Тэхнічны «адскок» ці трэнд? Што адбываецца на валютным рынку


Беларускі рубель зрабіў невялікі адскок у адносінах да долара пасля працяглага паслаблення, але здаў пазіцыі ў адносінах да расейскага рубля. Гэта новы трэнд, або тэхнічны адскок? Чаго чакаць на валютным рынку ў бліжэйшай перспектыве «Белсат» пацікавіўся ў старэйшай навуковай супрацоўніцы даследчага цэнтра BEROC Анастасіі Лузгіной.

На гандляваннях БВФБ 8 жніўня патаннелі долар і юань – на 0,1 % або 0,3 капейкі да 3,1513 рублёў і на 0,74 % або на 3,23 капейкі, да 4,36 рубля за 10 юаняў, адпаведна. Затое падаражэў расейскі рубель – на 0,24 % ці 0,79 капеек да 3,2803 за 100 расейскіх рублёў. Еўра ў аўторак не гандлявалася, курс гэтай валюты застаўся на ўзроўні 7 жніўня: 3,4267 рублёў за 1 еўра (+1,51 % ці 5,11 капеек).

Пункт абмену валют у гандлёвым цэнтры. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Паслабленне расейскай валюты – гэта магістральны трэнд

Існаму нязначнаму ўмацаванню беларускага рубля адносна долара папярэднічала яго штодзённае аслабленне з 27 ліпеня. Вынікам такога трэнду стала падзенне нашай нацыянальнай валюты да ўзроўню, які назіраўся ў першы месяц пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, у сакавіку 2022 года.

Раней эксперты адзначалі, што ўплыў на ваганні беларускага рубля аказвае расейскі, які падае.

Як патлумачыла «Белсату» Анастасія Лузгіна, гэты фактар пакуль што застаецца вызначальным: «Расейскі рубель, які займае 60 % у кошыку валют, цяпер дэманструе чарговае зніжэнне, а следам за ім і нашая валюта», – канстатавала эксперт. Цяперашні невялікі адскок яна не лічыць пачаткам новага трэнду:

«На працягу месяца могуць быць ваганні як у адзін, так і ў другі бок. Больш за тое, у канцы жніўня магчыма некаторае больш прыкметнае ўмацаванне, бо надыходзіць падатковы перыяд і прадпрыемствы будуць прадаваць замежную валюту, каб заплаціць падаткі».

У той жа час паслабленне расійскай валюты – гэта магістральны трэнд, які выкліканы перш за ўсё станам вонкавага гандлю Расеі патлумачыла Анастасія Лузгіна.

Аналітыка
У Беларусі рэзка вырасла адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі
2023.07.01 12:32

Паводле звестак Цэнтральнага банка Расеі, экспарт тавараў па выніках першага паўгоддзя ўпаў на 32,9 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года да $ 205,6 млрд, тады як імпарт вырас на 19,5 % да $ 151,3 млрд. Гандлёвае сальда застаецца станоўчым. Але яго памер імкліва зніжаецца – з $ 147, 6 млрд па выніках студзеня-чэрвеня 2022 года да $ 20, 2 млрд за 6 месяцаў гэтага года, гэта падзенне ў 7, 3 разы. Прычынай гэтага ў сваю чаргу з’яўляюцца санкцыі – эмбарга і цэнавая столь на расейскія сыравінныя тавары.

«У Расеі кажуць, што жнівень заўсёды не самы добры месяц для рубля, таму што расце попыт на замежную валюту праз адпачынкі, хоць мне ўяўляецца, што гэты фактар у апошні час дзейнічае ў меншай ступені», – адзначыла Анастасія Лузгіна. Таму, каб прагназаваць сітуацыю на валютным рынку, эксперт прапануе назіраць за коштамі на нафту.

«Цяпер мы назіраем пэўны рост коштаў на нафту і калі ён захаваецца, то можна чакаць пазітыўных сігналаў для расейскага рубля, хаця, вядома, санкцыйныя абмежаванні ўсё роўна застаюцца», – кажа Анастасія Лузгіна.

Яшчэ адным фактарам, які можа паспрыяць умацаванню расейскай валюты да канца жніўня, эксперт называе заканчэнне падатковага перыяду: «рэзідэнты будуць прадаваць валюту дзелы таго, каб заплаціць падаткі і гэта можа паспрыяць не тое, каб умацаванню, але стабілізацыі расейскага рубля на існым узроўні», – кажа аналітык. «Хоць пакуль мы назіраем тэндэнцыю зніжэння кошту расейскай валюты – долар ужо каштуе 95-96 расейскіх рублёў, а еўра перавысіў адзнаку ў сто і дасягнуў 105 рублёў», – нагадала Анастасія Лузгіна.

Сітуацыя на ўнутраным беларускім рынку спакойная

Часткова на ўмацаванне рубля можа паўплываць той фактар, што Цэнтральны банк Расеі павысіў ключавую стаўку. «Паступова гэта прывядзе да росту ставак па дэпазітах, і ў пэўнай ступені павысіць прывабнасць расейскіх рублёў, але гэта не самы важны фактар», – лічыць аналітык.

Каментар
Курс рубля зніжаўся два тыдні. Што адбываецца на валютным рынку?
2023.07.07 16:57

Сукупнасць вышэйзгаданых фактараў можа некалькі ўмацаваць расейскі рубель да канца месяца, што можа станоўча паўплываць і на курс беларускага рубля, адзначае эксперт, але ўдакладняе, што прамой карэляцыі няма – беларускі рубель не цалкам паўтарае траекторыю расейскага: «да кошыка валют у нас з пачатку года усё ж захоўваецца ўмацаванне беларускага рубля за кошт дынамікі да расейскай валюты. Гэта сведчыць, што на нашу валюту ўплываюць перш за ўсё вонкавыя фактары. У гэтым выпадку паслабленне валюты асноўнага гандлёвага партнёра».

Эксперт не выключае, што ў хуткім часе могуць з’явіцца і ўнутраныя фактары, якія негатыўна паўплываюць на курс беларускага рубля.

«Цяпер фармуюцца рызыкі для беларускага рубля з-за працэсаў, якія назіраюцца ў эканоміцы Беларусі», – кажа Анастасія Лузгіна.

Іх два. Па-першае, у нас, як і ў Расеі пагаршаюцца паказнікі вонкавага гандлю. У студзені-траўні сёлета ў параўнанні з першымі пяццю месяцамі летась адмоўнае сальда гандлю таварамі вырасла ў пяць разоў і дасягнула мінус $ 1,354 млрд. Беларускі экспарт дэманструе аднаўленчы рост (рост у студзені-траўні на 13,5 % да $ 15,781 млрд). Але імпарт расце яшчэ хутчэй – на 20 % да $ 16,820 млрд.

Па-другое, стымулюючы эканамічны рост, грашова-крэдытная палітыка вядзе да росту аб’ёмаў крэдытавання. Недахоп кадраў прымушае прадпрыемствы падвышаць заробкі. Пры гэтым аб’ёмы вытворчасці для забеспячэння павышанага ўнутранага попыту абмежаваныя. Усё гэта стварае попыт на імпартныя тавары, што ў сваю чаргу можа да канца года аказаць націск і на курс рубля.

«Сальда ў гандлі таварамі і паслугамі пакуль застаецца станоўчым, але імкліва скарачаецца. Па выніках студзеня-траўня бягучага года яно склала $ 164 мільёны, тады як годам раней было больш за мільярд. Гэта значыць, мы бачым, што станоўчае сальда таварамі і паслугамі скарачаецца, і цалкам магчверагоднаыма, што ў ліпені-чэрвені мы ўбачым адмоўныя лічбы, а гэта азначае, што ў будучыні можа ўзнікнуць ціск з боку вонкавага гандлю на ўнутраны валютны рынак».

Пакуль сітуацыя на ўнутраным беларускім рынку спакойная, але ніякіх перадумоваў для сур’ёзнага ўмацавання нацыянальнай валюты ў сёлетняй перспектыве няма, адзначае Анастасія Лузгіна. Пагаршэнне гандлёвага балансу Расеі будзе аслабляць расейскі рубель і той будзе цягнуць уніз беларускі. Вышэйзгаданыя ўнутраныя рызыкі ўзмоцняць гэтую тэндэнцыю. Аднак і прычын для рэзкага падзення пакуль не бачна. «Гэта будзе плыўнае зніжэнне«, – рэзюмуе эксперт.

Каментар
Кошт долара наблізіўся да «псіхалагічнага бар’еру»
2023.06.15 09:00

Алена Голуб  belsat.eu

Стужка навінаў