Сілавікі затрымлівалі тэлевядоўцу і шоўмена Дзяніса Кур'яна


Пра затрыманне шоўмена Дзяніса Кур’яна паведаміла «Наша ніва». Адбываў ён адміністратыўны арышт за кратамі ці абышлося кароткатэрміновым затрыманнем, невядома.

Дзяніс Кур’ян.
Фота: promoter.by

Дзяніс Курʼян працаваў раней на дзяржаўных каналах БТ і ОНТ у якасці журналіста. Потым адкрыў свой бізнес (мае сетку блінных у Менску), стаўся блогерам і вядоўцам імпрэзаў. Ягонае затрыманне – працяг трэнду ГУБАЗіКу, які затрымліваў блогерку Ганну Бонд і спявачку Ларысу Грыбалёву.

Як стала вядома «Нашай ніве» ад аднаго з кліентаў блогераў, ад усіх медыяперсонаў патрабавалі спыніць медыйную актыўнасць. Пра гэта выданню казаў і адзін з работнікаў дзяржаўных СМІ.

Інфармаваная крыніца тлумачыла атаку на медыяперсонаў і блогераў намерам прэвентыўна абмежаваць іхную папулярнасць. Улады быццам хочуць перастрахавацца.

«Незалежныя СМІ забароненыя. А ў блогераў у краіне падпіскі растуць. Ну і што з таго, што ў іх няма палітычнага кантэнту. Цяпер яны адмаўляюцца супрацоўнічаць з тэлебачаннем. А як яны павядуць сябе ў будучыні? Нейкая такая думка круцілася ў нашага кіраўніцтва», – патлумачыла «Нашай ніве» крыніца ў адным з дзяржаўных выданняў.

«Наша ніва» адзначае, што на старонках Курʼяна і Грыбалёвай у Instagram, якія маюць там дзясяткі тысяч падпісаннікаў, ужо з тыдзень не зʼяўляецца ніякіх публікацыяў.

Дзянісу Курʼяну 39 гадоў. Пачаў працаваць на тэлебачанні ў 2000-м (ток-шоу «5 x 5»). З 2012 года працаваў на ОНТ: вёў праекты «Мой бізнес» і «Нашая раніца». У 2020 годзе запусціў YouTube-канал «Где деньги, Денис?». Валодаў сеткаю 50 аўтаматаў з кавай у Менску. Уладальнік і крэатыўны прадзюсар кампаніі «Promofilm.by».

Тыдзень
Хапун у «Tinder»: ГУБАЗіК палюе на платформах для знаёмстваў. Топ-навіны за тыдзень
2023.11.06 12:28

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў