Іран падтрымаў ХАМАС у нападзе на Ізраіль. Толькі на словах ці таксама на справе?


Прэзідэнт і іншыя ключавыя асобы Ірану выказаліся ў падтрымку тэрарыстаў ХАМАС. Іран лічыўся спонсарам баевікоў, але ці звязаны наўпрост з цяперашняй атакай, невядома.

Прэзідэнт Ірану Эбрагім Раісі ў размове з лідарамі тэрарыстаў.
Фота: Irna.ir

Як паведамляе дзяржаўнае іранскае агенцтва IRNA, днём 8 кастрычніка прэзідэнт Ірану Эбрагім Раісі правёў тэлефонныя перамовы з кіраўнікамі тэрарыстычных арганізацыяў ХАМАС і «Палестынскі ісламскі джыхад». Падрабязнасці перамоваў невядомыя, ды неўзабаве пасля іх Раісі выступіў са зваротам, у якім заклікаў іншыя мусульманскія краіны «падтрымаць палестынскую нацыю» і хваліў атаку тэрарыстаў.

Акрамя таго, выступілі і іншыя ключавыя фігуры Ірану. Так, кіраўнік Генеральнага штабу хваліў атаку тэрарыстаў і называў ейнай прычынай «недарэчную схему нармалізацыі» (імаверна, вялося аб нармалізацыі адносінаў Ізраілю з мусульманскімі краінамі, асабліва з Саудаўскай Аравіяй). А сакратар Рады мэтазгоднасці (дарадчага органу, што вырашае канфлікты між парламентам і Канстытуцыйным судом) выказаў надзею на тое, што атака стане канцом Ізраілю.

У некалькіх гарадах пры падтрымцы ўладаў зладзілі вечарыны з нагоды вайны з раздачай слодычаў, расказвае BBC. А муніцыпалітэт Тэгерану вывесіў на адной з галоўных плошчаў вялізны банер з надпісам «Вайна з Ізраілем пачалася». У першы дзень атакі ў парламенце Ірану некаторыя дэпутаты выкрыквалі лозунгі ў падтрымку вайны з Ізраілем.

Ці сапраўды Іран падтрымліваў атаку ХАМАС не толькі словамі, а і справамі, невядома. Але Іран лічыцца адным з галоўных саюзнікаў і спонсараў ХАМАС, хоць некаторыя эксперты лічаць, што ХАМАС нельга называць «марыянеткай» Ірану.

Злучаныя Штаты падтрымліваюць Ізраіль, але, як расказвае «Reuters», прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, які абяцаў Ізраілю ўсю магчымую падтрымку, трапіў пад крытыку апазіцыі за тое, што вёў занадта мяккую палітыку адносна Ірану. Доказаў таго, што менавіта Іран спансаваў атаку ХАМАС, Штаты не маюць. Паводле звестак карэспандэнта NBC, цяпер ЗША збіраюцца выслаць бліжэй да Ізраілю вайсковыя караблі і самалёты.

Каментар
«Ні панікі, ні страху, адна ўсеагульная злосць», – чытач «Белсату» жыве ў менш як 20 км ад Газы
2023.10.08 21:28

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў