Мастаку Алесю Пушкіну збіраюцца ўзмацніць жорсткасць пакарання


Палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна могуць перавесці на турэмны рэжым. Узмацненне жорсткасці пакарання ініцыявала адміністрацыя калоніі «Ваўчыныя норы», дзе ён адбывае пакаранне, паведамляюць праваабаронцы.

Алесь Пушкін.
Фота: wikipedia

Суд аб замене рэжыму Алесю Пушкіну адбудзецца 11 лістапада ў судзе Івацэвіцкага раёну. Рашэнне будзе прымаць суддзя Аляксандр Кірыловіч, які нядаўна ўзмацніў пакаранне палітвязню Сцяпану Латыпаву.

У жніўні стала вядома, што адміністрацыя калоніі «Воўчыя норы», што ў Івацэвіцкім раёне, пакарала мастака пяццю месяцамі ў ПКТ. Гэта спецыяльная камера, куды пераводзяць вязняў у якасці спагнання за злосныя парушэнні парадку калоніі. З яе выходзяць толькі на працу і на паўгадзіны ў дзень на прагулку. Падчас прагулкі забаронена стасавацца з іншымі зняволенымі. Перадачы не прымаюць, спатканні і званкі забароненыя.

Мастака затрымалі ў сакавіку 2021 года. Суд над ім пачаўся 10 сакавіка 2022 года, працэс зрабілі закрытым – «з-за звестак, якія з’яўляюцца дзяржаўнай таямніцай». Ад адваката Пушкін адмовіўся, таму ніякай дакладнай інфармацыі аб хадзе працэсу, на якім ён этапе, ці было апошняе слова і які тэрмін патрабаваў пракурор – не было.

Алеся Пушкіна прызналі вінаватым у рэабілітацыі нацызму (ч. 3 арт. 130 КК) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК). Прэтэнзіі ў следства ўзніклі да цыклу карцінаў Пушкіна «Беларускі супраціў», які мастак стварыў больш за 20 гадоў таму. Прапаганду нацызму ўгледзелі ў партрэтах дзеячаў антысавецкага руху часу Другой сусветнай вайны: Міхаіла Вітушкі, Усевалада Родзькі і Яўгена Жыхара. Таксама бок абвінавачання кажа, што ў перыяд з 21 да 24 сакавіка 2021 года Пушкін у Кіеве падчас свайго перформансу здзекаваўся з дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь.

У выніку мастаку Алесю Пушкіну прысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі. У калоніі ён знаходзіцца з сярэдзіны красавіка.

зона.бел
Як самая жорсткая ў краіне калонія «Воўчыя норы» перапрафілявалася з наркатычных на палітычных вязняў
2022.05.27 14:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў