У якіх краінах будзе дзейнічаць новы беларускі пашпарт і на якім ён этапе распрацоўкі?


Праект новага беларускага пашпарту, які цяпер знаходзіцца ў распрацоўцы ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, павінен дапамагчы беларусам, якія знаходзяцца за мяжой і могуць застацца без дакументу. Напрыклад, калі тэрмін пашпарта сканчаецца ці чалавек яго згубіў, а аднавіць – немагчыма. Прадстаўнік Пераходнага кабінету па міжнародных пытання Валерый Кавалеўскі распавёў «Белсату», на якім этапе знаходзіцца праект беларускага пашпарту і ў якіх краінах ён будзе дзейнічаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пашпарты вольнай Беларусі. 12 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

У Пераходным кабінеце мяркуюць, што новы беларускі пашпарт будзе сапраўдным дакументам, які будзе пацвярджаць грамадзянства беларусаў, якія апынуліся за мяжой. Таксама ён зможа быць скарыстаны для міжнародных паездак, спачатку ў межах Еўрапейскага звязу. Па словах Валерыя Кавалеўскага, пасля таго, як новы пашпарт пачне працаваць, плануецца пашыраць геаграфію выкарыстанне дакументу праз іншыя краіны, якія будуць згодныя на двухбаковыя дамоўленасці.

Валер Кавалеўскі патлумачыў, што ў аснове праекту ляжыць дамоўленасць з Еўрапейскай камісіяй і разуменне, што калі будзе гатовы макет пашпарту і атрымана тэхнічная дапамога адной з еўрапейскіх краін, то такі дакумент могуць прызнаць краіны, якія ўваходзяць у Еўрапейскі звяз.

«Мы ўжо распрацавалі макет, ён цалкам адпавядае стандартам для міжнародных паездак, якія рэгулюе Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі. Еўрапейская камісія пацвердзіла адпаведнасць стандартам. Цяпер мы працуем над тым, каб атрымаць тэхнічную дапамогу», – распавёў прадстаўнік Пераходнага кабінету.

Макет пашпарта, як заверыў Кавалеўскі, будзе адпавядаць еўрапейскім і беларускім нацыянальным традыцыям, будзе насычаны беларускімі сімваламі, беларускай гісторыяй і архітэктурай.

«Гэты дакумент прыдасца нам не толькі зараз, але і калі мы ўсе вернемся ў новую Беларусь, дзе гэты дакумент стане звычайным пашпартам для кожнага беларуса», – кажа Кавалеўскі.

Пасля прызнання плануецца надрукаваць партыю спецыяльных узораў новых пашпартоў, якія разашлюць па ўсіх краінах свету, каб яны ведалі, што такі дакумент ёсць у абароце.

Таксама Кавалёўскі дадаў, што цяпер многія беларусы катэгарычна не хочуць губляць і выходзіць з беларускага грамадзянства. Бо жадаюць, каб у іх на руках было пацверджанне таго, што яны прыналежаць да дзяржавы Рэспубліка Беларусь. Па ягоную думку, усяго з Беларусі пасля падзей 2020 года выехала каля паўмільёна чалавек.

Hавiны
Пераходны кабінет рыхтуе пашпарт новай Беларусі з гербам Пагоня. Ці хутка зʼявіцца?
2023.03.01 22:12

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў