Літоўскія памежнікі збілі дрон, які ляцеў з Беларусі


На літоўска-беларускай мяжы ўначы 7 сакавіка перахапілі дрон, які прыляцеў з Беларусі. Да беспілотніка быў прымацаваны груз з 280 пачак цыгарэтаў, паведамляе літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы.

Уначы 7 сакавіка на літоўска-беларускай мяжы збілі дрон з цыгарэтамі.
Фота: Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы

Дрон заўважылі памежнікі ў Шальчынінкайскім раёне. Яго збілі з дапамогаю супрацьдроннага абсталявання. Разам з цыгарэтамі маркі «NZ Gold» да беспілотніка быў прымацаваны GPS-перадатчык. Хто кіраваў дронам, пакуль невядома.

6 сакавіка літоўскія памежнікі знайшлі ў Друскенінкайскім раёне, за 500 метраў ад дзяржаўнай мяжы, метэабалон, які выбухнуў і ўпаў, побач з ім быў скрутак з 500 пачкамі кантрабандных цыгарэтаў «Минск Капитал QS».

Скрутак з цыгарэтамі, прымацаваны да збітага дрона.
Фота:
Цыгарэты, якія перавозіў збіты дрон.
Фота:

26 студзеня друскенінкайскія памежнікі расказалі, як за дзень тройчы вылоўлівалі з Нёмну замаскаваныя пад крыгі плыты з беларускімі цыгарэтамі і GPS-трэкерамі.

Паводле памежнікаў, «улоў» за адзін толькі дзень склаў 3080 пачак на суму каля 13 тысяч еўраў.

Такія «плыты-крыгі» высокатэхналагічныя: цыгарэты не проста загорнутыя ў поліэтылен ды прысыпаныя снегам і лёдам. Канструкцыя мае таксама прымацаваны GPS-трэкер і бетонны блок для рэгулявання плывучасці.

Hавiны
Літоўскія памежнікі расказалі пра наплыў «крыгаў», начыненых беларускімі цыгарэтамі
2024.01.27 10:31

Напрыканцы лютага работнікі польскай мытні перадухілілі спробу кантрабанды пачкаў цыгарэтаў на суму амаль 4 мільёны злотых (мільён долараў у эквіваленце). Іх схавалі ў таварным цягніку з Беларусі. Цыгарэты знайшлі падчас рэнтгену.

На памежным пераходзе ў Семяноўцы Падляскага ваяводства ў канцы лістапада 2023 года мытнікі перадухілілі незаконную пераправу 4,2 тысячы пачак цыгарэтаў, схаваныя ў вагонах-цыстэрнах.

Вельмі падобную аперацыю кантрабанды цыгарэтаў сарвалі падляскія мытнікі ў Семяноўцы ў верасні. Тады былі затрыманыя больш за 3,5 тысячы пачак цыгарэтаў. У ліпені там сарвалі кантрабанду 23 тысячаў пачак цыгарэтаў у кантэйнерах з дошкамі.

Разбор
Шэрыя схемы тытунёвага бізнесу: як прыструніць беларускую цыгарэтную мафію
2024.02.29 13:54

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў