Беларусы ўжо пяць месяцаў запар здаюць валюты болей, чымся купляюць


Нацбанк раскрыў статыстыку куплі-продажы валюты фізічнымі асобамі ў студзені – чэрвені сёлета. За гэты час беларусы здалі 4 млрд 881 млн долараў, а набылі – 4 млрд 558 млн.

Технобанк, банкомат, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Жанчына ідзе побач з абменным пунктам «Тэхнабанку». Менск, Беларусь. 25 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Толькі ў чэрвені чысты продаж валюты грамадзянамі – крыху меней за 40 млн долараў. Фізічныя асобы купілі 825,5 млн долараў, а здалі – 865,2 млн.

Агулам за паўгоддзе беларусы купілі валюты на 4 млрд 558 млн, а прадалі – на 4 млрд 881 млн долараў. Розніца – 323 млн долараў.

Сёлета на ўнутраным валютным рынку попыт перавысіў прапанову толькі ў студзені, а ў астатнія месяцы продаж фізічнымі асобамі замежных грошай стала перавышае пакупку.

Разбор
Дзеля спажывання і нерухомасці. Беларусы чатыры месяцы запар здаюць валюты болей, чымся купляюць
2023.06.09 07:00

Раней старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук тлумачыў «Белсату» гэтую тэндэнцыю тым, што беларусы забіраюць валюту з дэпазітаў і здаюць яе, каб падтрымаць бягучае спажыванне, набыць нерухомасць або інвеставаць у каштоўныя металы.

Таксама эканаміст прагназаваў рост попыту на валюту ў Беларусі, калі патаннее расейскі рубель, а ўслед – і наш. «Калі расейскі рубель пачне прасядаць, то попыт на валюту ў Беларусі можа ўзрасці, бо ў людзей пачнуць падвышацца дэвальвацыйныя чаканні», – казаў Крук месяц таму.

Між тым апошнія два тыдні курс беларускага рубля зніжаўся, і толькі напярэдадні, 7 ліпеня, крыху ўмацаваўся. У канцы чэрвеня долар каштаваў 2,98 рубля, цяпер – 3,076.

Каментар
Курс рубля зніжаўся два тыдні. Што адбываецца на валютным рынку?
2023.07.07 16:57

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў