Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі, паведамляе ягоная прэс-служба. Ад крымінальнага пакарання вызваляць каля 4,5 тысячы асуджаных. Ці закране гэта каго-небудзь з палітвязняў, дакладна не вядома, але ў законе пазначана, што амністыя «не будзе распаўсюджвацца на асобаў, якія ўчынілі злачынствы тэрарыстычнай або экстрэмісцкай накіраванасці».
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства». Дакумент вызначае, каму скасуюць пакаранне «за злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі». Прэс-служба Лукашэнкі піша, што закон не датычыцца «асобаў, якія ўчынілі злачынствы тэрарыстычнай або экстрэмісцкай накіраванасці». А амаль усіх беларусаў, якія трапілі за краты з палітычных матываў, улады лічаць «тэрарыстамі» ды «экстрэмістамі».
Паводле папярэдніх ацэнак, ад крымінальнага пакарання вызваляць каля 4,5 тысячы асуджаных, у тым ліку 1,6 тысячы адпусцяць на волю. Яшчэ 4 тысячам вязняў тэрмін скароцяць на 1 год.
Пытанне аб скарачэнні тэрміну пакарання кожнай асобе абяцаюць разглядаць індывідуальна.
Сяргей Крот belsat.eu