распавядае, што пакуль яна працавала ў Маскве, у яе ніколі не было ніякіх запазычанасцяў, яна шмат што магла купіць сваім дзецям, яны хадзілі ў кавярні, забаўляльныя цэнтры.
– Цяпер такое раз на год можам сабе дазволіць, – кажа шматдзетная маці. – Інспектарка ў справах няпоўнагадовых на камісіі мяне «вучыла», што ў дзяцей павінна быць дзяцінства, што яны не павінны цярпець праз бацькоў, іх трэба глядзець, займацца імі. Я ёй казала, што я ўсё жыццё працавала дзеля дзяцей, у тым ліку і дом кідала, і ў Маскву ехала, каб павазіць дзяцей паўсюль, каб у іх было тое, што наўрад ці цяпер усе могуць сабе дазволіць. А дзякуючы ім, вось гэтым з камісіі, мы цяпер у нястачы. Але хіба хто праз гэта пераймаецца?
Ірыну папракалі тым, што яна нібыта ўцягвае дзяцей у палітыку.
– Я ім наўпрост сказала: я не ўцягваю, яны самыя ўсё бачаць, – зазначае маці. – З малодшым мы разам ішлі да бабулі 10 жніўня, якраз калі ў нас тут на плошчы бегалі «маскі-шоу». На нашых з Кірылам вачах амапаўцы збілі з ног мужчыну, які здымаў на тэлефон, і пацягнулі яго ў аўтазак. Я тады вельмі гучна абуралася, а Кірыл цягнуў мяне за руку і ціха казаў: «Мама, не трэба, пойдзем, яшчэ і цябе забяруць». Баіцца цяпер міліцыі.
Сярэдні, 14-гадовы Павел, паводле Ірыны, некалі марыў зрабіцца міліцыянтам. Цяпер кажа, што ніколі ў жыцці, «бо не хоча біць сваіх».
Ірына ж была настолькі шакаваная паслявыбарчымі падзеям, жорсткасцю сілавікоў, якую пабачыла ў родным горадзе, проста каля ўласнага дому, што пачала выходзіць на жаночыя акцыі салідарнасці, ланцугі супраць гвалту, хоць раней у палітычным жыцці жанчына ўдзелу не брала. Адначасова Ірына падкрэслівае, што ніколі не галасавала за Лукашэнку і не лічыць яго годным кіраваць Беларуссю.
Цяпер Ірына чакае вынікаў абскарджання штрафу ў Магілёўскім абласным судзе.
– Калі пастанова застанецца без зменаў, то я не ведаю, што рабіць і як сплаціць гэтую суму, – кажа жанчына. – Я разумею, што бессэнсоўна зноў уладкоўвацца на 400 рублёў. За гэтыя грошы я не пагашу штрафу і не змагу плаціць за кватэру і карміць і апранаць дзяцей, і апека ўсё роўна не дасць спакойна жыць.
Сума 5220 рублёў для Ірыны і ейнае сям’і абсалютна непадымная. З бацькам дзяцей бабруйчанка даўно ў разжэнстве, у іхным жыцці ён ніякага ўдзелу не бярэ. Паводле Ірыны, ад яго толькі аліменты прыходзяць – 120 рублёў на ўсіх.
У статусе СНС сям’ю Ірыны пакінулі на тры месяцы. Цягам гэтага часу да Сурыгіных дамоў будуць прыходзіць, правяраць кватэру, глядзець, у якім стане мама – ці цвярозая, як дзеці наведваюць школу. Праз тры месяцы – камісія, і СНС ці здымуць, ці працягнуць зноў на тры месяцы.
Ірыне крыўдна, што ейную сям’ю паставілі ў «ганебны СОП ні за што».
– Я ведаю, што я – добрая мама. У мяне цудоўныя дзеці, яны вельмі прывязаныя да мяне і ні ў чым не вінаватыя. І што, што яны не на выдатна вучацца? Ці ў гэтым шчасце? – пытаецца жанчына. – Як можна помсціць праз дзяцей за тое, што я разыходжуся з некім у палітычных поглядах?
Ірыне вельмі балюча за дзяцей – што іх дапытвае і пужае міліцыя, пагражае ім, што яны плачуць праз гэта.
Жанчына кажа, што пра свае пачуцці і праблемы ў гэтай сітуацыі думае ў апошнюю чаргу – галоўнае для яе, як дзеці ўсё гэта перажывуць.
– Часам узнікаюць думкі, мо я самая і вінаватая ў той сітуацыі, якую стварыла для сваіх дзяцей, – разважае маці. – Але з іншага боку – жыць так далей і маўчаць невыносна. Тым больш што дзеці мяне з самага пачатку падтрымліваюць. Я для іх цяпер – герой і прыклад. Таму я не шкадую, што я выходзіла. І зноў бы выйшла, нават калі б можна было адкруціць усё назад. Але за дзяцей баюся, каб толькі іх не забралі. Калі што – буду біцца за іх да апошняга.
Ганна Ганчар belsat.eu