Рэдактарка сайту «Белсату» атрымала адказ на зварот у камісію для вяртання ў Беларусь


Генеральная пракуратура РБ дала публічны адказ на зварот рэдактаркі сайту «Белсату» Вольгі Ярохінай: «Зварот дапоўняць, камісія разгледзіць па сутнасці пытання і дасць адказ». Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал пракуратуры.

Анжэліка Курчак, прадстаўніца Генпракуратуры. Скрыншот з відэа: Telegram / prokuraturabelarus

Прадстаўніца Генеральнай пракуратуры Анжэліка Курчак паведаміла 8 лютага, што пачалі прыходзіць першыя лісты ў камісію для вяртання ў Беларусь. Паводле пракуратуры, звароты сталі прыходзіць «практычна з моманту адкрыцця такой магчымасці»

«Першай напісала 35-гадовая мянчанка, якая зʼехала за мяжу ў кастрычніку 2020 года. Яна не паведаміла аб здзейсненых ёю правапарушэннях ці злачынствах, а толькі выказала асцярогі з-за яе магчымага дачынення да супрацьпраўных дзеянняў. Пры гэтым яна не паведаміла неабходныя ў такіх выпадках звесткі. Пасля дапаўнення звароту згодна з пунктам 3 указа прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 лютага 2023 года, ён будзе разгледжаны камісіяй па сутнасці і заяўніца атрымае адказ», – расказала Курчак.

Як паведаміла рэдактарка сайту «Белсату» Вольга Ярохіна, гэта яна напісала ліст у камісію. «Падрыхтавала гэты ліст, як толькі стала вядома пра намер стварыць камісію. З-за журналісцкай цікавасці, што ж яны адкажуць. І адправіла, як толькі гэта стала магчымым. Я так зразумела, што збяруць нейкія факты пра мяне і тады накіруюць зварот у камісію. Бачу, што ліст мабыць не толькі першы, але і адзіны, бо столькі ўвагі!»

Зварот у камісію па вяртанні. Скрыншот: «Белсат»

Раней паведамлялася, што 6 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб разглядзе зваротаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь у пытаннях учынення імі правапарушэнняў». У дакуменце гаворыцца, што беларусы, якія жадаюць вярнуцца ў краіну праз камісію для вяртання, павінны раскаяцца, прынесці публічныя прабачэнні і пакрыць прычыненую шкоду.

7 лютага стала вядома, што ў склад «камісіі па вяртанні» на чале з генпракурорам Андрэем Шведам увойдуць Рыгор Азаронак, Іван Эйсмант, Дзмітрый Баскаў і іншыя, вядомыя публічным выказваннем прыхільнасці да рэжыму Лукашэнкі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў