У адказ на прысуд Анджэю Пачобуту Польшча пашырае санкцыі


Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Мар’юш Каміньскі заявіў, што ў адказ на прысуд журналісту і актывісту незалежнага Саюзу палякаў Анджэю Пачобуту Польшча пашырае санкцыі супраць беларускіх уладаў, адказных за пераслед польскай меншасці ў Беларусі.

Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

«У сувязі з пастановай Сейма Рэспублікі Польшча наконт Анджэя Пачобута я даручыў сваім службам падрыхтаваць заявы аб уключэнні ў санкцыйны спіс дадатковых асоб, звязаных з рэжымам Лукашэнкі і адказных за рэпрэсіі супраць палякаў Беларусі», – заявіў Мар’юш Каміньскі.

Таксама з 10 лютага Польшча зачыняе польскі пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Гарадзенскай вобласцю «праз важныя інтарэсы дзяржаўнай бяспекі». З беларускага боку на гэтым пераходзе знаходзіцца пункт пропуску «Бераставіца».

Каментар
«Чэргі вырастуць, транзітны час таксама». Чаго чакаюць лагісты ад закрыцця «Баброўнікаў»
2023.02.09 14:08

Нагадаем, што ўчора, 8 лютага, журналіста і актывіста незалежнага Саюзу палякаў Анджэя Пачобута прыгаварылі да 8 гадоў з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у распальванні варожасці і закліках да санкцыяў. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Праз прысуд Пачобуту паверанага ў справах Беларусі Аляксандра Часноўскага выклікалі ў польскае МЗС, якое раней крытычна асудзіла такі вырак суда.

«Асуджаем несправядлівы вырак, вынесены судом аўтарытарнай дзяржавы. Анджэй Пачобут – гэта польскі і беларускі патрыёт. Падтрымліваем яго і будзем падтрымліваць. Надыдзе дзень, калі вольны Анджэй Пачобут і беларускія палякі змогуць жыць на вольнай Беларусі», – напісаў у сваім Twitter прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Польшчы Лукаш Ясіна.

Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў Горадні пасля ператрусу ў ягоным доме. З таго часу журналіст пабываў у СІЗА Менску, Жодзіна і Горадні. Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, яго змяшчалі ў карцар. Таксама яму фактычна блакуюць перапіску, асабліва на польскай мове. У кастрычніку летась КДБ дадаў Пачобута ў «спіс тэрарыстаў».

Журналісту прапаноўвалі выехаць за мяжу ў абмен на вызваленне, некалькі разоў – напісаць прашэнне аб памілаванні, аднак ён адмовіўся.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў