Самалёт Масква – Менск пасадзілі ў Віцебску. На борце стала блага дзіцяці


У Віцебску незапланаваную пасадку выканаў самалёт «Белавіі», што ляцеў з Масквы ў Менск. Экіпаж змяніў маршрут, калі на борце стала блага дзіцяці. Яго шпіталізавалі, перадае «Sputnik. Беларусь».

Самалёт «Белавіі», што выканаў незапланаваную пасадку ў Віцебску.
Фота: belavia.by

Падчас авіярэйсу Масква – Менск экіпаж паведаміў, што на борце стала блага дзіцяці, які ляцеў разам з адным з бацкоў, нібыта маленькі пасажыр перастаў дыхаць. Самалёту дазволілі пасадку ў Віцебску. Да лайнера аператыўна пад’ехала машына хуткай дапамогі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, што распаўсюдзіў віцебскі аэрапорт, у дзіцяці, якому няма і трох гадоў, былі сутаргі. Цяпер ён у лякарні, пагрозы жыццю няма.

«У гэтай сітуацыі і экіпаж, і медыкі спрацавалі вельмі аператыўна«, – сказалі ў аэрапорце.

Пасля дазапраўкі самалёт выправілі ў Менск. Ён прыбыў са спазненнем на гадзіну.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў