Статыстыка ведае ўсё. Але кошт праблемаў застаецца таямніцаю

«Статыстыка ведае ўсё» – так пісалі калісьці Ільф і Пятроў у рамане пра вялікага прайдзісвета, сына турэцкага падданага. Тэзіс прыгожы, але ёсць у ім некаторае перабольшанне. Зусім не заўсёды за сухімі лічбамі, кілаграмамі, тонамі і адсоткамі атрымоўваецца разглядзець людскія лёсы, камедыі і трагедыі. Асабліва калі дзяржава прыкладвае свядомыя намаганні, абмяжоўвае інфармацыю, каб лішні раз не хваляваць грамадзянаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Галоўны офіс «Беларусбанку».
Фота: Белсат

Яе, дзяржаву, можна зразумець. Як адгукнецца ў сэрцы звычайнага рабочага інфармацыя пра колькасць смерцяў ад ковіду? Ці дакладныя звесткі пра беларускіх пенсіянераў? А структура золатавалютных рэзерваў ці вонкавага гандлю? Ну навошта, навошта яна абывацелю? Ён жа можа і занепакоіцца, расхвалявацца, пачаць задаваць няёмкія пытанні і, не дай бог, думаць. Хай ужо лепш спіць спакойна пад аксамітныя прамовы Наталлі Качанавай. А яшчэ лепш – улучыць сабе сясцёр Груздзевых, ну так, для вечаровага натхнення.

З такім настроем можна было б і ўсю статыстыку схаваць, але сякія-такія яе хвасты нам пакуль даступныя, і ёсць пытанні. Невялікія такія. Пытаннечкі.

У прыватнасці, вельмі цікавыя звесткі выкаціў той самы Белстат пра наш вонкавы гандаль у першым квартале 2023 года. Чытаеш гэтыя радкі – і наварочваецца яна, скупая мужчынская сляза. Калі ў першыя два месяцы 2023 года мы назіралі скарачэнне экспарту і рост імпарту, а ў цэлым – сціплы рост абароту на 1,4 %, то з улікам сакавіка лічбы зусім іншыя. Скажам проста: вакханалія росту – 14,2 % у плюсе. Праўда, імпарт ізноў расце хутчэй за экспарт, разрыў значны, і пра рэкорднае станоўчае сальда мінулага года можна забыцца. Тут бы ў нуль выйсці, сумарна (з улікам гандлю паслугамі), і тое было б дасягненне. З таварамі ж у нас мінус за тры месяцы амаль на $ 700 млн (удвая большы, чымся ў 2022 годзе).

Але і гэта не самае цікава, грамадзяне! Шмат нагодаў для разважанняў даюць лічбы вонкавагандлёвага абароту таварамі з краінамі «за межамі СНД». Тут у нас з вамі дзіўныя метамарфозы.

Экспарт у гэтыя самыя, далёкія нам краіны ўпаў на 8 %. Што можна патлумачыць: выпала Украіна, Еўразвяз, далучыліся да іх Аўстралія з Японіяй (якія і так былі не вельмі). Але вось імпарт. Ён у нас ірвануў уверх адразу на 55,7 %! З тых самых краінаў «па-за СНД». І хацелася б растлумачыць гэты факт уплывам шокавага сакавіка 2022 года. Маўляў, тады гандаль спыніўся, вось паказнікі і скачуць. Але! Калі мы глядзім на параўнальныя лічбы без уліку сакавіка, там таксама рост (не падзенне!) імпарту з «далёкіх» краінаў на 41,4 %!

Сумарна за квартал утварылася дзірка – мінус $ 1,7 млрд. А калі згадаць, што ў першым квартале 2022-га сальда было станоўчае, амаль $0,4 млрд, то праблемка вылезла памерам наагул $ 2,1 млрд.

Што б гэта магло быць? Давайце задумаемся. З гэтых самых «краінаў па-за СНД» нам не пастаўляюць сыравінныя тавары, змены рынкавых коштаў на якія маглі б выклікаць такія рэзкія ваганні. Дзякуй богу, і нафта, і газ, і металы, і шмат што іншае ідзе ў нашую краіну з Расеі, з якой у нас «мір – дружба – жвачка».

І даходы насельніцтва ў нас неяк не вельмі растуць. Гэта значыць, закладаць рэзкі рост попыту на нейкія імпартныя спажывецкія тавары не даводзіцца. Ну і калі паглядзець на лічбы выпуску прадукцыі прамысловым сектарам, яны ж таксама не неяк не вельмі. Гэта значыць, і попыт на прамежкавыя тавары не можа так паўплываць на статыстычны вынік.

Дык у чым жа сакрэт? Дзе тут сярмяжная праўда? Вядома, поўная статыстыка дала б нам глебу для больш глыбокіх і абгрунтаваных высноваў, але і без яе можна смела выказаць здагадку, што менавіта так выглядае кошт «санкцыяў, якія не працуюць».

Так, бізнес круціцца, як можа (у тым ліку і дзяржаўны), і перайначвае плыні, наладжвае пастаўкі з дружалюбных нам Ірану і Зімбабвэ замест Украіны і Польшчы, шукае шляхі аплаты праз Новую Зеландыю і Антарктыду, і… працуе, працуе, працуе. Развязвае створаныя не ім праблемы, спраўляецца з выклікамі.

Але ў гэтага рашэння ёсць цана. І выглядае яна менавіта так – $ 2,1 млрд за тры месяцы. Або па $ 76 з носа за месяц за перабудову таварных плыняў.

Так, разлік недакладны, і кампетэнтны назіральнік пакажа на памылку, запатрабуе ўлічваць змяненне сальда і з краінамі «ўнутры СНД», і тады памер будзе не такі катастрафічны, замест $ 76 мы выявім іншую лічбу, але і яна будзе значная, заўважная для бюджэту шараговай беларускай сям’і.

А калі б мы маглі яшчэ і пакапацца ў структуры гэтага экспарту, то маглі б зрабіць цалкам дакладныя высновы, за што менавіта беларускі спажывец пераплаціў такія грошы.

Але ўласна ад гэтага і беражэ беларускі народ родную яму дзяржаву. Ну сапраўды: навошта гэтыя хваляванні? Што там у гэтых, у сясцёр Груздзевых, новенькага?

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў