У Добрушы будуць судзіць сельскагаспадарчую эліту


Суд Добрушскага раёну 8 лістапада пачне разглядаць крымінальную справу паводле шэрагу карупцыйных артыкулаў. Як заўважае гомельскі «Флагшток», пад суд трапіла сельскагаспадарчая эліта Добрушскага раёну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: «Белсат»

У спісе фігурантаў – былы начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Добрушскага райвыканкаму Яўген Ігнаценка, былы дырэктар прадпрыемства «Церахоўка-Агра» і лаўрэат прэміі «Кіраўнік года» ў 2019-м Руслан Сокалаў, дырэктар ААТ «Калінінскі» і дэлегат Усебеларускага народнага сходу Віктар Байдаў, дырэктары сельскагаспадарчых прадпрыемстваў «Жгунскае» Наталля Сцяпанава і «Красная Буда» Ірына Бяздольная ды іншыя.

У справе супраць іх – крымінальныя артыкулы за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, службовае фальшаванне, перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, а таксама злоўжыванне ўладаю ці службовымі паўнамоцтвамі.

Паводле следства, амаль усе яны займаліся прыпіскамі, каб дасягнуць высокіх паказнікаў вытворчасці малака, завысілі рэальныя аб’ёмы на 5 тысяч тонаў. Як заўважае «Флагшток», гаворка пра перыяд 2019–22 гадоў, калі фігуранты атрымалі ганаровыя званні і станоўчыя характарыстыкі.

Экс-работніка райвыканкаму вінавацяць у выкарыстанні належных гаспадаркам грошай, паліва і будаўнічых матэрыялаў для будаўніцтва ўласнай лазні; крадзеж прадукцыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў дзеля правядзення банкетаў.

Як сцвярджае Следчы камітэт, абвінавачваныя скампенсавалі амаль 100 тысячаў рублёў шкоды. На адрас прадпрыемстваў і ведамстваў Гомельскай вобласці вынеслі 17 прадстаўленняў, да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці прыцягнулі 49 службовых асобаў і працаўнікоў.

Журналісты «Фгаштоку» раней пісалі, што шматэпізодныя крымінальныя справы супраць аграрыяў Гомельскай вобласці сталіся ўжо частаю з’яваю. Напрыклад, увесну судзілі першага намесніка старшыні Веткаўскага райвыканкаму, дырэктара «Мілкавіты», паказальна судзілі кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Гомельскага і Мазырскага раёнаў.

Пачатак чыстак аграрнага сектару звязваюць з вяртаннем да працы ў аблвыканкаме былога старшыні камітэту сельскай гаспадаркі Гомельскага аблвыканкаму Дзмітрыя Петражыцкага, супраць якога Аляксандр Лукашэнка ў 2017 годзе патрабаваў распачаць крымінальную справу. Петражыцкага тады толькі знялі з пасады на загад Лукашэнкі, але судзіць не сталі. Калі ён увесну 2023 года заняў пасаду першага намесніка старшыні аблвыканкаму, у Гомельскай вобласці і пачаліся шматлікія расследаванні супраць аграрыяў.

Hавiны
«Наша Ніва»: затрыманыя кіраўнікі галоўных дзяржаўных малаказаводаў Беларусі
2023.11.02 11:24

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў