«Напішы, што раскайваешся і больш не будзеш браць каўбасу ў падпісчыка». Вольга Такарчук з’ехала з Беларусі


Былая палітзняволеная Вольга Такарчук з ‘ехала з Беларусі з дапамогай службы эвакуацыі фонду BYSOL. Яе маці – 63-гадовая Ірына Такарчук – затрыманая, на яе завялі крымінальную справу.

Вольга Такарчук.
Фота: spring96.org

Маці Вольгі Такарчук затрымалі падчас аблавы на сваякоў палітвязняў 23 студзеня.

«У 7:30 раніцы да мяне ў кватэру прыйшлі два кадэбэшніка ў цывільнай вопратцы. Быў павярхоўны ператрус. <…>. Забралі мой тэлефон, паклікалі панятых, склалі пратакол. Дзеці (дачцэ – 6 гадоў, сыну – 10) напужаліся», – распавяла Вольга Такарчук.

Пасля ператрусу блогерку забралі на допыт у КДБ, там распытвалі пра е-дастаўку. Бліжэй да абеду сказалі: «Мы зараз паедзем да мамы».

«Яны прыехалі да яе цалкам падрыхтаваныя. Задавалі канкрэтныя пытанні, папрасілі напісаць яўку з павіннай. Маму забралі ў КДБ, я таксама яшчэ была там. Мяне папярэдзілі, што прывезлі маму, – кажа блогерка. – Мне таксама прапанавалі напісаць яўку з павіннай. Я кажу: у чым мне вінаваціцца? У тым, што мне падпісчык дапамагаў каўбасой?». Яны: «Напішы чыстасардэчнае прызнанне, што ты раскайваешся і больш не будзеш браць каўбасу ў падпісчыка».

Hавiны
Як найменш 24 крымінальныя справы распачатыя па выніках аблавы сілавікоў на сваякоў палітвязняў
2024.02.09 21:08

У Вольгі забралі тэлефон і адпусцілі, а яе маці затрымалі і завялі на яе крымінальную справу. Таксама блогерка даведалася, што няма гарантыі, што не завядуць справы на яе і ейнага бацьку – тады было прынятае рашэнне аб ад’ездзе. У Беларусі засталася маці Вольгі, якая цяпер знаходзіцца ў турме ў Жодзіна, і сястра, якая глядзіць за бабуляй з інваліднасцю.

«Калі я яшчэ пасля свайго вызвалення ўсё ж такі маральна рыхтавалася да таго, што можа спатрэбіцца бегчы (і тое, у выніку, я аказалася маральна не гатовая), то для таты свет рухнуў у адну гадзіну. Ён пакінуў усё: кватэру, машыну, сабаку, сваю маму, сяброў і, галоўнае, сваю жонку, якая ў турме «за каўбасу і макароны». Цяпер ён у такім стане, што цяжка перадаць», – дзеліцца блогерка.

Ірыне Такарчук прад’явілі абвінавачванне паводле ч.2 арт.361-4 КК РБ – «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Ахвярамі рэйду сілавікоў у «справе INeedHelpBy» па сваяках палітвязняў, які прайшоў 23-24 студзеня, сталі 229 чалавек. З іх 43 пакаралі штрафамі і арыштамі, а як найменш 24 прад’явілі крымінальнае абвінавачванне. Пра гэта праваабаронца «Вясны» Яна Галаган распавяла 9 лютага на прэс-канферэнцыі ў Варшаве, прысвечанай пераследу родных палітвязняў.

Вольгу Такарчук затрымалі 19 траўня 2021 года. У снежні ёй прысудзілі 1,5 года калоніі. Яе абвінавачвалі адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу – у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, абразе суддзі і паклёпе. У чэрвені 2022 года Вольга выйшла на волю.

Артыкулы
Выйшла на волю блогерка Вольга Такарчук
2022.06.16 11:09

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў