«Кіберпартызаны» здабылі звесткі буйнога расейскага вытворцы дронаў


Супольнасць беларускіх хактывістаў «Кіберпартызаны» расказала, што здабыла звесткі расейскага ТАА «Специальный технологический центр» – вытворцы дронаў «Арлан-10», якія ўжываюцца ў тым ліку ў вайне ва Украіне.

«Арлан-10»
Расейскія вайскоўцы трэнуюцца з беспілотнікам «Арлан-10». Ягор’еўск, Расея. 28 лістапада 2013 года.
Фота: Mil.ru

Паводле «Кіберпартызанаў», звесткі кампаніі яны здабылі раней і ўжо перадалі ўкраінскаму боку, але расказаць пра гэта змаглі толькі цяпер.

Хактывісты кажуць, што спампавалі звесткі супрацоўнікаў, лакацыі пляцовак трэнаванняў і адпаведных вайсковых частак, некаторыя тэхнічныя звесткі і дакументацыю, частку ўнутраных перапісак. У якасці доказаў «Кіберпартызаны» паказалі скрыншоты дакументацыі, асабовыя звесткі кіраўніцтва кампаніі, фрагменты афіцыйнай карэспандэнцыі.

«Специальный технологический центр» – адносна малавядомая кампанія, але пры гэтым даволі буйная і важная для Крамлю.

Сама кампанія заяўляе, што працуе на расейскім і міжнародным рынках каля 20 гадоў і мае 3500 супрацоўнікаў (на момант публікацыі яна мела 209 актыўных вакансіяў), мае 112 патэнтаў і 163 вынаходніцтвы, распрацоўвае сістэмы інфармацыйнай бяспекі, сістэмы аналізу і збору вялікіх аб’ёмаў звестак з ужываннем машыннага навучання і штучнага інтэлекту, сістэмы спадарожнікавай сувязі, комплексы радыёманіторынгу, розную вайсковую тэхніку наземнага, паветранага і марскога базавання.

«Арлан-10»
Беспілотнік «Арлан-10». Кіеў, Украіна. Кастрычнік 2022 года.
Фота: Поліція Київщини / Mil.in.ua

Найбольш вядомы прадукт кампаніі – беспілотнікі сямейства «Арлан», у прыватнасці «Арлан-10». Апарат, падобны па форме да маленькага самалёта, каштуе каля 100 тысяч долараў, можа лятаць на далёкасць да 600 км і быць у небе да 16 гадзінаў, несці каштоўную нагрузку да 5 кг. У час вайны ва Украіне ён выкарыстоўваўся і для выведкі, і як выведна-ўдарны дрон.

Звычайна «Арлан-10» выкарыстоўваюць для наводкі артылерыі на цэлі.  Расейскія «ваенкоры» заяўлялі, што дрон выкарыстоўвалі ў тым ліку для навядзення ўдару на гандлёвы цэнтр «Retroville» у Кіеве, у выніку якога былі забітыя восем мірных жыхароў. Адзін такі дрон перахапілі ў небе Беларусі і спрабавалі выдаць за ўкраінскі.

На Захадзе называюць самым паспяховым расейскім дронам і лічаць вельмі важным для расейскай агрэсіі ва Украіне. Пры тым у дроне ўжываецца заходняя падсанкцыйная электроніка.

Hавiны
На моры і ў паветры. Як выкарыстоўваюцца беспілотнікі ў вайне Расеі і Украіны
2023.08.04 20:38

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў