Украіна перакінула тэхніку на левы бераг Дняпра на Херсоншчыне


Поўнамаштабная вайна ва Украіне ідзе 623 дні. Лінія фронту практычна не рухаецца ўжо год, але нельга выключаць, што Украіна рыхтуе прарыў у месцы, аб якім раней рэдка згадвалі: на Херсоншчыне, дзе трэба перапраўляцца праз Дняпро. «Белсат» пераказвае, што вядома на ранак 8 лістапада.

Украінскія вайскоўцы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Штодзённая зводка Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны 8 лістапада выглядае звыкла: расейскія войскі нанеслі 6 ракетных і 50 авіяцыйных удараў, учынілі 64 абстрэлы рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню, пад артылерыйскі агонь трапілі 80 населеных пунктаў па ўсёй лініі фронту, ёсць загінулыя і параненыя сярод мірнага насельніцтва. Расейскія войскі, паводле ЗСУ, вядуць штурмавыя дзеянні на аўдзееўскім, бахмуцкім, купянскім, ліманскім, мар’інскім, шахцёрскім напрамках, не спыняе спробаў атачыць Аўдзееўку, што пад Данецкам, агулам за мінулы дзень было 45 баявых сутыкненняў.

Украіна ацэньвае страты Расеі ў больш як на 307 тысяч чалавек з пачатку поўнамаштабнай вайны (780 чалавек за мінулы дзень), 5301 танк (+8), 9996 баявых бронемашынаў (+22), 7439 артылерыйскіх сістэмаў (+29) і гэтак далей.

Ды амерыканскі Інстытут вывучэння вайны звяртае ўвагу на паведамленні расейскіх крыніцаў аб тым, што ўкраінскія войскі перакінулі абмежаваную колькасць бранятэхнікі на левы (усходні) бераг Дняпра ў Херсонскай вобласці і вядуць там незвычайную наземную актыўнасць.

Гэты кірунак раней рэдка называлі перспектыўным для ўкраінскага контрнаступу: рака шырокая, берагі яшчэ і падтопліваліся пасля разбурэння дамбы Кахоўскай ГЭС, ды і пазіцыі расейскіх войскаў лічыліся добра абароненымі. Аднак тое, што на левы бераг трапіла ўжо групоўка памерам з батальён, можа сведчыць, што намаганні Расеі для перакрыцця гэтага напрамку былі недастатковымі.

Амерыканскія аналітыкі, тым не менш, не бяруцца прадказваць перспектывы наступу на гэтым ктрунку. Ды і Украіна вядзе контрнаступальныя аперацыі на Запарожжы і блізу Бахмуту на Данбасе, бароніць Аўдзееўку і іншыя паселішчы.

Hавiны
ЗСУ нанеслі ўдар па суднабудаўнічым заводзе ў Керчы і пашкодзілі новы ракетны карабель
2023.11.05 08:42

Тым часам Сенат Злучаных Штатаў заблакаваў пакет дапамогі Ізраілю, які не ўключаў дапамогі Украіне. Дэмакратычная партыя настойвае, што важна дапамагаць абодвум саюзнікам, што Украіну нельга прымушаць чакаць дольш за Ізраіль.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен запэўніў: пакуль Расея не выведзе сваіх войскаў з Украіны і не спыніць атак, Штаты будуць дапамагаць Украіне бараніцца, падтрымоўваць украінскі народ і прыцягваць Расею да адказнасці. Аб падтрыманні Украіны казалі і міністры замежных справаў «Вялікай сямёркі» (G7) – нягледзячы на тое, што адначасова з вайной ва Украіне цяпер трывае напружанасць на Блізкім Усходзе.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША таксама заяўляе, што Штаты і Еўропа не схілялі Украіну да пачатку мірных перамоваў з Расеяй, не ведаюць пра перамовы за межамі ўкраінскай «формулы міру» і не бачаць у Крамлі зацікаўленасці ў сканчэнні вайны шляхам перамоваў.

Аналітыка
Украіна прызнала: сітуацыя на фронце зайшла ў тупік. Чаму так здарылася і ці ёсць выйсце?
2023.11.03 17:51

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў